Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч і лідэр неафіцыйнага саюзу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс працягнуць візыт у Брусэль, дзе правядуць шэраг сустрэчаў. Яны возьмуць удзел у абмеркаваньні сытуацыі ў Беларусі, якое плянуецца ў Эўрапарлямэнце.
Сёньня адбудуцца сустрэчы ў шэрагу фракцыяў Эўрапарлямэнту, з камісарам па пашырэньні Эўразьвязу і эўрапейскай палітыцы суседзтва Штэфанам Фюле. Таксама Аляксандар Мілінкевіч і Анжаліка Борыс возьмуць удзел у абмеркаваньні сытуацыі ў Беларусі, якое плянуецца ў Эўрапарлямэнце.
Прыняцьце рэзалюцыі па сытуацыі вакол польскай меншасьці адкладзенае. Да яе эўрапарлямэнтары вернуцца пасьля візыту ў Менск дэлегацыі Эўрапарлямэнту на чале з кіраўніком дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў Эўранэсьце Крыстыянам Вігеніным. Такая прапанова прайшла з ініцыятывы сацыялістаў. Яе прадстаўнік Юстас Палецкіс патлумачыў:
“Гэта якраз адкрывае дарогу для паездкі дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў Менск. Гэта была ініцыятыва і нашай фракцыі, і некаторых іншых. Іншыя фракцыі таксама падтрымалі гэтую прапанову.Трэба выслухаць і другі бок, і трэці, і чацьвёрты, паглыбіцца ў гэту сытуацыю, каб рабіць высновы”.
Паводле Аляксандра Мілінкевіча, адносна рэзалюцыі ўсё ж магчымыя варыянты.
“Абмеркаваньне, як плянавалася будзе, але ці яна будзе прымацца заўтра, ці адкладзецца на той момант, калі вернецца дэлегацыя, гэта будуць вырашаць эўрапарлямэнтары на плянарным пасяджэньні. Я лічу, што рэакцыя павінна быць хуткай і пасьлядоўнай. І калі ўсё больш і больш парушаюцца правы чалавека на Беларусі і ўлада пачала падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў, у якіх яна ня ўпэўнена, рэакцыя мусіць быць як мага хутчэйшай”.
Якое стаўленьне да сытуацыі вакол польскай меншасьці сярод эўрапарлямэнтароў? На гэта Аляксандар Мілінкевіч сказаў:
“Я думаю, што асноўная ўмова па саюзу палякаў тут у Эўразьвязе, гэта будзе рэгістрацыя саюза Анжалікі Борыс. Гэта арганізацыя налічвае тысячы людзей. І як кожная група людзей мае права на стварэньне сваёй арганізацыі. Улады мяркуюць, што павінен быць адзін саюз палякаў, адна жаночая арганізацыя, адна маладзёвая, адзін прафсаюз. Насамрэч так не павінна быць паводле эўрапейскіх дэмакратычных стандартаў. Саюзаў палякаў можа быць некалькі, як і маладзёвых арганізацый і гэтак далей. Мы падкрэсьлівалі, што гэта праблема ня толькі палякаў на Беларусі. Ідзе наступ на дэмакратычныя свабоды, на незалежныя арганізацыі. І былі прыклады БХД і “Маладога фронту”, што фактычна спыненая рэгістрацыя і ўлада спрабуе ствараць ляяльныя арганізацыі”,