Маргарыта Аляшкевіч — пра кнігі не для чытаньня

Маргарыта Аляшкевіч

Кніга — яна і ў Афрыцы кніга, каб яе чыталі. Ат не, хапае такіх, якія купляюць зусім не з-за тэксту, ці не зусім з-за тэксту і нават не з-за прыгожай вокладкі, сьцьвярджае наша сёньняшняя экспэртка літаратурны крытык Маргарыта Аляшкевіч.




Кніга-аздоба


«Найвышэйшая песьня Салямонава». Менск, «Мастацкая літаратура», 2008.

Бібліяфілы, як іншыя аматары пазьбіраць штосьці, зазвычай бываюць з завіхрэньнямі мозгу. Самыя мазахістычныя зьбіраюць шыкоўна аформленыя выданьні. Мала таго, што дарагія, дык яшчэ на паліцы ня лезуць, даводзіцца ім ладзіць асобнае сховішча. Але ж ці вытлумачыш абсурднасьць чарговага набытку чалавеку, які ў экстазе абхапіў і цягне дахаты сваю цагліну. З тых кніг выбіваецца «Найвышэйшая песьня Салямонава» — прыўкрасны аповед пра каханьне, самая эратычная кніга Бібліі. Ды гэта ня той тэкст і ня тая гісторыя, якія праглынаюць, схаваўшыся ад бацькоў пад коўдрай. Яе больш прыемна проста гартаць. Спачатку, не зважаючы на чорныя карузьлікі-літаркі, паўздыхаць над прыгажосьцю выяваў Арлена Кашкурэвіча, затым параўнаць сьпеўны пераклад Васіля Сёмухі з грувасткімі расейскімі канструкцыямі (і чаму гэта, па якім праве старэйшага брата расейскаму тэксту аддадзены выгоднейшыя правыя, няцотныя, бачыны?), а там пацешыць эрудыцыю, пацікаваўшы на ангельскі варыянт Песьні. Каб яе людзі проста хацелі прачытаць, дык чыталі б сабе і перадавалі сябрам, а тое й увогуле бібліятэкамі карысталіся. Гэта каб яна была звычайнай кнігай, для чытаньня. А кнігу-аздобу кожны хоча сабе, у прыватную ўласнасьць, аб чым і сьведчыць леташняе перавыданьне кнігі 1994 года.

Кніга-помнік


Крыштаф Монвід Дарагастайскі, «Гіпіка, альбо Кніга пра коней». Менск, «Юніпак», 2007.

Вялікі маршалак літоўскі Крыштаф Монвід Дарагастайскі быў, апрача ўсяго, вялікі аматар коней. І хаця ад першага выданьня «Гіпікі» да цяперашняга, беларускамоўнага, прайшло больш за 400 гадоў, кніга ўсё яшчэ чытаецца з цікаўнасьцю. Калі вас, канечне, турбуе, як распазнаць конскі ўзрост, што рабіць пры з’ядзеньні кабылай у сене або ў траве павука ці чагосьці атрутнага, у чым павіннасьць кавалькатораў і машталераў ці «як падпускаць стаеньніка і да колькіх кабыл, і якога з якой кабылай злучаць» (назва аднаго з разьдзелаў). Калі вы больш любіце перасоўвацца на аўто, а не галопам, і разглядаеце коней як клясавага ворага, які з пераду кусаецца, а ззаду лягаецца, дык усё адно набудзьце «Гіпіку», калі выпадзе з ёю сустрэцца. Крэйдаваная папера, вялікі фармат, рэпрынты арыгінальных, 1603 году выяваў знакамітага мастака-гравёра Тамаша Макоўскага даюць права назваць і гэтае выданьне аздобай для кніжнай палічкі. Але больш каштоўнай тут падаецца інфармацыя пра побыт шляхты, мэдыцыну, вераваньні пачатку XVII стагодзьдзя. Прыведзеная тут калекцыя цугляў па сваёй выкшталцонасьці, прадуманасьці да дробязяў, тонкай дыфэрэнцыяцыі пераплёўвае любыя прылады з гаража нашага веку. Калі ў той час у Мураванай Ашмянцы (сучасны Ашмянскі раён) складаліся такія кнігі, дык і сёньня не сорамна жыць на гэтай зямлі.

