“Ва ўчастковыя камісіі ніхто асабліва ня рвецца”

Заўтра ў Беларусі павінны быць утвораны ўсе 6 тысяч 387 участковых камісіяў. У склад кожнай зь іх можа ўваходзіць ад 5 да 19 чалавек, а агулам мяркуецца ўключыць 70 тысяч чалавек. Вылучаць сваіх прадстаўнікоў маюць права палітычныя партыі і іншыя грамадзкія аб’яднаньні, а таксама працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам падачы заяваў.
Пра тое, як адбываецца гэты працэс, даведваліся сёньня рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Ніводнага прадстаўніка апазыцыі не было сёньня на паседжаньні, дзе зацьвярджаліся сьпісы ўчастковых камісіяў

Зь пісьмовым зваротам пра тое, каб на паседжаньні адміністрацыі Кастрычніцкага й Ленінскага раёнаў Магілёва прысутнічаў прадстаўнік абласной арганізацыі руху БНФ «Адраджэньне», зьвярталася рада гэтай арганізацыі. Дату паседжаньня ў пятніцу чыноўнікі не назвалі, так сьцьвярджае кіраўнік арганізацыі Зьміцер Салаўёў:

«Сёньня ранкам мы тэлефанавалі, а нам сказалі, што ўжо правялі. Зьвязваю гэта з тым, што ў іх сур’ёзных прычынаў для адмоваў не было, таму яны правялі паседжаньне як мага цішэй. Магчыма, мы будзем адклікаць сваіх кандыдатаў і байкатаваць выбары ў выпадку неўключэньня нашых прадстаўнікоў у камісіі. Гэта, аднак, будзе залежаць ад агульнанацыянальнай сытуацыі, і гэта будзе вырашаць сойм».

Мяркую, што рашэньне было вызначана загадзя.
У адміністрацыях раёнаў абласнога цэнтру пацьвердзілі, што паседжаньні адбыліся менавіта сёньня. На пытаньне, чаму на іх не запрасілі прадстаўнікоў апазыцыі, супрацоўніца адміністрацыі Кастрычніцкага раёну адказала, што такое права дае выбарчы кодэкс.

Магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын лічыць, што паседжаньні калі і адбываліся, то былі чыста фармальнымі. Для грамадзтва мэханізм фармаваньня ўчастковых камісіяў застаўся, як і раней, невядомым:

«Я мяркую, што было падрыхтаванае рашэньне. Яго аформілі на паперы і яно было зацьверджана»

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Кожны вылучэнец у кандыдаты на дэпутата хоча мець падтрымку ва ўчастковай камісіі

На Гарадзеншчыне практычна на ўсіх участках, дзе зьбіраюцца вылучацца ў кандыдаты на дэпутатаў прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, пададзены заявы на ўключэньне сябраў апазыцыйных партый ва ўчастковыя камісіі.

На сёньняшні дзень сытуацыя ў Гарадзенскай вобласьці выглядае наступным чынам: у Сьвіслачы партыя БСДГ вылучыла ва ўчастковыя камісіі 7 сваіх прадстаўнікоў, у Слоніме ад партыі БНФ — 25 чалавек. У Лідзе ад арганізацыі БНФ вылучылі трох сябраў і аднаго — у Бярозаўцы.

У Мастах ад руху «За свабоду» — 9, у Бярозаўцы — 6. Ад хрысьціянскіх дэмакратаў у Мастах — 4 сябры і 2 — у Мастоўскім раёне. Актывісты АГП у Астравецкім раёне вылучылі дваіх сваіх прадстаўнікоў.

У Бераставіцы няма сьмелых патрапіць ва ўчастковыя камісіі

У Смаргоні вылучаны толькі адзін прадстаўнік ад Народнай Грамады. А вось, да прыкладу, у Бераставіцы прадстаўнік БСДГ Алег Рамашкевіч так і ня здолеў знайсьці тых, хто хацеў бы патрапіць у выбарчыя камісіі.

Спадар Рамашкевіч кажа, што падобная сытуацыя там ужо ня першы год.

Рамашкевіч: «Паціскаюць плячыма людзі і кажуць, што ня могуць, і ўсё. Баяцца людзі ў асноўным з-за таго, каб ня страціць працы. З тых, хто не баіцца, то я толькі ініцыятыўную групу стварыў».

