Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Таміфлю? Мы, аптэкары, самі яго ня бачылі”


Атрымаць кваліфікаваную медычную дапамогу і знайсьці патрэбныя лекі ад грыпу ў рэгіёнах значна больш складана, чым у Менску. Пра канкрэтныя сытуацыі даведваліся карэспандэнты “Свабоды”.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Вірус грыпу А/Н1N1 выяўлены ў 18 чалавек


На Магілёўшчыне пацьверджаныя дзьве сьмерці ад пнэўманіі. Вірус грыпу А/Н1N1 выяўлены ў 18 чалавек.

Сьмяротныя выпадкі прызнаў галоўны лекар управы аховы здароўя Аляксандар Старавойтаў.
у горадзе ад пнэўманіі памерла 27 чалавек за дзесяць сёлетніх месяцаў ...

“Калі ўжо браць мінулыя тры тыдні, у нас зарэгістраваныя два выпадкі сьмерці ад пнэўманіі. У адным выпадку высеяны вірус А/H1N1. Усяго ж у горадзе ад пнэўманіі памерла 27 чалавек за дзесяць сёлетніх месяцаў”.

Пра сьмерць мэдсястры з Горак “Свабода” паведамляла яшчэ 9-га лістапада. Жанчына памерла ў абласной бальніцы, куды яе даставілі тыднем раней. Факт сьмерці мэдыкі прызналі, аднак не ўзяліся адназначна сьцьвярджаць пра наяўнасьць вірусу грыпу А/H1N1. Пра другі сьмяротны выпадак у Магілёве хадзілі толькі чуткі.

За апошнія суткі па мэдычную дапамогу зьвярнуліся 4800 чалавек


На сёньня ў рэгіёне афіцыйна прызнаюцца 18 выпадкаў захворваньня на “сьвіны грып”. З дыягназам “пнэўманія” ў трох магілёўскіх шпіталях на канец мінулага тыдня знаходзілася каля 110 чалавек.

За мінулыя суткі па мэдычную дапамогу праз захворваньні на грып і вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі зьвярнуліся больш за 4800 чалавек, зь іх амаль паўтары тысячы — школьнікі. Найбольш складаная сытуацыя, паводле магілёўскага абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, у Крычаўскім і Мсьціслаўскім раёнах.

У рэгіёне на карантыне яшчэ 46 навучальных устаноў


“Гарадзкія жыхары больш-менш трымаюцца. Ім жа тут побач. А тыя, якія зь сельскай мясцовасьці, дзе транспарт дрэнна ходзіць, — канечне, там пытаньне больш складанае. За ноч было да грыпозных хворых 19 выклікаў. І пнэўманія ёсьць. І ў дзетак ёсьць, але няшмат. У дарослых -- у асноўным, сярэдняга веку”, — паведаміў мэдык з Мсьціслаўскай раённай бальніцы.

Канкрэтную лічбу хворых на пнэўманію лекар адмовіўся называць, але зазначыў, што іх для райбальніцы нямала. Вядома, што ў раёне па мэдычную дапамогу за мінулыя суткі зьвярнуліся 190 чалавек. Ад панядзелка ў Магілёве й Бабруйску дзеці пайшлі ў школу. Тым часам у рэгіёне 46 навучальных устаноў застаюцца зачыненымі на карантын.


ВІЦЕБШЧЫНА


Цяжкая форма хваробы выяўлена ў дзьвюх тысяч жыхароў Віцебшчыны


181 школа Віцебшчыны — па-ранейшаму на карантыне. Перадусім гэта школы ў рэгіёнах. У абласным цэнтры заняткі аднавіліся з 16-га лістапада.

Карантын у Віцебску адмянілі, але настаўнікі адзначаюць, што шмат дзяцей няма ў школе з прычыны хваробы.

“У некаторых клясах па 8 чалавек няма. І ўсіх пералічваюць. Па ўсёй школе, мабыць, гэта не крытычна, але дзяцей пералічваюць”, — распавядае настаўніца віцебскай сярэдняй школы № 33.

Школы зачыняюцца на карантын, калі няма траціны дзяцей. Але настаўнікі лічаць, што другім разам заняткі адмяняць ужо ня будуць, нягледзячы на статыстыку.


Дыягназы “грып” і “ВРВІ” быў пастаўлены больш як 67-мі тысячам жыхароў Віцебшчыны


Паводле дадзеных абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, ад пачатку лістапада дыягназы “грып” і “ВРВІ” былі пастаўленыя больш як 67-мі тысячам чалавек, зь іх амаль 29 тысяч дзяцей. У шпіталь зь цяжкай формай хваробы трапілі каля дзьвюх тысяч жыхароў Віцебшчыны, і амаль 60% зь іх — гэта дзеці.

