Спэцыялісты кажуць, што ўжо ва ўлоньні маці фармуецца эмацыйна-псыхічны складнік дзіцяці. Таму цяжарным жанчынам рэкамэндуюць слухаць пэўную музыку, прыкладам, клясычную. А наш сёньняшні экспэрт паэт і малады бацька Анатоль Івашчанка прапануе кнігі, якія будзе, на ягоную думку, неабходна прачытаць будучым маці, каб нарадзіць і выхаваць сапраўднага беларуса. | |
Ларыса Геніюш. Споведзь. Менск, «Мастацкая літаратура», 1992.Мажліва, хтосьці зьдзівіцца гэтай рэкамэндацыі — маўляў, «Споведзь», дзе апісваюцца жудасьці турэмнага ды лягернага існаваньня, — ня лепшая чытанка для цяжарных. На маю ж думку, гэта — вышэйшы ўзор беларускае духовае літаратуры. Ці нават — літаратуры агіяграфічнае. Свайго роду жыціе ад першае асобы. Колькі б ні чакала шчэ нас наперадзе спакусаў і выпрабаваньняў, выпакутаваныя словы Ларысы Геніюш, падобна да жыційных тэкстаў, абуджаюць веру й дораць душэўны супакой: «У краі гэтым нідзе не было й ніколі не было хрысьціянскіх сьвятыняў, дарогу ў тундру пракладалі мы, але Бог ішоў за намі, і [...] Ён ніколі не пакідае тых, якія яму моцна вераць, дык і хлеб нам дасьць, і поўнач ацепліць, і пераменіць сэрцы ворагаў, абудзіць сумленьне...» Вядома, гэтую кнігу варта прачытаць ня толькі будучым матулям, але і ўсім тым маладзёнам, каму сёньня прапаноўваюць глядзець на беларускі вызвольны рух праз прызму такога гульлівага слоўца, як «лузерства»... | |
Рыгор Барадулін ... паслаў бы Табе душу. Менск, «Лімарыус», 2009.Падаецца, ніводны мастацкі твор не выклікаў у мяне ўвадначасьсе столькі нястрымнага сьмеху й расчуленасьці ледзь не да сьлёзаў, як гэтае ліставаньне паміж будучым Народным паэтам і яго дарагой матуляй Кулінай Андрэеўнай. Дай Бог, каб нашыя дзеці пасталеўшы... не, не пісалі нам вялікіх лістоў са словамі ўдзячнасьці, але пранесьлі праз жыцьцё хаця адсотак тае барадулінскае пяшчоты, любові й адданасьці... | |
Альгерд Чыж. Беларускі іменьнік. Гомель, «COLLEGIUM SARMATICUM», 1998.Настольная кніга будучых матуляў, якая можа канкураваць хіба што з малітоўнікам (які мы дзеля паліткарэктнасьці не ўключылі ў гэты рэйтынг) — іменьнік. Асабліва ў позьні тэрмін цяжарнасьці. Дык няхай жа беларускія матулі абіраюць імёны сваім будучым волатам ды князёўнам з традыцыйных беларускіх, «асьвечаных стагодзьдзямі». Адзіны ў сваім родзе і, што праўда, рарытэтны на сёньня беларускі іменьнік Альгерда Чыжа прапануе як імёны гістарычных асобаў (князёў, культурных дзеячоў, нават літаратурных пэрсанажаў) ды вытворныя ад іх памяншальна-ласкальныя формы, гэтак і шэраг экзатычных, як на сёньняшні слых імёнаў, што захаваліся ў назовах рэк і паселішчаў (Мядзел, Нёман, Сож, Волма, Заслава, Няміга, Ружана і інш.). Асобна трэба адзначыць імёны, прапанаваныя-вынайдзеныя ўкладальнікам, сярод якіх колькасна пераважаюць жаночыя: Вабна, Заранка, Квета, Мроя, Мята, Ясна і інш. | |
Пакахай мяне, калі ласка... Зборнік сучаснай жаночай беларускай прозы. Менск, «Кнігазбор», 2009.Калі вы чакаеце дзяўчынку, абавязкова прачытайце зборнік сучаснай жаночай беларускай прозы «Пакахай мяне, калі ласка...» У кнізе зьмешчаны тэксты 22-х аўтарак, у кожнай зь якіх — свой голас, свая інтанацыя. Пры гэтым, зборнік пакідае адчуваньне гарманічнае цэльнасьці. Шматгалосьсе жанчынаў-літаратарак, якія ня хочуць выходзіць з-пад якога-колечы кантролю, бо ў гэтае псэўдакантраляванасьці — іхная сіла й вышэйшая ўлада, ёсьць сімфоніяй жаноцкасьці. | |
Павал Севярынец. Лісты зь лесу. Вільня, «Інстытут беларусістыкі», 2007.Калі ж вы чакаеце хлапца й жадаеце, каб ён выгадаваўся, як той казаў, ня цынікам, але стоікам, чытайце «Лісты зь лесу» Паўла Севярынца. |
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1