У “Доме літаратара” Алесь Аркуш і Глеб Лабадзенка

Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 9 студзеня

ЛІТПАДЗЕІ


ГЛЕБ ЛАБАДЗЕНКА: “ГЕРВАСІЯ ВЫЛІВАХУ КАРАТКЕВІЧ НЯ ВЫДУМАЎ”

У 2010-м будзе адзначацца 80-годзьдзе Ўладзімера Караткевіча. Да гэтай даты паэт і журналіст Глеб Лабадзенка зьініцыяваў факсымільнае выданьне аднаго з самых загадкавых твораў легендарнага пісьменьніка – аповесьці “Ладзьдзя Роспачы”. Гэта будзе народнае выданьне. Праз інтэрнэт-старонку Labadzenka.by кожны чытач можа замовіць сабе пэўную колькасьць асобнікаў кніжкі і гэткім чынам паспрыяць хутчэйшаму яе зьяўленьню на сьвет. Пра рукапіс “Ладзьдзі Роспачы”, таямніцы аповесьці і ганарыстых рагачоўцаў з Глебам Лабадзенкам гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Глеб, чаму з сотняў твораў Уладзімера Караткевіча для факсымільнага выданьня вы выбралі менавіта аповесьць “Ладзьдзя Роспачы”?

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка:
“Гэта яна выбрала нас, бо тут сышлося проста адно да аднаго. Спачатку патэлефанаваў Рыгор Барадулін і сказаў, што ён знайшоў у сваім архіве рукапіс “Ладзьдзі Роспачы”. Гэтая аповесьць была прысьвечана Рыгору Барадуліну, і таму арыгінал рукапісу з усімі праўкамі, якія ўносіў аўтар, ён падараваў яму. Дзядзька Рыгор праз усе гэтыя гады памятаў пра падарунак, але ў сваім пакоі, які нагадвае дом-музэй, знайсьці яго доўга ня мог. Але як толькі рукапіс патрапіўся яму на вочы, ён патэлефанаваў і папрасіў зрабіць некалькі копіяў, каб перадаць іх у літаратурныя музэі. Калі я пабачыў гэты рукапіс, то сеў і за некалькі гадзінаў прачытаў яго. Дваццаць тры старонкі ўборыстага і выразнага почырку не складалі ніякай цяжкасьці для чытаньня. Я не зразумеў адразу толькі пару словаў у ім. Таму ідэя выдаць гэты рукапіс факсымільна прадыктавана найперш невялікім аб’ёмам твора”.

Аксак: “Кніга, відаць, ня будзе складацца з дваццаці трох старонак?”

Рукапіс Уладзімера Караткевіча “Ладзьдзя Роспачы”. Фота Глеба Лабадзенкі
Лабадзенка: “
Як я бачу гэтую кнігу? Гэта сам рукапіс, друкаваны тэкст, і тут жа даць адсылкі да рукапісу пра аўтарскія праўкі. Думаю, гэта будзе цікава чытачу, таму што я, калі чытаў рукапіс, то нанова адкрыў для сябе гэты твор. І я адкрыў для сябе Караткевіча-рэдактара. Наколькі ён працаваў над дасканаленьнем тэксту, як ён мяняў словы месцамі ў сказах, як замяняў сынонімамі, як выкрэсьліваў цэлыя абзацы. Таму гэты рукапіс – ня проста твор “Ладзьдзя Роспачы”. Твор чытач можа і ў зборы твораў знайсьці. А гэта – артэфакт і помнік Караткевічу-рэдактару, які мусяць сядзець і дасьледаваць філёлягі. Таму гэтае выданьне будзе складацца з рукапісу, друкаванага тэксту, рэдкіх фотаздымкаў аўтара і мясьцінаў, датычных Рагачова, дзе ён пісаў гэты твор. І я вельмі рады, што дасьледчык Анатоль Верабей, а гэта найбуйнейшы дасьледчык творчасьці Караткевіча, пагадзіўся зрабіць для кнігі тэксталягічны аналіз усіх правак. Прадмову да выданьня напіша Рыгор Барадулін. Прычым, яна будзе зьмешчана таксама ў двух варыянтах – рукапісным і друкаваным”.

