Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія палітыкі заклапочаныя лёсам Дому польскага ў Івянцы


Польскі дом у Івянцы
Польскі дом у Івянцы

Шэраг польскіх палітыкаў, у тым ліку старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк, выказалі заклапочанасьць тым, што ў панядзелак беларуская міліцыя заняла Дом польскі ў Івянцы Валожынскага раёну.

Старшыня Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Страсбуры:

«Я заклікаю беларускія ўлады спыніць такія гвалтоўныя дзеяньні супраць польскай меншасьці. Асноўнай умовай нашых добрых адносін, пацяпленьня адносін паміж Эўразьвязам і Беларусьсю зьяўляецца захаваньне прынцыпаў, прынятых Эўразьвязам у адносінах да нацменшасьцяў»

Старшыня Эўрапарлямэнту таксама дадаў:

«Калі мы хочам пацяпленьня нашых адносін, пашана правоў меншасьцяў зьяўляецца абсалютна неабходнай. У гэтым выпадку справа датычыць польскай меншасьці, але яна датычыць таксама кожнай іншай меншасьці ў Беларусі і пашаны яе правоў».

Тым часам польская партыя «Закон і справядлівасьць» зьвярнулася да міністра замежных спраў краіны Радаслава Сікорскага з заклікам адмяніць візыт міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава, прызначаны на канец тыдня. Сябры партыі таксама заклікаюць спадара Сікорскага зрабіць захады дзеля таго, каб у Польшчы і ўвогуле ў Эўразьвязе не прымалі беларускіх чыноўнікаў і «важных палітычных дзеячаў», адказных за гэтае здарэньне.

На прэсавай канфэрэнцыі пра гэта паведаміла Гражына Генсіцка, якая ўзначальвае фракцыю «Закону і справядлівасьці» ў Сойме. Партыя таксама жадае, каб прэм’ер-міністар Дональд Туск зьвярнуўся ў Эўразьвяз з прапановай увесьці гандлёвае эмбарга адносна Беларусі.

Пра гэта паведаміла польскае прэсавае агенцтва ПАП. Яно таксама зазначае, што Міністэрства замежных спраў Польшчы не камэнтуе гэты зварот.

Як адбыўся раскол у Саюзе палякаў


Саюз палякаў на Беларусі – польская грамадзкая і культурная арганізацыя, створаная ў чэрвені 1990. Сядзіба арганізацыі знаходзіцца ў Горадні.

Пасьля сканчэньня ў 2004 годзе тэрміну паўнамоцтваў старшыні Тадэвуша Кручкоўскага на VI зьездзе СПБ у сакавіку 2005 года на пасаду кіраўніка Саюзу была абрана Анжаліка Борыс. Аднак беларускія ўлады, спаслаўшыся на тое, што падчас працы зьезду былі дапушчаны пэўныя парушэньні, не прызналі яго вынікаў.

27 жніўня 2005 году ў Ваўкавыску быў арганізаваны новы зьезд, на якім старшынём быў абраны – Іосіф Лучнік. Вынікі працы гэтага зьезду ўлады прызналі, аднак улады Польскай рэспублікі заявілі, што будуць падтрымліваць толькі арганізацыю Анжалікі Борыс. З таго часу беларускія палякі належаць да дзьвюх арганізацый, адна зь якіх ня мае афіцыйнай рэгістрацыі ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG