Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЯН. Тыдзень з блогерам ku_palinka


ku_palinka
ku_palinka
"АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ" — летні праект сайту «Свабоды», аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе ku_palinka.

ЧАРГА


Неяк на філфаку на адзін са славянскіх вечароў ставілі мы сцэнку-мюзікл пад канцэптуальнай назвай «Чарга». Быў гэта 2006 год. І наша ўмоўная чарга стаяла ў польскую амбасаду. Штопраўда, цэнзура тады не прапусьціла акурат нюанс з польскай амбасадай, маўляў, палякі і так стараюцца, каб не было чэргаў, а то яшчэ пакрыўдзяцца і парвуць стасункі з унівэрам. І тады нам давялося ва ўсіх тэкстах замяніць слова Польшча на слова Пекла. Мы ўвасаблялі розныя тыпы беларусаў, што прагнуць зьехаць за мяжу, то бок у Пекла: бабкі-тарбэшніцы, дзеўкі-філфакаўкі, інтэлігенты-апазыцыянэры... Іх арыі складаліся з іранічных куплетаў на патасную музыку зь беларускіх патрыятычных песень. І вось стаяла самай апошняй адна дзяўчына, стаяла, а пасьля ўзяла ды засьпявала:

Гэй, ла-ла-лай
Ты не чакай,
Чаканьне дастала!..

І сышла. Усе пераміргнуліся і хорам:

Гэй, ла-ла-лай,
Мы больш не чакаем,
І ты не чакай!

І разышліся. Гэта павінна было сымбалізаваць, што мы ніколі ня станем на эмігранцкі шлях. Але асноўным было ня гэта, асноўным у гэтай маленькай п’есцы быў канцэпт чаргі. Гэта форма нашага існаваньня.

Цікавыя нюансы існаваньня ў чарзе раскрывае ў сваім блогу спадар litvinowicz «Трэба заўважыць, што ў большасьці беларусаў манерай добрага тону і правільнага выхаваньня лічыцца па-нахабнаму „элегантно“ пралезьці наперад астатніх, а г.зн. „прорваться“. Дарэчы, надоечы быў сьведкам, калі двое ледзь не пабіліся ля кабінэту доктара, бо ў абодвух праз памылку кампутара быў пазначаны аднолькавы час. З гэтай нагоды я быў расьсьмяяўся, але ніхто (!) з двух дзясяткаў прысутных не зразумеў маёй весялосьці, а толькі працягвалі сядзець са злымі і каменнымі тварамі далей. Мусіць, яны падумалі: „І што этат ідзіот смеёцца, кагда у людзей бяда?“ Вось вам і ўся салідарнасьць».

Яшчэ адзін канцэпт — працы — закранае ў сваім ЖЖ fat1901. Праца — гэта такі рэгуляцыйны канцэпт, які структуруе наш час адпаведна рэжыму дня і раскладае жыцьцё па палічках, каб не заставалася часу на падумаць. Праца — гэта чарга па пэнсію. «З самага раньняга дзяцінства кожны хома сапіенс прывыкае да думкі, што мама і тата мусяць хадзіць на працу. Быццам бы па-іншаму і быць ня можа: праца дае нам грошы, на якія можна набыць марозіва ці новы ровар, праца займае нашыя думкі, праца выхоўвае. Цяжка нават уявіць, што можна цэлымі месяцамі і гадамі рабіць, калі не хадзіць на працу. Здаецца, большасьць бы банальна пасьпіваліся ці проста перадохлі б ад няма чаго рабіць. Мяркую, што толькі рэдкія асобы здолелі б заняцца самавыхаваньнем і самаўдасканаленьнем, астатнія валяліся б ля вадкакрышталічных экранаў ці проста елі б усё, што трапіцца пад руку». Вось такая апакаліптычная карціна, якая, як сьцьвярджае ў камэнтарах wroblewska, была намаляваная задоўга да fat1901: «Штосьці мы пра гэта ўжо чулі. Ці не насіў ваш продак гучнае прозьвішча М. Фуко?»

ТАТА, А ТЫ ПАПА?


Сёньня ў сеціве зноў актуалізавалася праблема, узьнятая журналістам Радыё Свабода Віталём Цыганковым у вядомым эсэ «Тата, а ты папа?». Тата маленькай Дамінікі siarhiejsalas піша: «Тата... Прыемна, ажно словамі не перадаць. Неяк беларускае „тата“ для мяне нашмат цяплейшае, чым рускае папа. Я шчасьлівы — у мяне файная дачка! ;) Спадзяюся, стоадсоткавая беларуска гадуецца».

Эстафэту перахапіла euga: «Калі 23 гады называеш бацьку «папа», то як потым перайсьці да слова «тата»? Магчыма, для кагосьці гэта проста і натуральна, а ў нас з братам не атрымлівалася. Я разумею, што пішу пра жудасна суб’ектыўныя рэчы. Але выйсьце знайшлося. Тату я называю «таткам» (а вось слова «папка» здаецца мне непрымальным). У нас нават ёсьць устойлівая фраза. Калі ежу гатуе тата, то мы кажам: «Дзякуй, татка, вельмі смачна». А калі забываем сказаць, то тата можа і нагадаць: «А где „дзякуй, татка, вельмі смачна“?»

