Канфлікт вакол непрызнанага Саюзу палякаў у Беларусі і перасьлед яго актывістаў па-ранейшаму застаецца ў цэнтры ўвагі польскіх СМІ.
Сёньняшняе выданьне Gazety Wyborczej прыводзіць словы прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, які ўчора сказаў, што Варшава хоча, "каб рэпрэсіі супраць польскай меншасьці ў Беларусі былі прызнаны Эўразьвязам як недапушчальныя".
Выданьне таксама цытуе фразу зь лісту прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку: "Арышты, застрашэньне, адбіраньне маёмасьці асобам польскага паходжаньня падкопваюць шматразовыя запэўніваньні аб сяброўскіх польска-беларускіх адносінах".
Gazeta Wyborcza таксама піша, што польскі Сойм рыхтуе пастанову з асуджэньнем дзеяньняў беларускіх уладаў. Паводле маршалка Сойму Браніслава Камароўскага, дэпутаты ўрадавай кааліцыі і апазыцыі аднадушныя, што тычыцца зьместу заявы.
У сваю чаргу маршалак Сэнату Богдан Барусэвіч сказаў падчас сустрэчы з дыпляматычным корпусам, што Варшава чакае ад Менску легалізацыі Саюзу палякаў, кіраванага Анжалікай Борыс. Польскія СМІ адзначаюць, што ў гэтай сустрэчы ня ўзяў удзелу беларускі пасол у Варшаве, спаслаўшыся на хваробу.
Тым часам Польскае прэсавае агенцтва піша, што дэпутаты апазыцыйнай партыі "Права і справядлівасьць" зьвярнуліся да прэм’ер-міністра Туска з просьбай прадставіць Сойму падрабязны рапарт аб захадах польскай дыпляматыі ў справе канфлікту вакол Саюзу палякаў у Беларусі.
У рэзалюцыі па гэтым пытаньні дэпутаты напісалі, што польскі ўрад абявязаны "дамагацца пашаны для правоў чалавека, свабоды прэсы і, перш за ўсё, свабодных выбараў, на якія грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць поўнае права". "Гэтымі каштоўнасьцямі нельга ахвяроўваць дзеля падтрыманьня карэктных адносін зь недэмакратычнымі ўладамі Беларусі" — сьцьвярджае згаданая рэзалюцыя.
Апошнія падзеі вакол Саюзу палякаў у Беларусі апісваюць таксама газэта Financial Times i эўрапейскае інтэрнэтнае выданьне EUobserver.