АГП у Гомелі абскарджвае склад выбарчай камісіі

Андрэй Толчын

Старшыня Гомельскай гарадзкой арганізацыі АГП Андрэй Толчын абскарджвае ў судзе рашэньне прэзыдыюму гарадзкога савету дэпутатаў і гарвыканкаму № 2/131 ад 27 студзеня 2010 году наконт утварэньня гарадзкой выбарчай камісіі. У склад яе ня быў уключаны вылучэнец ад АГП, былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Юры Варонежцаў.

Андрэй Толчын: «Закон дае нам права ў судзе абскарджваць дзеяньні органаў, якія фармуюць выбарчыя камісіі. Варонежцава без усялякіх тлумачэньняў не ўключылі ў гарадзкую камісію па выбарах дэпутатаў гарсавету 26-га скліканьня. Склад камісіі наогул атрымаўся дужа цікавым. У яе ўключылі шэраг чыноўнікаў гарвыканкаму, якіх нібыта актыўна вылучалі грамадзяне шляхам збору подпісаў і працоўныя калектывы. Траціну прадстаўнікоў ад палітычных і грамадзкіх арганізацый прэзыдыюм гарсавету й гарвыканкам забясьпечылі за кошт артадаксальных камуністаў, БРСМ, вэтэранаў вайны ў Афганістане й нават невядомага ў грамадзкіх колах гарадзкога аддзяленьня „Ўсебеларускага казацтва“. Тым часам прадстаўніку буйнейшай апазыцыйнай партыі ў камісіі месца не знайшлося, і мы хочам атрымаць уцямнае тлумачэньне, чаму так адбылося».

Разгляд пазову старшыні гарадзкой арганізацыі АГП прызначаны ў Цэнтральным судзе Гомеля на 2 лютага.