Учора брытанская штодзённая газэта "The Times" апублікавала нэкралёг Веры Рыч, якая памерла 22 сьнежня 2009 году. Нэкралёг — які, згодна з традыцыяй "The Times", не падпісаны — напісаў брытанскі журналіст Юры Бэндэр. Мы публікуем пераклад гэтага нэкралёгу, каб яшчэ раз прыгадаць сьветлае імя і незвычайную біяграфію асобы, якая мае значныя заслугі перад беларускай культурай, але не дачакалася з боку афіцыйнай Беларусі ні прызнаньня, ні хаця б звычайнай падзякі.
Вера Рыч была выдатнай перакладчыцай украінскай і беларускай паэзіі. Народжаная як Faith Elizabeth Joan у 1936 годзе ў Кананбэры ў паўночным Лёндане, але шырэй вядомая як Vera — бо так гучыць пераклад імя Faith на ўкраінскую мову — яна праз сваю маці, што працавала для Чырвонага Крыжа, сутыкнулася з украінскімі выхадцамі, якія пасьля другой сусьветнай вайны пасяліліся ў Вялікабрытаніі.
У школьным узросьце, калі Вера жыла з маці і дзядамі па мацярынскай лініі ў новазбудаваным доме ў Энфілдзе, яна ашчадзіла свае кішэнныя грошы, каб набыць зборнік лацінскай паэзіі Вэргілія ў букініста ў Палмэрз Грын. Наведваючы мясцовыя касьцёлы разам з каталіцкай суполкай з Какфостэрзу, яна займела асаблівую сымпатыю да беларускай капліцы ў Фінчлі, дзе айцец Часлаў Сіповіч пазнаёміў яе з паэзіяй ягонага народу. Вера – чароўны і экстравагантны падлетак – і яе вынаходлівая маці сталі вельмі папулярнымі асобамі ва ўкраінскім эміграцыйным асяродзьдзі ў пачатку 1950-х, калі старэйшая спадарыня Рыч пераканала дырэктараў мясцовых заводаў, каб яны прызналі дату 7 студзеня — Каляды паводле старога стылю — афіцыйным сьвятам.
Калі Веры было 20 гадоў, Уладзімір Мікула, сябар-украінец, зь якім яна пазнаёмілася ў Оксфардзкім унівэрсытэце, заахвоціў яе да перакладу ўкраінскіх вершаў для аднаго літаратурнага часопісу. Маладая, закаханая па вушы перакладчыца пачала вывучаць ўкраінскую мову са слоўнікаў і анталёгіяў паэзіі.
Яна сумяшчала гэтыя свае зацікаўленьні з фармальным навучаньнем у каледжы сьвятой Гільды ў Оксфардзе, дзе ў 1955-1957 гадох вывучала старажытную ангельскую і старажытную нарвэскую мовы, і ў каледжы Бэдфард у Лёндане, дзе ў 1958-1961 гадох вывучала матэматыку і хадзіла на неабавязковы курс украінскай мовы.
У 1957 годзе яна апублікавала свой першы пераклад — пралёг да паэмы “Майсей” Івана Франка, які быў прызнаны настолькі важнай вяхой ва ўкраінскай культуры, што праз 40 гадоў Саюз украінскіх пісьменьнікаў у Кіеве адзначыў яе адмысловай прэміяй, прысьвечанай памяці Франка. Франко стаў першым з 47 украінскіх паэтаў, якіх яна перакладала, але імя сабе яна зрабіла перакладамі з найбольш славутага сына Ўкраіны, народнага паэта Тараса Шаўчэнкі.
Калі ў 1961 годзе ў Лёндане выйшаў яе сёньня славуты перакладны зборнік “Песьня зь цемры”, у якім яна зьмясьціла пераклады найбольш вядомых твораў Шаўчэнкі, літаратуразнаўцы адзначалі, што Рыч ад усіх іншых перакладчыкаў Шаўчэнкі адрозьнівае перш за ўсё яе адданасьць пераказу паэтычнай атмасфэры і рытму. На аснове яе перакладнога зборніка быў пастаўлены спэктакль у лёнданскім тэатры Крыплгейт, а фрагмэнт зь яе перакладу шаўчэнкаўскага “Каўказу” стаіць як эпіграф на помніку Шаўчэнку ў Вашынгтоне, які быў адкрыты 24 чэрвеня 1964 году.
