АДС раяць Эўразьвязу працягнуць санкцыі

Лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі раяць чальцам Рады Эўразьвязу працягнуць яшчэ на шэсьць месяцаў мараторый на дзеяньне візавых абмежаваньняў для шэрагу беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку для Аляксандра Лукашэнкі. Гэтую пазыцыю яны агучылі сёньня на спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі.
Сваю прапанову лідэры АДС называюць “лягічнай і ўзважанай”. А абгрунтоўваюць яе тым, што “зьмены, якія адбыліся ў краіне за апошнія паўгода, носяць выключна касмэтычны і дэманстрацыйны характар”.

У прыватнасьці, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў:

Анатоль Лябедзька
“Асабіста для мяне адным з крытэраў зьмены палітычнага клімату ў Беларусі зьявіцца інфармацыя пра тое, што тыя тысячы і тысячы людзей, якія займаліся працай супраць іншадумцаў, супраць тых, хто мае іншы погляд на сытуацыю ў Беларусі, звольнены са сваіх пасадаў. Гэта будзе азначаць, што насамрэч зьмяніўся падыход і зьмяніўся рэпрэсіўны ціск. А паколькі гэтыя людзі і ўчора, і год таму прыходзяць на працу, атрымліваюць заробак, то можна казаць, што толькі нейкая мімікрыя адбылася”.

Анатоль Ляўковіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), падкрэсьлівае: разьвіцьцё дачыненьняў з Эўразьвязам павінна быць сыстэмным:

Анатоль Ляўковіч
“А мы сёньня добра бачым, што так не адбываецца. Зьмены ў дачыненьнях з Эўразьвязам павінны адбывацца як у эканамічна-сацыяльнай сфэры, так і ў палітычна-грамадзкай. І калі ў эканоміцы працэс акрэсьліўся, то пра грамадзка-палітычную галіну мы адназначна кажам: ніякага сыстэмнага працэсу тут не адбываецца”.

Лідэры АДС заявілі: вярнуцца да пытаньня адмены санкцыяў было б мэтазгодным толькі пасьля правядзеньня ў Беларусі выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Так, Анатоль Ляўковіч адзначыў:

“Мы займаем дастаткова памяркоўную пазыцыю. Мы кажам: давайце пабачым, як пройдуць мясцовыя выбары. Гэта даволі гучны палітычны працэс, які пакажа — хоць нешта адбываецца ў грамадзка-палітычнай сфэры ці не? На мой погляд, гэта ўзважаная і спакойная пазыцыя”.

Сяргей Калякін
А кіраўнік Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін сёньня казаў, што і на Захадзе ўжо многія разумеюць — беларуская ўлада падмяняе дыялёг з Брусэлем гульнёй зь ім:

“Гульня ў дыялёг заўжды небясьпечная. Ужо падобны дыялёг у пытаньні інтэграцыі з Расеяй цягам у 15 год завяршыўся. Завяршыўся вялікім правалам на гэтым вэктары і вялікімі стратамі для беларускай улады. На мой погляд, яны сёньня паўтараюць гэтую ж спробу на заходнім кірунку”.