Судовыя паседжаньні па справе экіпажу Іл-76, які быў затрыманы ў аэрапорце Бангкока з нелегальным грузам зброі пры канцы мінулага году, адкладзеныя да 11 лютага, паведамляюць сёньняшнія тайскія выданьні.
Раней была распаўсюджаная інфармацыя, у тым ліку і БелТА, што тайская пракуратура можа зьняць абвінавачваньні супраць грамадзяніна Беларусі 54-гадовага Міхаіла Петухова, а таксама з грамадзянаў Казахстану –Аляксандра Зрыбнева, Віктара Абдулаева, Віталя Шумкова, Ільяса Ісакава.
Намесьніца начальніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі паведаміла журналістам, што паводле зьвестак, якія маюцца ў Менску, “тайскі бок разглядае магчымасьць вызваленьня сябраў экіпажу затрыманага ў Тайляндзе ІЛ-76. Пры станоўчым вырашэньні пытаньня плянуецца вылет у Бангкок беларускага консула ў В’етнаме для аказаньня консульскай дапамогі беларускаму грамадзяніну”.
Але ўжо пасьля гэтага прадстаўнікі Ўпраўленьня крымінальных спраў Тайлянду паведамілі ў Бангкоку, што “пракуратура яшчэ мае вялікую колькасьць дакумэнтаў для разгляду, а таму ня вызначылася з артыкуламі абвінавачаньня”.
“Цягам 12 дзён сябры экіпажу ІЛ-76 будуць утрымлівацца ў СІЗА Бангкоку”, паведаміла тайская паліцыя.
Нагадаем, што пяцёра падазраваных былі арыштаваныя летась 11 сьнежня ў бангкокскім аэрапорце, дзе транспартны самалёт, які ажыцьцяўляў рэйс з Паўночнай Карэі ў Шры-Лянку, прызямляўся для дазапраўкі. На борце машыны былі знойдзеныя 40 тонаў зброі. Чальцы экіпажу сьцьвярджалі, што не ведалі пра характар грузу, а, згодна з накладнымі дакумэнтамі, перавозілі абсталяваньне для бурэньня нафтавых сьвідравінаў.
Паводле тайскіх СМІ, органы бясьпекі падазраюць, што зброя прызначалася для Ірана, але Тэгеран адмаўляе гэта.
Перавозкі зброі ёсьць ў парушэньнем рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН адносна забароны экспарту ваенных матэрыялаў у Паўночную Карэю.
Напярэдадні прэм'ер-мінісатр Тайлянду Апхісіт Веджаджыва заявіў, што ўрад яго краіны па-ранейшаму чакае выразных указаньняў з боку ААН аб тым, як Тайлянду пазбавіцца ад гэтай зброі і хто будзе несьці за гэта выдаткі.