А каму мала, пацікуйце на гістарычныя дакумэнты, зьмешчаныя пры канцы кнігі — прыкладам, павучыцеся, як і няверную жонку ад новай здрады ўтрымаць, і ў камандзіроўку зматацца, і шляхетным застацца.

Нацыянальны маст-хэв


Алег Лойка, «Чалавек-сонца Францыск Скарына». Менск, «Маркетынг», 1994.

У гэтай карапульцы (памерам з далонь) чытаць бадай што няма чаго. Прадмова Алега Лойкі, выдрукаваная на беларускай, расейскай і ангельскай мовах, сьціпла месьціцца на пяці мініятурных старонках, каб не адцягваць увагу ад знаёмства з сыгнэтам Францыска Скарыны, загалоўнымі буквіцамі ягонага шрыфту, ягонымі гравюрамі, віньеткамі ды застаўкамі. Разгляданьне гравюр не прыносіць той велізарнай асалоды, якую магло б — да кнігі варта прадаваць мікраскоп ці, прынамсі, добрую лупу. Няўзброеным вокам — як «Аватар» на экране мабілкі глядзець — зразумела пра што, а кайфу ніякага. І ўсё ж гэта кніга — наш ці ня самы вялікі гонар. І будуць купляць, здымаць папяровы (шкада не скураны-пэргамэнтавы) супэр і песьціць разам з думкай аб тым, як наш, наш апярэдзіў Лютэра на паўвека. Будуць купляць і дарыць эўрапейскім сябрам, бо нават разумнейшы Эка прашчоўкаў, хто быў першым у перакладах і выдруку Бібліі на нацыянальнай мове. А для тых, хто слабы зрокам, а на мікраскоп грошай не прыпас, маюцца павялічаныя фрагмэнты гравюр. І ў Вільню ня трэба езьдзіць.

Кніга-гульня


Сяржук Мінскевіч, «Прыгоды Какоса Маракоса». Менск, выдавец І.Логвінаў, 2006.

Ёсьць кнігі, якія пазыцыянуюць сябе як гульні. Гэта зазвычай дзіцячыя выданьні — тэкст там падпарадкаваны абвешчанай забаўцы. Такі лёс у тэксту «Прыгодаў Какоса Маракоса» Сержа Мінскевіча: тэкст мусіць саступіць расфарбоўцы або ролевай гульні на тле акіянскай экзотыкі. Цудоўная, між іншым, кніжка. Тата-тата, чаму ў мяне няма такой цацкі?

Інтэлектуальны маст-хэв


Дазволю сабе крыху пасваволіць і замест рэальнай кніжкі апісаць вам гіпатэтычную. Тую, якой пакуль няма, а надта хочацца (прыціснуць да грудзей і даставіць у калекцыю з расейскім ды ангельскім выданьнямі). «Уліс» па-беларуску. Так, былі пераклады асобных фрагмэнтаў, зробленыя Янам Максімюком, а вось займець на нашым багатым матэрыяле «Быкоў сонца» і ўсё разам пакуль не давялося. Выгнаньнік у краіне выгнаньнікаў, калянізаваная моцным суседам радзімая старонка, агрэсіўныя купкі аматараў выміраючай нацыянальнай культуры ... Гэх, аптымістычны, як для нашага кантэксту, твор прападае дарэмна! Для поўнага шчасьця пасьляслоўе і камэнтары патрабуюцца ад Альгерда Бахарэвіча, які прызнаваўся ў шматразовым перачытваньні твораў Джойса і нядаўна выявіўся як удумлівы камэнтатар.
А пакуль чакаем на пераклады і выданьне, абзавядзёмся, хіба, Канстытуцыяй. Карысная, я вам скажу, кніжыца.