“Я спадзяюся, што дачыненьні паміж Беларусьсю і Іранам ня зьменяцца. Нават калі Расея далучыцца да санкцый супраць Ірану”. Пра гэта заявіў сёньня амбасадар Ірану ў Беларусі Сэед Абдала Хасэйні, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода.
Амбасадар Ірану падкрэсьліў, што Расея яшчэ не прыняла канчатковага рашэньня аб далучэньні да санкцый і там ёсьць “разумныя людзі, і ня толькі ў Расеі, але і ў многіх краінах ёсьць разумныя кіраўнікі, і яны памятаюць пра чатыры рэзалюцыі супраць Ірану”.
Амбасадар Ірану падкрэсьліў, што Іран “не апошняя краіна ў сьвеце, яна знаходзіцца ў цэнтры Блізкага Ўсходу і тое, што адбываецца ў гэтым рэгіёне, вельмі залежыць ад Ірану. 25% крыніц энэргетыкі знаходзіцца ў Пэрсыдзкай затоцы. І ўсе краіны сьвету пра гэта ведаюць. Іран ня тая краіна, зь якой можна жартаваць, яна моцна адрозьніваецца ад Іраку і Аўганістану”.
Таксама амбасадар завіў, што кіраўнікі Беларусі і Ірану сустрэнуцца ў Тэгеране. Гэтая сустрэча будзе прымеркавана да прамысловай здабычы нафты ў радовішчы Джафэір.
Паводле амбасадара, прэзыдэнты вырашылі сустрэцца на ўрачыстым адкрыцьці прамысловай здабычы нафты. На гэта даецца пяць месяцаў, але, магчыма, сустрэча адбудзецца і раней, калі нафтавікі абедзьвюх краінаў спрацуюць лепш. Амбасадар сказаў, што пакуль разьлічана, што кожны дзень на гэтым радовішчы будзе здабывацца 5 тысяч барэляў нафты, а напрыканцы праекту гэта лічба вырасьце да 30 тысяч.