Аксак: “На якога чытача разьлічаная будучая кніга? Ці будзе яна цікавая шэраговым прыхільнікам творчасьці Караткевіча, а ня толькі дасьледчыкам?”

Лабадзенка: “Я думаю, што гэтае выданьне, кажучы сучаснай лексыкай, будзе адрасаванае прасунутаму юзэру. Просты чытач будзе чытаць выніковы тэкст, але калі ён яго зацікавіў і ў яго ёсьць магчымасьць даведацца, як Караткевіч пісаў гэты твор, то я думаю, такіх людзей могуць быць сотні”.

Аксак: “Калі ўжо вы далучыліся да таямніцы стварэньня гэтага твору і ягонага далейшага лёсу, то, можа быць, некаторыя зь іх адкрыеце нашым слухачам. Напрыклад, ці даведаліся вы, чаму твор, напісаны ў 1964 годзе, быў надрукаваны ўпершыню толькі праз чатыры гады, ды й тое не ў арыгінале, а ў перакладзе на расейскую мову ў другім нумары часопіса “Нёман” за 1968 год”?

Лабадзенка: “Гэта яшчэ адна з таямніцаў гэтага твора. Караткевіч скончыў яго ў Рагачове 2 жніўня 1964 году. А Васіль Сёмуха, які тады гасьцяваў у Караткевіча ў дзедавай хаце ў Рагачове, пераклаў яго на расейскую мову. І ў Васіля Сяргеевіча захаваўся друкапіс перакладу, на якім рукой Караткевіча ўнесеныя праўкі. А чаму ўпершыню быў надрукаваны пераклад, а не арыгінал, я яшчэ не разьбіраўся”.

Аксак: “Ладзьдзя Роспачы” напісана ў Рагачове, і галоўны герой аповесьці Гервасій Выліваха – рагачовец. Ці шануюць рагачоўцы аўтара твора і яго героя, якія ўславілі іхні горад?”

Лабадзенка: “Нават чыноўнікі гарвыканкаму характарам – як той Гервасій Выліваха, такія ж шчырыя і ўпартыя. У размове зь імі я пачуў, што яны ганарацца тым, што Караткевіч меў дачыненьне да Рагачова. І адна зь іхных ідэяў па ўшанаваньні памяці пісьменьніка – гэта ўсталяваньне помніка Гервасію Выліваху. Першапачаткова яны хацелі ставіць помнік Караткевічу. Але пасьля, калі вырашылі ўсталяваць на хаце, у якой ён пісаў, мэмарыяльную дошку з барэльефам пісьменьніка, то вырашылі, што помнік будзе яго паўторам. А затым у Воршы ўжо стаіць цудоўны помнік Караткевічу, і рагачоўцам яго перасягнуць будзе вельмі цяжка. Таму яны вырашылі паставіць помнік выбітнаму літаратурнаму герою – свайму земляку. І я падтрымліваю гэтую ідэю, таму што ў нашай літаратуры ёсьць такі, бадай што адзіны герой зь ярка выражанай гарадзкой прыналежнасьцю. Караткевіч праз кожныя два абзацы падкрэсьлівае, што гэта ўпарты рагачовец Гервасій Выліваха. І пазнаёміўшыся з сёньняшнімі рагачоўцамі я хачу сказаць, што ён гэта ня выдумаў, што ён гэта ўзяў ня зь неба”.


