Фаервэркі — толькі легальныя і толькі на дварэ

Cупрацоўнікі ГУУС Менску правядуць «выхаваўчыя» гутаркі з кіраўніцтвам усіх забаўляльных структур беларускай сталіцы пра недапушчальнасьць выкарыстаньня піратэхнікі ў закрытых памяшканьнях.
«У сувязі з трагічнымі падзеямі ў Пярмі кіраўніцтвам ГУУС Менску прынятае рашэньне папярэдзіць кіраўнікоў усіх рэстарацый, дыскатэк, бараў, іншых забаўляльных месцаў пра недапушчальнасьць выкарыстаньня піратэхнікі ў закрытых памяшканьнях», — паведамляе агенцтва «Інтэрфакс-Захад».

«Супрацоўнікі менскай міліцыі сустрэнуцца з кіраўнікамі ўсіх забаўляльных месцаў гораду, каб папярэдзіць пра неабходнасьць адпаведнасьці правілам бясьпекі ў часе калядных і навагодніх сьвятаў», — сказалі ў ГУУС.

Так званы «перадсьвяточны» сэзон барацьбы зь незаконным распаўсюдам піратэхнічных прыладаў пачынаецца традыцыйна за некалькі месяцаў да ўласна навагодніх сьвятаў.

Толькі за мінулую нядзелю на рынку Ждановічы выявілі ў нелегальным продажы 3,5 тысячы штук піратэхнічных вырабаў, у суботу на тым жа рынку іх было знойдзена больш за 14,5 штук.

Цягам лістападу супрацоўнікамі міліцыі з незаконнага звароту было канфіскавана больш за 40 тысяч адзінак рознай піратэхнікі.

Праблема нелегальнага выкарыстаньня піратэхнічных прыладаў зьяўляецца сэзоннай і традыцыйна калядна-навагодняй.

Прыкладам, у 2006-м годзе паводле прадстаўніка МУС у Віцебску быў выпадак, калі дзяўчына з хлопцам пацярпелі ў выніку запуску сыгнальнага патрону. У тым жа годзе ў Беларусі было канфіскавана 460 тысяч адзінак піратэхнікі, 344 грамадзяніна прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасьці, 286 чалавек былі пакараны за выкарыстоўваньне піратэхнікі, прычым болей за палову іх — «па канкрэтных скаргах жыхароў».

За несанкцыянаванае выкарыстаньне піратэхнікі прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць ад штрафных санкцый да арышту.