Сьпікер Дзярждумы Расеі Барыс Грызлоў 6 лістапада вітаў стварэньне ў Нацыянальным сходзе Беларусі спэцыяльнай рабочай групы, якая зоймецца падрыхтоўкай да разгляду пытаньня аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Ці спрабуе Менск магчымым прызнаньнем гэтых рэспублік шантажаваць эўрапейскіх палітыкаў за некалькі дзён да разгляду пытаньня аб санкцыях супраць беларускіх чыноўнікаў? Ці магчыма ўвогуле прызнаньне Беларусьсю незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, улічваючы ўсе плюсы і мінусы такога рашэньня? На гэтыя пытаньні адказвае шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна.
Цыганкоў: Заява пра стварэньне ў беларускім парлямэнце адпаведнай групы прагучала падчас працы менскага форуму і за некалькі тыдняў да паседжаньня Рады Эўразьвязу, на якім будзе вырашацца лёс санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва. Ці можна дапусьціць, што гэтая заява ў такі час мае ролю пэўнага шантажу — маўляў, калі вы прымеце неспрыяльнае для нас рашэньне, то мы запусьцім мэханізм прызнаньня?
Калінкіна: Зразумела, я менавіта так і лічу. На самой справе адпаведная камісія ў парлямэнце была створана не цяпер, а яшчэ летам — і яна нібыта працуе, нібыта вывучае гэтую складаную сытуацыю. Уладзімер Макей невыпадкова агучыў гэта яшчэ раз менавіта на менскім форуме, бо там прысутнічалі вядучыя эўрапейскія экспэрты па беларускім пытаньні.
Зараз Менск хоча дабіцца поўнай адмены санкцыяў да беларускіх чыноўнікаў. І магчымае прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі — адна з картаў у гэтай палітычнай гульні.
Цыганкоў: Калі чарговы раз прааналізаваць магчымыя наступствы для беларускага кіраўніцтва прызнаньня — што пераважае? Нэгатыўныя моманты альбо магчымыя перавагі, якія Беларусь атрымае ад Расеі ў выпадку прызнаньня?
Калінкіна: Я думаю, што час, калі Расеі было вельмі патрэбнае гэта прызнаньне, ужо прайшоў. Тое, што Беларусь магла атрымаць за гэта яшчэ год таму, цяпер яна атрымаць ужо ня можа. Для Расеі было вельмі важна, каб тады, адразу пасьля вайны, калі пытаньне стаяла вельмі востра, Беларусь праявіла сябе як сапраўдная саюзьніца Расеі.
Менск гэтага не зрабіў, час сышоў, і цяпер гэтае пытаньне так востра ўжо не стаіць. Ужо прайшло расьсьледаваньне Рады Эўропы, прызнана, хто і ў чым вінаваты падчас той вайны.
Цяпер беларусы самі ў большай ступені ўздымаюць гэтую праблему перад эўрапейцамі. Гэта даказвае выключна мэркантыльны падыход Менску да гэтага пытаньня. З Эўропай цяпер ідзе эканамічны торг, і гэтая карта выкарыстоўваецца як элемэнт шантажу. Я ня бачу прычынаў, каб для Расеі цяпер гэтая праблема была б вельмі актуальнай.