Максім Багдановіч. Вершы.
Агульны час гучаньня 30:15. Чытае Віктар Манаеў. «BeltonMedia»Аўдыёкнігу з выбранамі вершамі клясыка беларускае літаратуры склалі 25 твораў. Тут і «Зорка Венера ўзышла над зямлёю…», і «Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы», і «Пагоня»… Плюс гэтай кнігі ў тым, што любы з нас можа параўнаць сваё чытаньне, сваё ўспрыманьне паэзіі Максіма Багдановіча з успрыманьнем заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Віктара Манаева, які агучвае кнігу. Дзесь інтанацыі і сэнсавыя націскі супадаюць, дзесь — не. У гэтым і цымус.
Уладзімер Караткевіч. Быў. Ёсьць. Буду.
Агульны час гучаньня 4:24:05. Чытае Андрэй Каляда. «BeltonMedia»Акрамя вершаў з апошняга, разьвітальнага зборніка «Быў. Ёсьць. Буду» у аўдыёкнігу ўвайшлі выбраныя вершы Уладзімера Караткевіча розных гадоў. Голас, вымаўленьне, інтанацыі майстра сцэнічнай мовы, вядомага беларускага тэатральнага пэдагога Андрэя Каляды закалыхваюць, узбуджаюць, захопліваюць у палон сапраўднае паэзіі. Пачынае падавацца, што вершы агучвае сам Уладзімер Караткевіч — такое моцнае, настраёвае выкананьне ў Андрэя Каляды.
Вялікае шчасьце для аўтара знайсьці чалавека, здольнага увасобіць, ажывіць пачуцьці, што б’юцца ў кожным паэтычным радку. Вершы Уладзімера Караткевіча, начытаныя Андрэем Калядой — сапраўдны твор мастацтва. Дзеля аднаго толькі выкананьня варта праслухаць аўдыёкнігу. Ня кажучы ўжо пра самі творы клясыка…
Ніл Гілевіч. Выбранае.
Агульны час гучаньня 1:37:40. Чытае аўтар. «BeltonMedia»У гуказапісвальнай кампаніі БелТонМедыя, што займаецца запісам аўдыёкніг на беларускай мове, ёсьць унікальная сэрыя «Голас паэта». Чаму ўнікальная? Яе складаюць аўдыёкнігі з творамі ў аўтарскім выкананьні. Захаваць голас пісьменьніка, ягоную манеру чытаньня ўласных тэкстаў, ягоную непаўторную аўру для нашчадкаў — адна з асноўных задач кампаніі. Пакуль у сэрыі «Голас паэта» толькі 2 дыскі — з вершамі Ніла Гілевіча і Уладзімера Някляева. Але працяг абавязкова будзе, як абяцае заснавальнік кампаніі Алесь Калоша.
Аўдыёкнігу «Выбранае» склалі 93 вершы Ніла Гілевіча. Назва кнігі кажа сама за сябе — вы пачуеце найлепшыя, самыя вядомыя творы Народнага пісьменьніка Беларусі. Перарывістае чытаньне Нілам Сымонавічам сваіх тэкстаў стварае своеасаблівы настрой, настройвае на шчырую гутарку чытача з паэтам.
Уладзімір Арлоў. Сны імпэратара.
Гістарычная аповесьць. Апавяданьні.Чытае Андрэй Каляда. Агульны час гучаньня 09:20:00. «BeltonMedia»
Ва Ўладзіміра Арлова цэлая бібліятэчка сваіх аўдыёкнігаў. У яго іх сем: «Час чумы», «Таямніцы полацкай гісторыі», «Адкуль наш род», «Ордэн Белай Мышы», «Сны імпэратара», «Паром празь Ля-Манш», «Паўстанцы». Увагі вартыя, безумоўна, усе кнігі. Але хочацца спыніцца на аўдыёкнізе «Сны імпэратара», якая, акрамя аднайменнай аповесьці, складаецца з вядомых апавяданьняў «Місія папскага нунцыя», «Міласьць князя Гераніма», «Каханак яе вялікасьці», «Пяць мужчынаў у лесьнічоўцы», «Рандэву на манэўрах», «Далёка да вясны». Вы сустрэнецеся з мноствам гістарычных дзеячоў: Напалеонам Банапартам і паўстанцамі 1863 году, Кацярынай ІІ і царазабойцам Ігнатам Грынявіцкім, філёзафам Казімірам Лышчынскім і князем Геранімам Радзівілам. Бездакорнае, нясьпешнае, выразнае чытаньне ўжо згаданага вышэй майстра слова Андрэя Каляды дадае аўдыёкнізе завершанасьці. Мы быццам самі трапляем у вір падзей, знаёмімся з гістарычнымі асобамі, ствараем сюжэт разам з Уладзімірам Арловым.
Беларускія народныя казкі.
Агульны час гучантня 67:06. Чытае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Манаеў. «BeltonMedia»Гэта першая аўдыёкніга па-беларуску! Кот ля мікрафона на яе вокладцы стаў негалосным сымбалам беларускай аўдыёлітаратуры. Пісаць для дзяцей — цяжкая праца. Чытаць для дзяцей — задача таксама ня простая. Заслужаны артыст Беларусі Віктар Манаеў пасьпяхова справіўся з нялёгкай задачай: акторскі талент, безумоўна, паспрыяў з’яўленьню выразнай, яркай, сакавітай аўдыёкнігі. Музыка і розныя гукі, што суправаджаюць чытаньне, завяршаюць карціну, робяць яе поўнай, жывой. Аўдыёкніга «Беларускія народныя казкі», што ўтрымлівае 11 казак, бясспрэчна, стане добрым падарункам вашым дзецям. Яна ня толькі падораць ім прыгожую беларускую мову, але і паспрыяе разьвіцьцю ўяўленьня і фантазіі.