Кіраўніцтва Расеі незаконна выкарыстоўвае канстытуцыйны крызіс у Беларусі для дасягненьня сваіх імпэрскіх амбіцыяў – гаворыцца ў заяве, падпісанай шэрагам дзеячаў беларускай навукі і культуры.
Залежнасьць Аляксандра Лукашэнкі ад Масквы спрыяе незаконнаму гандлю нацыянальнай уласнасьцю, якая зьяўляецца падмуркам і гарантыяй незалежнасьці Беларусі.
Заяву творчай і навуковай інтэлігенцыі “Удзел Рэспублікі Беларусь у інтэграцыйных праектах з Расейскай Фэдэрацыяй незаконны!” падтрымалі: старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас, пісьменьнікі Ўладзімер Халіп, Алесь Мікалайчанка, Уладзімір Содаль, Васіль Якавенка, мастакі Алесь Шатэрнік, Аляксей Марачкін, Алесь Цыркуноў, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, навукоўцы Юры Хадыка, Лідзія Савік, Яўген Анішчанка, журналісты Мікола Лавіцкі, Анатоль Букас, інжынэры Алег Гаеўскі, Алег Шагулін і інш.
Беларусь знаходзіцца ў праграмах, мэты якіх процілеглыя, – гаворыцца ў заяве. Першая – стварэньне адзінай эканамічнай прасторы ў рамках праграмы Эўразьвязу “Ўсходняе Партнэрства” з цэнтрам у Брусэлі, другая – з былымі краінамі СССР з цэнтрам у Маскве. Кіраўніцтву Эўрапейскага Зьвязу і Расейскай Фэдэрацыі ў заяве прапануецца стварыць сумесную камісію і з удзелам беларускай грамадзкасьці прыняць праграму дзеяньняў па выхадзе Беларусі з канстытуцыйнага крызісу. Лёс краіны павінен вырашаць толькі яе народ – пішуць аўтары заявы.