Згодна з афіцыйнымі паведамленьнямі, у вобласьці выяўлены грып А, В і парагрып. Так званага “сьвінога” грыпу аналізы нібыта ніводнага разу не паказалі. Аднак сярод мясцовых жыхароў, напалоханых аптэчным дэфіцытам супрацьвірусных сродкаў, ужо ходзяць чуткі, што зь лекараў нібыта ўзялі падпіску пра неразгалошваньне нейкіх прафэсійных зьвестак.


“Зь Віцебску аналізы накіроўваем у Менск, але вынікаў ніякіх не атрымліваем”


Лекарка віцебскага абласнога шпіталя цьвердзіць, што гэтыя чуткі непраўдзівыя і што пра сытуацыю з хваробай лекары ведаюць не нашмат болей, чымсьці шараговыя гараджане:
аналізы адпраўляюць у Менск, і вынікаў назад не прысылаюць ...

“Гэта ўсё хлусьня, ніхто нас ні пра што не папярэджваў! Усё гэта няпраўда. Аднак факт тое, што аналізы адпраўляюць у Менск, і вынікаў назад не прысылаюць. Так кажуць нашы інфэкцыяністы. Пра “сьвіны” грып ніякіх зьвестак па Віцебску няма”.

Праз адсутнасьць праўдзівай інфармацыі ў горадзе загаварылі пра нейкую “лёгачную чуму” — адмысловую форму пнэўманіі, ад якой паміраюць людзі. Лекары кажуць, што гэтая чутка пайшла ад іхных калегаў, і цяпер у горадзе паніка:

“Нехта зь лекараў выказаў сваё прыватнае меркаваньне, што гэта чума — бо чума мае лёгачную форму. Гэта нічым не пацьверджана, але ўжо пайшло “ў народ”, баба бабе сказала — і далей”.

У Віцебску ходзяць чуткі і пра лёгачную чуму

зрабіць флюараграфію стала праблемай — там страшэнныя чэргі, ...

Чуткі пра лёгачную чуму прывялі да таго, што ў “хуткай дапамогі” прыбавілася працы: нават пра сымптомах звыклай прастуды людзі адразу выклікаюць гэтую службу, а не ўчастковых лекараў. І зрабіць флюараграфію стала праблемай — там страшэнныя чэргі, распавядае супрацоўніца рэгістратуры віцебскай паліклінікі № 1:

“Чэргі, канечне, ёсьць. Я вам шчыра кажу: я сёньня як прыйшла а 7-й, як села на тэлефон, дык нікуды адысьціся не магу. І не магу сказаць, колькі чалавек там чарга. З паловы на восьмую да паловы на восьмую флюараграфію робяць, і там заўжды чэргі, дакладна вам кажу. А прышчэпак ад грыпу мы больш ня робім. Вакцына скончылася. І калі будзе наступны прывоз-завоз, я не магу сказаць”.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Эпідэмія крыху суцішылася, але ня дрэмле


У апошнія дні на Гомельшчыне колькасьць людзей, якія захворваюць на грып і ВРВІ, спакваля зьніжаецца. Калі на мінулым тыдні цягам дня ў мэдустановы рэгіёну па мэдычную дапамогу зьвярталася ад 10 да 20 тысяч чалавек, то зараз — нашмат меней.


Раённыя лякарні ў Ельску, Лоеве і іншых райцэнтрах перапрафіляваныя на лячэньне прастуды


Гаворыць прадстаўніца абласной санітарна-эпідэміялягічнай службы:

“На сёньня ў нас захварэла каля 7 тысяч — гэта па вобласьці. Назіраецца тэндэнцыя да паніжэньня. І захворваньні сярод дзетак зьніжаюцца, бо зачыненыя на карантын школы”.

На карантын у рэгіёне зачынілі 482 установы адукацыі. У абласным цэнтры дзеці застаюцца на вымушаных вакацыях ужо адзінаццаты дзень.

Але сытуацыя з эпідэміяй вострых вірусных інфэкцыяў застаецца напружанай. Раённыя шпіталі ў Ельску, Лоеве ды іншых райцэнтрах перапрафіляваныя, каб лячыць хворых на прастудныя захворваньні.

Паводле абласной управы аховы здароўя, у рэгіёне памерлі ад вострай пнэўманіі 8 чалавек. У іх ліку — супрацоўніца цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны й экалёгіі чалавека й малады заатэхнік зь Веткі.

Тым часам генэральны дырэктар гандлёва-вытворчага прадпрыемства “Фармацыя” Аляксандар Глушнёў паведаміў у мясцовых мэдыях, што ў рэгіён, праз аплату й у якасьці гуманітарнай дапамогі, паступіў дэфіцытны прэпарат таміфлю.

Аднак у гарадзкіх аптэках на пытаньне пра таміфлю адказваюць звычайна так:

“Таміфлю — гэта строга па рэцэптах. У нас яго няма і не было. Мы яго самі ня бачылі на вочы...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG