У звароце прыводзяцца шматлікія факты парушэньняў правоў гэтай нацыянальнай меншасьці, якія “адбываюцца ў геаграфічным цэнтры Эўропы, у краіне, якая зьяўляецца суседам Эўрапейскага Зьвязу і дэкляруе гатовасьць да разьвіцьця зь ім партнэрскіх адносінаў”.
“Мы ня маем свабоды дзейнасці, мусім лічыцца з навязваньнем нам такіх арганізацыйных рашэньняў, якія ня могуць быць выкананыя”, — гаворыцца ў заяве берасьцейскай філіі СПБ. — “Нават супрацоўніцтва з польскім консульствам выклікае тут падазрэньні і нэгатыўныя характарыстыкі з боку ўладаў. Мы зьяўляемся грамадзянамі другой катэгорыі ў сваёй асобнай незалежнай дзяржаве, зь якой нас зьвязвае гісторыя і сучаснасьць”.
Тым часам у Варшаве на запрашэньне МЗС Польшчы знаходзіцца зь візытам кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства Сяргей Мартынаў. Разам з польскім міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім ён мае абмеркаваць праблему перасьледу польскай меншасьці беларускімі ўладамі.
Як заявіў раней журналістам прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск, “беларускае МЗС не пачуе нічога прыемнага ад польскага МЗС”.