Мне, на адрозьненьне ад euga, было вельмі лёгка перайсьці на беларускую мову ў сям’і, таму што тата мой — расеец, за часы Саюзу шмат дзе пабываў і заўжды пакепліваў зь беларусаў, што яны мовай сваёй пагарджаюць. Так што «тату» ён прыняў як дадзенае. Хутчэй нават натхніў мяне на «тату» менавіта тата.

А ў блогу adelka вырашаецца яшчэ адно дзіцяча-бацькоўскае моўнае пытаньне: «Як назваць беларускамоўную групу ў дзіцячым садку?» Дзякуй Богу, што іншыя арганізацыйныя пытаньні ўжо разьвязаныя, пра што adelka напісала ў «Настаўніцкай газэце», і цяпер застаецца толькі творчы акт называньня. Вожыкі, жабкі, зубраняты, зязюлі, пчолкі, сьлімакі, гузікі, гарбузікі ці неяк інакш... Вядома, як ты лодку назавеш, так яна і паплыве!

БАЯНЫ БЕЛАРУШЧЫНЫ


Нешта сёньня ў ЖЖ зноў загучалі старыя, як гэты сьвет, тэмы. Блогер dzienn зноў вырашыў нагадаць сваім чытачам пра сэнс сучаснай народнай сымболікі. Цытаваны тэкст — шэдэўр ужо хаця б таму, што абгрунтаваньне таго ці іншага элемэнту вядзецца ў параўнаньні зь іншымі краінамі. Ды зь якімі краінамі! Ангола, Коста-Рыка, Куба, Марока, Мазамбік, Віетнам, Зымбабвэ, Інданэзія, Кітай, Лаос... Вось на каго трэба раўняцца, спадарства, асабліва ў выбары сымболікі. Гэта як чарговы брэнд — паглядзіце, і мы ня горшыя за іншых, перанялі найлепшыя здабыткі сусьветнага прагрэсу, дадалі кроплю самабытнасьці (чытай, арнамэнт) — і вось вам герб і сьцяг РБ.


via vanjaz

А пакуль беларусы вырашаюць, кім жа ім усё-ткі звацца, у блогах lemantar, czalex і gorliwy-litwin, французы сёньня адзначаюць Дзень узяцьця Бастыліі.

З гэтай нагоды зусім не характэрны пост для блогера rechitsa1988 — ані мацюкоў, ані дзяўчат, ані алькаголю. Усяго толькі адна аналёгія: «220 год таму ў 1789 народам Францыі была ўзята крэпасьць-турма Бастылія, зь якой былі вызвалены 7 чалавек. А ў сакавіку 2006 у Беларусі хацелі ўзяць Акрэсьціна. Ня выйшла...»



І яшчэ адна вельмі трапная аналёгія ад czerniec: «Толькі калі тады — 220 год таму — парыская галота хапалася за дзіды і сьпявала „Жыве музыка гармат!“, то цяперашні абываталь аддае перавагу лёгкай зброі — каляровыя паветраныя балёнікі, грукат і рык ён гатовы слухаць з асемянёнага фаервэркамі неба і медных глотак духавых аркестраў».

Неўміручая дыскусія разгарэлася ў блогу euga, якая зьмясьціла ў ЖЖ артыкул прафэсара Людмілы Сіньковай (на фота), надрукаваны ў сёмым выпуску «Беларускага літаратуразнаўства» пад назвай «Старая маргінальная беларушчына ў тэкстах А. Бахарэвіча, М. Мартысевіч і Е. Вежнавец».

З усіх аспэктаў дыскусіі зьвярну ўвагу толькі на адзін момант. Самой Людміле Сіньковай, як і Аксане Бязьлепкінай, няёмка прышчэпліваць студэнтам агіду да беларушчыны, якая, паводле спадарыні Сіньковай, скрозь разьлітая ў тэкстах згаданых аўтараў. Абедзьвюх спадарынь абурае тое, што падобныя тэксты зараз сталі мэйнстрымам, калі павінны знаходзіцца на маргінэсе літаратуры. Шчыра кажучы, ні мне, ні іншым чытачам euga так і ня стала зразумела, хто залічыў Бахарэвіча, напрыклад, да мэйнстрыму і што ў такім выпадку засталося на маргінэсе.

Цытата з артыкула: «Але ці ахаваны якой-небудзь бронзаю Янка Купала, калі да яго саркастычна апэлюе Андрэй Хадановіч у вершы „Хлопчык і копчык“? Статус нашай нацыянальнай культуры як фэномэна сакральнага, як бачым, чамусьці далёка не відавочны нават для прафэсіяналаў-гуманітарыяў, ня тое што для шараговага спадкаемцы мінулай эпохі». Мне агіду да беларушчыны прышчаплялі акурат забранзавелым Купалам і Коласам. А «Хлопчык і копчык» мяне разьняволілі, расплюшчылі вочы на тое, што беларуская літаратура (якая розьніца — у мэйнстрыме яна ці на маргінэсе) можа быць цікавай і сучаснай. І ўсе пералічаныя аўтары, і тыя, што не патрапілі пад абстрэл спадарыні Сіньковай, пішучы, адлюстроўваюць сучасны стан рэчаў, настрояў, поглядаў у грамадзтве. Большасьць заангажаваных у мастацтва і літаратуру не прымаюць усе мэйнстрымавыя базары і дажынкі ў літаратуры і мастацтве і ставяцца да іх са зьдзекам. І гэта выяўляецца ў іх творчасьці. Я зь імі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG