Якія беларускія кнігі карысталіся сёлета найлепшым чытацкім попытам? Высьветліць гэта мы папрасілі Алеся Квіткевіча — дырэктара прыватнага выдавецка-рэклямнага ўнітарнага прадпрыемства «БелТонМэдыя», пры якім паўгода таму была адчыненая першая беларуская інтэрнэт-кнігарня Prastora.by --> http://www.Prastora.by .
Уладзіслаў Ахроменка, Макім Клімковіч. Янкі, альбо Астатні наезд на Літве. Кінараман-фарс. Менск, «Медысонт», 2007.
Мой асабісты «намба ўан». Найлепшае з таго, што прачытаў па-беларуску за апошнія гады. Ад сьмеху почасту на вачах праступалі сьлёзы, а часам наадварот, празь сьлёзы хацелася сьмяяцца. Мару зрабіць з гэтага тэксту аўдыёкнігу. Або нават, як выказаўся адзін з аўтараў, «праўдзівы музычны спэктакль». Мяркуем запрасіць да ўдзелу Віктара Шалкевіча. Думаю, павінна атрымацца цікава...
Анджэй Суліма Камінскі. Рэспубліка супраць аўтакратыі. Рэч Паспалітая і Расія ў 1686—1697 гадах. (Пераклад з ангельскай А.Мартынава). Менск, выдавец І. Логвінаў, 2009. (Кнігарня «Наша Ніва»).
Адна з самых прадаваных на сёньня кніга ў нашай інтэрнэт-краме. Для мяне факт досыць дзіўны, але знаўцы гісторыі, пэўна, ня ўбачаць у гэтым ніякае нечаканкі. Яно й зразумела: выданьне перакладное, адпаведна сьветапогляд аўтара не абцяжараны каляніяльным або імпэрскім бачаньнем сьвету й гісторыі, што часам прысутнічае ў гістарыяграфіі айчыннай і нашых бліжэйшых суседзяў.
Увогуле, тэндэнцыя засьведчыла, што кнігі пра гістарычнае мінулае нашага краю маюць сталы попыт у чытачоў. Што прыемна. Шмат каму з суайчыньнікаў я б раіў актыўней займацца напаўненьнем зьместам і крэатывам непасрэдна тут і цяпер, то бок уласна «стварэньнем гісторыі сёньняшняй», але, безумоўна, бяз добрага й праўдзівага веданьня свае мінуўшчыны зрабіць гэта немагчыма.
Уладзімер Арлоў. усё па-ранейшаму толькі імёны зьмяніліся. Вершы. Мінск, выдавец І. Логвінаў, 2009. (Кнігарня «Наша Ніва»).
Яшчэ адзін гіт выдавецкай сэрыі «Кнігарня Наша Ніва». Калі браць папярэднюю пазыцыю, то й назвы гэтых дзьвюх кнігаў можна падаваць адна за адною ды пры пэўнай долі фантазіі нават уяўляць іх, як дзьве кропкі адной лініі: «Рэспубліка супраць аўтакратыі» — «усё па-ранейшаму толькі імёны зьмяніліся». Хоць новы зборнік вершаў Уладзімера Арлова зусім пра іншае. Як на мяне, кніга гэтая надзвычай шчымлівая сваёю шчырасьцю і глыбока індывідуальная, як і бадай што ўсе папярэднія кнігі спадара Арлова. Нягледзячы на тое, што паэзія ўвогуле ў параўнаньні з прозаю купляецца досыць млява, новыя кнігі Уладзімера Арлова (якімі б яны ні былі — празаічнымі, паэтычнымі ці хоць бы (!) маляванымі) запатрабаванымі, здаецца, будуць заўсёды. Раю чытаць на самоце — ведаючы, што як мінімум паўдня сьпяшацца нікуды ня будзе трэба.
Паветраны шар. Беларускае мужчынскае апавяданьне. Вільня, «Інстытут беларусістыкі», 2007. (Кнігарня «Наша Ніва»).
Як ні парадаксальна, зборнік лепшых мужчынскіх апавяданьняў купляюць найбольш... жанчыны! Зрэшты, і яе гендэрны аналяг, кнігу беларускіх жаночых апавяданьняў «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю» таксама замаўляюць пераважна жанчыны. У зьвязку з гэтым пачынаю ўсё болей і болей верыць словам Уладзімера Арлова пра тое, што адным з будучых кандыдатаў у прэзыдэнты будзе жанчына, якая цяпер дзесьці «чытае падручнік, смажыць дранікі, цалуецца» або замаўляе кнігі ў інтэрнэт-краме Prastora.by!
Астрыд Ліндгрэн. Піпі Доўгаяпанчоха. (Пераклад са швэдзкай Дз.Плакса). Менск, выдавец Зьміцер Колас, 2008.
Ад часу зьяўленьня ў нас на паліцах гэтая кніга адразу сталася адной з найпапулярнейшых сярод дзіцячых выданьняў. І гэта пры тым, што досыць шырока прадстаўленыя кнігі такіх карыфэяў дзіцячае кнігі, як дзяржаўныя выдавецтвы «Літаратура і Мастацтва» і «Мастацкая літаратура». Значыць, попыт на гэты твор менавіта па-беларуску ёсьць. У такой сытуацыі застаецца толькі пажадаць аўтарам праекту перакладу прыгодаў «самай моцнай, вясёлай, добрай і багатай дзяўчынкі ў сьвеце» імпэту выдаць і астатнія часткі аповесьці. Удачы ім і чакаем працягу!