Аптэкі: “Прадайце тое, чаго няма”

Давялося пачуць у транспарце размову, нібыта канцэртныя залі і кінатэатры адмяняюць сэансы, бо наведваць публічныя месцы робіцца небясьпечным з прычыны эпідэміі. Але, паводле зьвестак з саміх кінатэатраў, гэта проста чуткі.

У аптэках кажуць, што пакупніцкі ажыятаж крыху пайшоў на спад. Арпетол, па які тыднямі стаялі чэргі, у аптэках зьяўляецца, ёсьць рэмантадын і маскі. Але цяпер мэтазгоднасьць іх ужываньня ставіць пад пытаньне ўжо Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя.

У кінатэатры “Мір” сувязі паміж эпідэміяй і запоўненасьцю кіназаляў не знайшлі:

“Залежыць ад фільму. Цяпер вось ідзе “2012” — поўныя залі. На “Маладзік. Змрок” на 19-га амаль усе квіткі на вячэрні сэанс прададзеныя”.

У басэйне “Алімп” сьведчаць, што наведнікаў стала крыху меней:

“У сувязі з эпідэміяй крыху людзей стала меней, гэта натуральна. Але… Ну, няшмат у нас наведнікаў. Бывае 10 чалавек на сэансе, бывае 18, але бывае і 4”.

А ў Палацы воднага спорту ніякіх зьменаў не заўважылі:

“У нас хто хадзіў да нас — тыя і ходзяць. І менавіта дзякуючы басэйну і трымаюцца, не хварэюць”.

На гэтым тыдні дзяцей стала значна болей, — распавялі мне ў 142-м дзіцячым садку Менску. Але зьвязваць гэта можна і з тым, што бацькам няма як трымаць дзіця ў хаце: хто ж яго глядзець будзе, пакуль самі на працы?

“У нас адсутнічае сёньня 49 дзяцей па ўсім садку. А разам у нас 196 дзетак. З гэтых сарака дзевяці 21 — па даведцы, хварэюць, 28 — без прычыны, гэта значыць — бацькі трымаюць дзяцей дома. Сытуацыя мяняецца з кожным днём у лепшы бок, на перадапошнім тыдні значна, значна болей адсутнічалі дзеці”.

У аптэках ажыятаж крыху паменеў, распавялі ў адной з аптэк “Бераліна”. Зьявіўся і таміфлю. Але набыць яго няпроста:

“112 тысяч 750 рублёў. Але мы пакуль не прадалі ніводнага. Пытаюцца — і ўсё. Бо на яго надзвычай строгія правілы продажу. За сямю пячаткамі, як той казаў”.

Сытуацыя мяняецца на вачох:

“Учора прадаваўся арпетол — было болей людзей. Зараз — меней, хаця лекі ёсьць. Анафэрон чамусьці не бяруць, і дзіцячы ёсьць, і для дарослых ёсьць. Рэмантадын ёсьць, 510 рублёў за 10 таблетак, але не бяруць. Выглядае так, што дайце тое, чаго няма. Марлевыя павязкі ёсьць, ужо тры дні імі гандлюем, трохслойная маска каштуе 450 рублёў”.

Магчыма, цікаўнасьць да арпетолу і рэмантадыну зьнікла ў зьвязку з інфармацыяй Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, якую агучыў яе прадстаўнік Ягор Зайцаў учора:

“У нас ёсьць доказы таго, што таміфлю і аналягі гэтага сродку сапраўды эфэктыўныя. Арпетол і арбедол — гэта не антывірусныя сродкі, гэта імунастымулятары. А зьвестак пра ўзьдзеяньне імунастымулятараў — ані станоўчых, ані адмоўных правераных зьвестак — няма”.

Тым часам на пачатку лістапада беларускі міністар аховы здароўя Васіль Жарко раіў лекавацца менавіта згаданым арпетолам. Маўляў, дапамагае ён ня горш, а ў некаторых пазыцыях лепей за таміфлю.

Пакуль у аптэках не было таміфлю, Жарко прапаноўваў у якасьці альтэрнатывы айчынны рэмантадын. На дадзены момант кошт рэмантадыну ў сетцы аптэк “Бераліна”, да прыкладу, складае 510 беларускіх рублёў.