АЎТАР І ТВОР


АЛЕСЬ АРКУШ: “МАЯ МАРА – СТВАРЫЦЬ БЕЛАРУСКАГА ЗОРА”

Нараджэнец самага маладога беларускага гораду Жодзіна Алесь Аркуш свае найбольш значныя літаратурныя праекты ажыцьцяўляў у самым старажытным беларускім месьце – Полацку, а цяпер жыве ў “родна-замежным” Беластоку. Пра геаграфічныя перамяшчэньні ў прасторы, пра героя, якога не хапае беларускай літаратуры, а таксама пра прэмію “Гліняны Вялес” мы гутарым з Алесем Аркушам у нашай менскай студыі.

Міхась Скобла: “Алесь, ты столькі гарадоў зьмяніў за жыцьцё! А дзе табе найлепш пісалася і пішацца?”

Алесь Аркуш:
“Тут я мушу адназначна адказаць, бо ўжо пераканаўся не адзін раз, гэта – Полацак. На дзіва, мне вельмі цяжка пісалася ў маім родным Жодзіне, калі я прыяжджаю да бацькоў, я ніколі там практычна не пішу. На дзіва, мне няпроста было пісаць у Вільні, мне нават цяжка гэта патлумачыць і зразумець самому. А ў Полацку я знаходжу нейкае супакаеньне. Каб пісаць, трэба супакоіцца, і ў Полацку гэта ў мяне атрымліваецца”.

Скобла: “З кім жывеш – таго і песьні пяеш… На тваю думку, хто зь беластоцкіх літаратараў гаворыць сваё новае слова ў нашым пісьменстве?”

Аркуш: “Беластоцкая літаратура як бы варылася ў сваім уласным катле, і яна досыць адрозьніваецца ад “мацерыковай” беларускай літаратуры. Яна больш была пад уплывам эўрапейскай літаратуры, пад уплывам польскай клясычнай і сучасная літаратуры. У гэтым яе адрозьненьне, асабліва паэзіі, як мне думаецца. А калі казаць пра прозу, то для мяне самым цікавым пісьменьнікам, які мог бы пры адпаведнай раскрутцы, пры адпаведнай сытуацыі дужа зацікавіць беларускага чытача, зьяўляецца Міхась Андрасюк. У яго добрая проза, якая не зацыкліваецца на розных праблемах, яна проста насычаная гумарам. Мне здаецца, што ў беларускай літаратуры часта не хапае жыцьцядайнага гумару, такога не гумарыстычнага, але разьняволенага погляду на жыцьцё, таму што зацыкленасьць на праблемах стварае літаратуру, цяжкую для спажыцьця шараговым чытачом”.

Скобла: “Якое тваё стаўленьне да сецівалітаратуры? Ці маеш ты свой блог, і дзе праходзяць апрабацыю твае творы?”

Аркуш: “Блог я маю, але я не лічу яго пляцоўкай для публікацыі тэкстаў, блог для мяне існуе, каб кантактаваць зь людзьмі. Калі я быў у юначым узросьце, мне заўсёды бракавала простых чалавечых кантактаў, бо там, дзе я жыў, у Жодзіне, я не знаходзіў сяброў, якія б мяне разумелі, якім была б цікавая літаратура. Потым я паступіў у наргас, і там у мяне таксама была праблема зь сябрамі, зь якімі я мог бы пагаварыць пра паэзію, а вось з дапамогай блога вельмі проста знайсьці людзей твайго кола, якім было б цікава абмеркаваць нейкую праблему. Прычым, знайсьці іх можна літаральна ў тую ж хвіліну, проста ўключыць інтэрнэт, і хтосьці адгукнецца на твой голас, на твой зварот”.

Скобла: “У сваёй кнізе “Аскепкі вялікага малюнку” ты пісаў: “Я некалькі разоў за сваё жыцьцё быў не ў сваёй скуры”. Калі мець на ўвазе пераўвасабленьне аўтара ў свайго літаратурнага героя, то ў чыёй скуры пісьменьніку Алесю Аркушу было найбольш утульна?”

