Перш за ўсё старшыня Галоўнай рады непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Андрэй Пачобут ацаніў адказ прэзыдэнта Лукашэнкі на зварот прэзыдэнта Качыньскага:
Пачобут: «Гэты адказ трактуецца як пазытыўны сыгнал. З таго, што нам казалі, гэты ліст ня ёсьць агрэсіўным. Лукашэнка заклікае Польшчу да дыялёгу ў справе Саюзу палякаў».
Ці зьявіліся пасьля паездкі ў Варшаву спадзяваньні на разьвязаньне канфлікту вакол Саюзу палякаў?
Пачобут: «Перш за ўсё, сытуацыя Саюзу палякаў перастае быць справай паміж Польшчай і Беларусьсю. Гэта ўжо справа паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Нас гэта нязьмерна цешыць. Цешыць тое, што польскай дыпляматыі ўдаецца ўключыць эўрапейскія інстытуты ў вырашэньне гэтай праблемы. Сытуацыя ацэньваецца як польскім бокам, так і эўрапейскімі палітыкамі ня ў тым рэчышчы, што выключна польская меншасьць мае канфлікт з уладамі. Там разумеюць, што грамадзянская супольнасьць у Беларусі перасьледуецца ўладамі, у тым ліку і польская меншасьць. Гэта так у рэчаіснасьці. І мы задаволеныя, што менавіта так сытуацыя ацэньваецца, і гэта стварае шанцы для таго, каб была вырашана нашая сытуацыя, і ня толькі нашая».
Як выглядае далейшы лёс Дамоў польскіх, якія належаць праўладнаму Саюзу палякаў, але былі пабудаваныя ці набытыя на сродкі польскага боку?
Пачобут: «Дамы польскія — гэта адно з пытаньняў, якое трэба вырашыць. І якім чынам яно будзе вырашана, гэта пакажа час. Ці сапраўды Беларусь хоча дыялёгу, як напісана ў лісьце да Качыньскага? Ці гэта толькі гульні рытуальныя распачынаюцца? Паглядзім, час пакажа. Мы гатовыя да рознага разьвіцьця падзеяў, таксама да таго, што надалей рэпрэсіі будуць працягвацца, бо гэта таксама ня выключана».