Сьнежны мур на гарадзенскім аўтарынку

На гарадзенскім аўтарынку.

Гарадзенскі аўтарынак вядомы ва ўсёй Беларусі. Горад памежны і для многіх гарадзенцаў бізнэс на машынах, прывезеных з Польшчы, Нямеччыны, ды іншых краінаў — традыцыйная справа. У зьвязку са зьменай мытных збораў за аўтранспарт, цяперашніх і плянаваных, пачалі расьці цэны. Што сёньня адбываецца на гарадзенскім аўтарынку?
Карэспандэнт: «Вядомы аўтамабільны рынак у Горадні — гэта, уласна кажучы, старая ўязная дарога ў горад з боку Менску, уздоўж якой выстаўленыя абапал машыны. І зараз я пацікаўлюся ў наведнікаў: ці набыў сёньня хто-небудзь машыну, такую, якую хацеў?»

Малады спадар: «Няма больш рынку, нічога ня выбралі, хацелі тысяч за сем даляраў прыкладна».

Ягоная жонка: «Падаражэць не падаражэла, але за такія грошы нічога цікавага няма. Я хацела маленькую, але нічога такога няма. Усё старое».

Спадар: «Машын менш стала і выбар меншы, у асноўным „дызэлі“ тут, бэнзынавую знайсьці цяжкавата, расход паліва амаль аднолькавы стаў, літар-два розьніца, то цяпер лепей бэнзынавую купляць. Я шукаў „Опэль-зэфір“, знайшоў толькую адную на бэнзыне. Малы выбар нават паводле марак машын».

Ягоны сын: «А я сабе ўжо набыў у мінулыя выходныя узяў „БМВ“, „пяцёрку“ за 7100, 1998 год. А бацька таксама мае, але другую цяпер бярэ. Адную знайшлі, можа падумаем, ды вернемся».

Іншы спадар: «Цэны вялікія, ня выбраў».

Міліцыянт: «Мужчына, вы тут прыстаеце зь мікрафончыкам».

Карэспандэнт: «Вось падышоў старшы прапаршчык, а я журналіст, цікаўлюся ў людзей — ці хто-небудзь купіў машыну? А ў вас якія зьвесткі?»

Міліцыянт: «Няма ў мяне ніякіх зьвестак...»

Спадар: «Няма клясычных марак — „аўдзі“, „мэрсаў“, будзем езьдзіць на тых, што маем».

На гарадзенскім аўтарынку прадаўцы машын грэюцца ля вогнішча ў «сьнежнай фартэцыі».

Карэспандэнт: «Вось цікавая сцэна: я ўбачыў мужчынаў, якія пабудавалі мур са сьнежных камякоў, паставілі мангал, мяхі з драўляным вугалем, зрабілі вогнішча і грэюцца. І яны мне сказалі, што побач стаяла машына, якая ад’ехала, яе прадалі. Побач тут аўтобус „Рэно-мастэр“ 2004 году, каштуе 12800 умоўных адзінак: гідраўзмацняльнік, паліўны бак на 110 літраў і іншыя рэчы. Міма мяне праяжджае машына, на шыбе напісана — „прадаецца“, гэта „Аўдзі-6“, 2001 год, 12500 тысяч умоўных адзінак. Вось людзі цікавяцца, рзглядаюць „Опэль-вэктра“, цана 6750, год выпуску 2000-ы. Можна канстатаваць, што гарадзенскі аўтамабільны рынак яшчэ не памёр, машыны стаяць, людзі ходзяць, прыглядаюцца, але ўражаньне такое, што купляюць няшмат, менавіта пра гэта гаварылі самі наведнікі аўтарынку».