Пра тактыку дзеяньняў Партыі БНФ пры фармаваньні ўчастковых камісіяў паведаміў кіраўнік абласной арганізацыі Сяргей Мальчык:

«Мы ад гарадзкой арганізацыі партыі БНФ шаснаццаць чалавек вылучылі ва ўчастковыя камісіі Горадні. У вобласьці ў нас ад партыі не вылучаюцца, толькі шляхам збору подпісаў, бо ў нас няма там зарэгістраваных арганізацый. Для таго каб вылучаць там, трэба, каб былі адпаведныя ці раённыя арганізацыі і абласная, але ў нас абласную так і не ўдалося зарэгістраваць».

Што датычыць руху «За свабоду», паведамляе яго рэгіянальны каардынатар Алесь Зарэмбюк:

«Мы ў Мастах вылучылі дзевяць сябраў руху „За свабоду“ і ў Бярозаўцы шэсьць прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. Агулам у нас атрымліваецца, што па вобласьці пятнаццаць чалавек ад нашага руху вылучаны».

ВІЦЕБШЧЫНА


Найбольш актыўныя — у Верхнядзьвінску

Аршанская кааліцыя АДС вылучыла каля 20 прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі, кажа старшыня суполкі Партыі БНФ Алесь Шутаў, адзін з каардынатараў працы па выбарах:

«Значыцца, вылучана 10 чалавек ад партыі «Справядлівы сьвет», тры чалавекі, якія зьяўляюцца сябрамі Партыі БНФ, тры хрысьціянскія дэмакраты і па два чалавекі ад АГП і БСДП «Народная Грамада».

Пра спадзяваньні партыі левых «Справядлівы сьвет» паведаміў старшыня абласной арганізацыі Мікалай Селівашка:

«Па вобласьці — 24 чалавекі. Гэта няшмат, маглі б і болей. У Воршы тры чалавекі і тры ў Аршанскім раёне, здаецца, прайшлі. Такая была папярэдняя інфармацыя яшчэ да сьвятаў. Але дакладна ня ведаю, паглядзім».

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі БСДП «Народная грамада» Фёдар Муханаў кажа, што найбольш вылучаліся ва ўчастковыя камісіі актывісты зь Верхнядзьвінску:

«Вылучана каля 20 чалавек. Гэта ў Верхнядзьвінску, дзе справы больш актыўна ідуць, а таксама ў аршанскім рэгіёне і ў Віцебску».

Віцебская каардынатарка аргкамітэту стваранай партыі БХД Тацяна Севярынец таксама робіць пэсымістычныя прагнозы:

«У Віцебску вылучыліся чацьвёра, трое — у Барані ды Воршы, адзін у Паставах, усяго чалавек 11. Мала, вядома, але ніхто асабліва ня рваўся. І спадзеваў вялікіх няма — ніхто нікога нікуды ня ўключыць. Хутчэй гэта быў такі фармальны крок».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Дэмакратычныя сілы супольна вылучылі больш як 250 сваіх прадстаўнікоў

Дэмакратычныя сілы Гомельшчыны супольна вылучылі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі дзьве з паловай сотні сваіх прадстаўнікоў.

Гаворыць сябра рэгіянальнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

«Ва ўчастковыя камісіі ад партыі АГП вылучана больш як дзевяноста прэтэндэнтаў: 24 — у вобласьці і 65 — у горадзе. Такім чынам, 89. І каля дзесяці — у Буда-Кашалёве, дзе ёсьць наша зарэгістраваная структура. Гэта ўжо каля ста прэтэндэнтаў. Яшчэ 7 прадстаўнікоў вылучае БНФ».

Каля 100 сваіх прадстаўнікоў вылучыла ва ўчастковыя камісіі і рэгіянальная арганізацыя партыі левых «Справядлівы сьвет».

Рух «За свабоду», які ідзе на выбары асобнай калёнай, вылучыў ва ўчастковыя камісіі пэўных акругаў 54 сваіх прадстаўнікоў.

Фармаваньне ўчастковых камісій — гэта своеасаблівая лякмусавая паперка для ўладаў. Прынамсі, так вырашылі кіраўнікі дэмакратычных структураў рэгіёну, якія ўваходзяць у кааліцыю Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Гаворыць лідэр мясцовай арганізацыі партыі левых Уладзімер Сякерка:

«Выбары ў мясцовыя саветы для ўлады — гэта рэпэтыцыя будучай прэзыдэнцкай кампаніі. Тут, не заявіўшы пра сябе й рэзка ня бразнуўшы дзьвярыма, мы дамо мажлівасьць усё гэта паўтарыць і на прэзыдэнцкіх выбарах. Калі мы зоймем жорсткую пазыцыю, улада задумаецца».