Грамадзкая рэдактарка гэтага тыдня – Тацяна Шапуцька. Скончыла сталічную гімназію №1 імя Францішка Скарыны з паглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы. Летась паступіла на юрыдычны факультэт БДУ. Апошнія два гады – сябра «Маладога фронту», неаднаразова затрымлівалася. 7 лістапада 2008 году за ўдзел у антыкамуністычным пікеце ля КДБ была арыштаваная на трое сутак. Днямі Тацяну выключылі з унівэрсытэту.
Тацяна Шапуцька вызначыла найлепшыя матэрыялы сайту "Свабоды" за 16 сьнежня, серада:
Форум. Стэфан Эрыксан
Нарэшце ў онлайн-канфэрэнцыі “Радыё Свабоды” прыняў удзел улюбёны амбасадар беларускамоўнай моладзі – спадар Стэфан Эрыксан, які прадстаўляе Швэцыю. Павага й сымпатыя, якую адчуваюць беларусы да замежніка, што бліскуча валодае беларускаю моваю й выдатна ведае гісторыю Беларусі, выліліся ў разнастайныя пытаньні як палітычнага, так і культурніцкага зьместу. І, зразумела, ня менш цікавыя адказы амбасадара на нашай чысьцюткай мове. Што асабліва закранае – на пытаньні, напісаныя на замежных мовах, спадар Эрыксан адказваў па-беларуску, выказваючы такім чынам павагу да беларусаў. За што шчыры дзякуй.
Успаміны пра Ягора Гайдара
Успаміны расейскіх і беларускіх паплечнікаў пра вядомага палітыка й эканаміста Ягора Гайдара, што памер у сераду..Удала падабраныя камэнтатары й фотаздымкі Гайдара даюць даволі зьмястоўнае ўяўленьне пра аўтара знакамітай праграмы “шокавай тэрапіі”.
Інавацыі году: разгадка ўтварэньня сусьвету й вакцына ад ВІЧ?
Займальны матэрыял. Навіны, што ўтрымліваюць падвядзеньні вынікаў за год па тым ці іншым накірунку – зьява традыцыйная, але каб напісаная беларускім аўтарам на беларускай мове – рэдкая.
Навіны “Заробак Арцёма Дубскага ў калёніі – 5 даляраў у месяц” і “Артур Фінькевіч: салідарнасьць – гэта моцная штука” – актуальныя рэпартажы, прысьвечаныя праблеме палітвязьняў. 16-га чысла ўявіць незалежную інфармацыйную крыніцу без падобных навінаў немагчыма.