Зборнік яе ўласнай паэзіі ўключаў таксама пераклады зь Якуба Коласа і Максіма Багдановіча...
Зборнік яе ўласнай паэзіі “Portents and Images” (“Прадвесьці і вобразы”) выйшаў у выдавецтве “Mitre Press” у Лёндане ў 1963 годзе. Зборнік уключаў таксама пераклады зь беларускіх паэтаў Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Пераклад верша “Зімой” Багдановіча ў наступным годзе быў апублікаваны ў часопісе “The Muse” ў ЗША, а потым перадрукаваны ў яе перакладной анталёгіі беларускай паэзіі “Like Water, Like Fire” (1971). Анталёгія, хоць апублікаваная пад патранатам ЮНЭСКА, была забароненая цэнзарамі ў Савецкім Саюзе.
У Рыч былі і іншыя сутычкі з аўтарытарнымі ўладамі за “жалезнай заслонай”, зьвязаныя зь яе журналісцкімі заняткамі, а таму яна пачала адасабляцца ад свае сям’і, каб не выстаўляць яе на нейкія пагрозы. У 1969 годзе, працуючы як вольнанаёмны перакладчык расейска- і ўкраінскамоўных тэкстаў зь фізыкі, яна сустрэла Джона Мэдакса, выдаўца навуковага тыднёвіка “Nature”. Пасьля “сяброўскай размовы і некалькіх чарак шэры” ён наняў яе як карэспандэнтку па СССР і Ўсходняй Эўропе з аплатай ад колькасьці радкоў і з дадатковым ганарарам 5 фунтаў стэрлінгаў на тыдзень. Кантракт, які яны пачаткова падпісалі на шэсьць месяцаў, зацягнуўся на 20 гадоў.
Вера згадвала, як яе “тузалі” спэцслужбы ў Польшчы за артыкулы, у якіх яна падтрымлівала гданьскую “Салідарнасьць” Леха Валэнсы, прафсаюзны рух, здушаны ўвядзеньнем ваеннага становішча ў 1981 годзе. Пад псэўданімамі яна дасылала артыкулы ў дысыдэнцкія часопісы ў Польшчы і Вугоршчыне ды падтрымлівала маладзёвыя групы, якія імкнуліся зрынуць камунізм у абедзьвюх краінах. Ахвота Рыч да ўдзелу ў тайных выхадках схіліла яе, пераапранутую за беларускую сялянку, прашмыгнуць цераз польска-савецкую мяжу, каб сустрэцца з тамашнімі актывістамі.
Яна была расчараваная тым, што не дачакалася ніякага прызнаньня з боку беларускіх уладаў...
Для “Nature” яна пісала пра злоўжываньні псыхіятрыі ў “лячэньні” палітычных вязьняў у Савецкім Саюзе, такіх як Леанід Плюшч, украінскі матэматык, якога аб’явілі псыхічна хворым і зьняволілі разам з сапраўднымі псыхічна хворымі ў Днепрапятроўску ў 1972 годзе. Калі Ўкраіна ў 1991 годзе стала незалежнай, Вера пачала туды наведвацца, а яе ўклад у культуру гэтай краіны быў адзначаны ордэнам княгіні Вольгі, якім яе сваім указам у 2007 годзе ўганараваў прэзыдэнт Віктар Юшчанка. Вера лічыла гэта “вяршынным момантам” свайго жыцьця. Сябры кажуць, што яна была расчараваная тым, што не дачакалася ніякага прызнаньня з боку беларускіх уладаў, якім увесь час была бяльмом на воку.
