Журналістку “Народнай волі” Марыну Коктыш ужо амаль суткі трымаюць на беларуска-літоўскай мяжы. Марына гнала машыну з Літвы. Беларускія памежнікі паведамілі, што гэтая машына заяўлена ў міжнародны вышук.
Журналістка паведаміла Свабодзе, што літоўскі бок абвяргае гэтую інфармацыю.
У дадзены момант Марына Коктыш чакае дакумэнты зь Вільні, каб пацьвердзіць законнасьць набыцьця аўто і адсутнасьці ў яе дзеяньнях парушэньняў.
На знак пратэсту супраць дзеяньняў мытнікаў журналістка абвесьціла галадоўку.
Марыну Коктыш затрымалі 12 сакавіка ў 14.30 на памежным пераходзе "Каменны лог".
Журналістка зьвязвае затрыманьне са сваёй прафесійнай дзейнасьцю. 17 лютага міліцыянты зь Ленінскага райаддзелу міліцыі зрабілі вобшук на працоўным месцы Марыны Коктыш, намесьніка рэдактара «Народнай волі». У яе забралі сыстэмны блёк кампутара. Міліцыянты дзейнічалі паводле санкцыі, падпісанай гомельскім пракурорам Валянцінай Шаевай, у межах усё той жа справы паводле пазову чэкіста Івана Каржа. Марына Коктыш не выключае, што сьледчыя мелі і іншую мэту, акрамя дэкляраванай.