Аркуш: “Апошнім часам я шмат разважаю пра гэта. Жыцьцё паляцела ў нейкім шалёным тэмпе і пачало губляць фундамэнтальнае разуменьне “дом”. Для мяне мая любімая скура – гэта дом (бацька ў гэтым доме, муж). І вось гэты дом, дзе твае парадкі, дзе твае кніжкі, дзе твае пласьцінкі, дзе твае любімыя карціны, – гэта і ёсьць для мяне самая жаданая, самая любімая “скура”. Калі ж гаварыць пра скуру літаратурнага героя, то мне вельмі падабаецца герой вэстэрна, які адзін можа супрацьстаяць цэлай бандзе. Я нават хачу стварыць такога героя, толькі на беларускай глебе. Ня ведаю, ці атрымаецца, але гэта мая даўняя мара – стварыць беларускага Зора. Сьмелага героя, якога б любілі людзі, дзеці хацелі б быць на яго падобнымі, жанчыны кідалі б яму пад ногі кветкі”.

Скобла: “Дык такі герой ёсьць – Гервасій Выліваха” з “Ладзьдзі роспачы”.

Аркуш: “Магчыма. Але мне хочацца, каб быў вынік яго геройства”.

Скобла: “Ты – заснавальнік літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”. Ці вызначыліся ўжо ляўрэаты за 2009 год?”

Аркуш: “Пакуль не, але ляўрэаты абавязкова будуць названыя. Я, узваліўшы на сябе гэтыя абавязкі, не магу ад гэтай прэміі адмовіцца. Усё ідзе па такім самым сцэнары, як адбылося летась і пазалетась. Мы ў сваім коле чытаем, абмяркоўваем кнігі. І я на блогу таксама прашу, каб людзі вылучалі кніжкі на прэмію, выказваліся і тлумачылі, чаму яны лічаць тую ці іншую кніжку вартай прэміі. Яшчэ раз нагадваю, што ў шорт-ліст можа патрапіць пісьменьнік, які ня меў да гэтага “Глінянага Вялеса”. Людзі часта абураюцца, чаму, напрыклад, не патрапіў у шорт-ліст Алесь Разанаў ці Альгерд Бахарэвіч. Проста гэтыя аўтары ўжо маюць прэмію і таму не патрапілі. Мне здаецца, у 2009 годзе выйшла нямала цікавых кніжак, і ёсьць некалькі вартых прапановаў на ляўрэата”.


АЛЕСЬ АРКУШ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

Янка Журба

Як гэта па-эўрапейску:
паміраць у поўнай галечы,
сьляпым,
забытым чытачамі, калегамі, уладамі,
выдаўцамі, гісторыкамі, партыйнымі кіраўнікамі
рознага ўзроўню, ідэалягічнымі аддзеламі,
настаўнікамі роднай мовы, кіраўнікамі
гурткоў мастацкага слова, былымі падпішчыкамі
газэты “Наша Ніва”…


Як Мадыльяні, альбо Кафка, альбо Норвід…

Што заставалася ў спадчыну? Пустка,
на якой наканавана было зьявіцца
тваёй магіле. Навошта тлумачыць, ведаеш сам:
на пустках нетрывалыя нават пахаваньні валадароў.
Ці мусіш чакаць лепшай долі?

Няўтульна пачуваць сябе
дагістарычным выкапнем, да якога
зрэдку, з нагоды круглай даты, прыляталі на самалёце
беларускія савецкія пісьменьнікі.
Зьбіралі іх у дэлегацыю па Дамах творчасьці і
лецішчах на Нарачы
і везьлі ў Полацак на экскурсію –
паглядзець на Янку Журбу.

Ты не такі як яны, – ты і яны гэта выдатна
разумелі, – ты дакастрычніцкі,
і гэтае вызначэньне, як Дамоклаў меч,
вісела над тваёй галавой.

“Чаму Вы не прыходзіце да нас на літаб’яданьне?” –
запытаўся ў паэта аднойчы юнак, які стаў затым
савецкім паэтам.
“Малады чалавек, я тут хаваюся,” – адказаў яму Журба.