Нягледзячы на вельмі старанны і дробязны падыход да сваёй працы, Рыч вяла хаатычнае асабістае жыцьцё і ня выйшла замуж, хоць у яе было некалькі раманаў. Яна часта званіла выдаўцам, шматслоўна і бязладна просячы прабачэньня за не дасланыя ў час матэрыялы, нярэдка прыпісваючы спазьненьні кампутэрным “аварыям”. Яе праіндэксаваны архіў за 40 гадоў разам з 60-гадовым архівам яе памерлай маці быў раскіданы і перамяшаны ўзломшчыкамі ў 1993 годзе, і яна працягвала працаваць “з агромністай кучай папераў, пазапіхваных у скрынкі як папала”. Аднак яна ўвесь час заставалася пладавітым аўтарам, публікуючы артыкулы ў такіх выданьнях, як “New Scientist”, “The Times Literary Supplement”, “Physics World”, “The Tablet” і “Index on Censorship”.
Падарожнічаючы па сьвеце ў пошуках журналісцкага матэрыялу, Рыч начавала ў пустых вакзальных будынках і аўтобусных дэпо з прычыны як недахопу фінансавых сродкаў на лепшыя начлежкі, так і няўвагі да асабістых выгодаў і матэрыяльных дабротаў. Сваю вытрымку, якая дазваляла ёй кожныя два тыдні куды-небудзь выпраўляцца па прафэсійнай лініі, яна загартавала цягам гадоў, праведзеных у журналісцкіх паездках па Ўсходняй Эўропе, дзе нормай яе жыцьця наогул была гульня ў карты пры гарэлцы да позьняй ночы, пераплеценая сьпяваньнем народных песьняў.
Ад 2006 году да свае сьмерці яна вяла штотыднёвую калёнку ва “Ўкраінскай думцы” – газэце ўкраінскай дыяспары ў Вялікабрытаніі. У 1998 годзе Вера рэанімавала свой паэтычны часопіс “Manifold”, які выдавала ў 1962-1969 гадох, замаўляючы для яго матэрыялы і час ад часу пішучы ў ім парады для паэтаў-пачаткоўцаў.
Сваю вытрымку яна загартавала цягам гадоў, праведзеных у журналісцкіх паездках па Ўсходняй Эўропе...
Нягледзячы на сваю нямогласьць і лекаваньне, яна працягвала ўдзельнічаць у штотыднёвых занятках па размоўнай практыцы ва Ўкраінскім інстытуце ў Голанд Парку ў Заходнім Лёндане, дзе таксама чытала свае пераклады ўкраінскай паэзіі ў мультымэдыйным праекце, інсьпіраваным “аранжавай рэвалюцыяй”, пад назвай “Ад Мазэпы да Майдану”. На яе лекцыі аб славянскай літаратуры ва ўнівэрсытэтах у Бірмінгеме, Лёндане і Эдынбургу заўсёды прыходзіла шмат слухачоў.
Апошнія гады свайго жыцьця Рыч самаадана прысьвяціла аналізу наступстваў аварыі ў Чарнобылі. Разам зь ядзерным фізыкам Аланам Флаўэрзам з Кінгстанскага ўнівэрсытэту яна стала рухавіком намаганьняў, якія ў канчатковым выніку прывялі да заснаваньня ў Менску Міжнароднага экалягічнага ўнівэрсытэту імя савецкага дысыдэнта і ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Андрэя Сахарава. Установу падтрымліваў фонд зь Вялікабрытаніі. Яна называла выбух чарнобыльскага ядзернага рэактара ў 1986 годзе ды яго экалягічныя і грамадзкія наступствы “трагічнай ранай” украінскай і беларускай гісторыі, ранай, якой яшчэ трэба загаіцца.
Да самай сьмерці Рыч працягвала працаваць над перакладам “Кабзара” Шаўчэнкі, каб пасьпець з поўным перакладам на 150-я ўгодкі сьмерці паэта, якія прыпадаюць на 2011 год. Перакладаючы найбольш вядомы верш Шаўчэнкі “Запавет”, яна напісала: “Then in that great family, / A family new and free, / Do not forget, with good intent / Speak quietly of me” (І мене в сім'ї великій, / В сім'ї вольній, новій, / Не забудьте пом'янути / Незлим тихим словом.)