У Спартовым арбітражным судзе ў Лязане скончыліся трохдзённыя слуханьні ў справе беларускіх кідальнікаў молата Вадзіма Дзевятоўскага і Івана Ціхана, якія аспрэчваюць пастанову дысцыплінарнай камісіі Міжнароднага алімпійскага камітэту аб пазбаўленьні іх мэдалёў пэкінскай Алімпіяды ў сувязі з пазытыўнымі вынікамі допінг-кантролю.
У інтэрвію карэспандэнту БЕЛТА Вадзім Дзевятоўскі паведаміў, што слуханьні былі напружаныя, а вынясеньне прысуду чакаецца вясною. Прысуд залежыць ад пазыцыі трох арбітраў – з Канады, Нямеччыны і Швайцарыі. Тэрмін вынясеньня вэрдыкту можа скласьці да 3 месяцаў пасьля заканчэньня слуханьняў.
Дзевятоўскі і Ціхан настойваць на тым, што не ўжывалі забароненых прэпаратаў. На спаборніцтвах малатабойцаў у Пэкіне Дзевятоўскі заняў другое месца, Ціхан быў трэці.