І ўсё ж на нешта ты, дзядзька Янка, спадзяваўся –
ці то на цуд,
ці то на вышэйшую, боскую справядлівасьць, –
бо пасяліўся побач са Спаскай царквой,
бліжэй да Эўфрасіньні Полацкай.
Тут непадалёк цябе і пахавалі –
на Ксавэр’еўскіх могілках.

Гэта адзіная магіла, на якую
я прыходжу ў гэтым горадзе.
Сьпі спакойна, паэце,
я цябе не забуду.

Уcяслаў

Акраверш


Паперадзе шыхтоў ваярскіх,
Еднасьць дэманструючы і сьмеласьць,
Радзімы сьцяг трымаючы ў руках,
Аднекуль, як з самое аблачыны,
Містычна князь Усяслаў зьявіўся на кані.
О! Як прыгожа ён узьняў свой меч!
О! Як высока ўзьляцелі родныя аблокі!
О! Як сувора ў дзідах вецер адгукнуўся!
Гул па шыхтох панёсься: Усяслаў!!!
Аднолькава загрукалі ў грудзёх крывіцкіх сэрцы.


* * *

рукі на ўзроўні плячэй
не
гэта не фіззарадка
у дзіцячым летніку
“Чайка”
і гэта не разьмінка
на ўроку фізкультуры
пад кіраўніцтвам
Браніслава Станіслававіча
у СШ №1 імя Пятра Купрыянава

рукі на ўзроўні плеч
і порстка-порстка
перабіраючы нагамі
рухаючыся па коле
хутчэй яшчэ хутчэй
адзін за адным
па коле па коле
хутчэй хутчэй

мільгаюць вокны
толькі вокны якія
пакінулі рамы дамоў
толькі вокны распазнаеш
у гэтым шалёным тэмпе
лезгінкі


* * *

марыць па-сапраўднаму
гэтага ў нас ніхто не адыме
пра што – не істотна
бо марыць –
як мець надзею
на лепшае і сьветлае
і не істотна што сьвет
як дзіцячы калейдаскоп
пры кожным руху
укладае новы малюнак
з прастакутнікаў ромбікаў
трохкутнікаў і кружочкаў –
падставовых матэрыялаў
для любой сур’ёзнай справы

мара – гэта вочка калейдаскопу
глядзець у якое дазваляецца
у час гульні зь дзецьмі
у час сьвята нашага таямнічага
і ў свой апошні час

Агульная справа адзінаццаці

адзінаццаць чалавек
сядзяць на падсуднай лаве
у Беластоцкім раённым судзе

Алега Латышонка
як сьведку па справе
выдаляюць з судовай залі

не бяда –
двухмэтровы Алег бачыць здалёку

Лена Глагоўская выкладчыцкім позіркам
узіраецца ў мяне –
спрабуе пазнаць

мы ня бачыліся бадай гадоў дзесяць

разам зь Мірай Лукшай яны сядзяць
паміж двума Яўгенамі —
Мірановічам і Вапай

можна загадваць жаданьне

ня важна
што прачытае пракурор
у абвінаваўчай прамове

ня важна
якія пытаньні задасьць судзьдзя
адзінаццаці падсудным

важнасьць не вызначаецца ў судзе

у адзінаццаці абвінавачаных
ёсьць агульная справа
па якой
свой суворы прысуд
вынясе сама гісторыя


* * *

Fleetwood mac
такім знаёмым голасам
зь беластоцкай FM-кі
запрашае да гарбаты

кіпень сапраўды ўжо гатовы
і лусьцікі накроены

дваццаць восем гадоў таму
пад Fleetwood Mac
пры выключаным сьвятле
мы танчылі
на маіх праводзінах у войска

і цалаваліся
і марылі
і абяцалі

мары ня спраўдзіліся
абяцаньні даўно парушаны
засталіся толькі ўспаміны
пра дотыкі дзявочых вуснаў