Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Гумінскі: “Сьпяшацца з прызнаньнем Сухумі і Цхінвалі нельга”


Сёньня рада Палаты прадстаўнікоў зацьвердзіла асабісты склад трох рабочых дэпутацкіх груп. Яны з 17 па 20 лістапада наведаюць Грузію, Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. У плянах гэтых груп — і наведваньне Масквы.

У дэпутацкія групы адабралі 12 чалавек: 8 — з Палаты прадстаўнікоў, 4 — з Савету Рэспублікі. У Тбілісі паедуць 6 дэпутатаў, у Сухумі і Цхінвалі — па 3. Агульнае кіраўніцтва ўскладзена на старшыню міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргея Маскевіча.

Віктар Гумінскі, старшыня камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў, патрапіў у гэты тузін. Сёньня спадар Гумінскі расказаў журналістам пра паездкі:

“Вывучэньне рэальнай сытуацыі, становішча на месцах праз зносіны зь людзьмі, высьвятленьне думак розных слаёў насельніцтва, партыяў, рухаў. Будзем вывучаць сацыяльна-эканамічнае становішча. Трэба дазнацца, чаму так атрымалася, што сёньня паўстала пытаньне пра прызнаньне дзьвюх новых дзяржаў з боку Рэспублікі Беларусь. Адным словам, спэктар задач, які ўскладзены на рабочую групу, вельмі вялікі. Наперадзе вялікая і аб’ёмная праца”.

Віктар Гумінскі сказаў, што пазьней рабочая група паедзе і ў Маскву “па дадатковыя матэрыялы”:

Віктар Гумінскі
“Таму што Расея — адзін з гарантаў бясьпекі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Там пацярпелі міратворцы з Расейскай Фэдэрацыі. І сёньня Расея ўзяла на сябе вялікі цяжар адказнасьці ня толькі за бясьпеку, але і за далейшае разьвіцьцё гэтых дзяржаваў. І Расея была першай дзяржавай, якая прызнала Паўднёвую Асэтыю і Абхазію”.

Спадар Гумінскі падкрэсьліў: пытаньне аб прызнаньні або непрызнаньні дзяржаўнага сувэрэнітэту і дзяржаўнай незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі — надзвычай сур’ёзнае і складанае:

“І ў нашым грамадзтве ў гэтым пытаньні неадназначныя меркаваньні. Хаця ў бальшыні сваёй яны вядомыя, сьпяшацца тут непатрэбна. Патрэбна ўсё вельмі аб’ектыўна вывучыць. І, безумоўна, мы будзем улічваць ня толькі сытуацыю там. Мы павінны, прымаючы рашэньне, сыходзіць і з нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь”.

Тэрміны ўнясеньня на разгляд парлямэнту Беларусі пытаньня аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі пакуль ня вызначаныя. Пра гэта сёньня казаў журналістам і старшыня рабочай групы Сяргей Маскевіч:

“Пра тэрміны ўнясеньня ў парлямэнт гэтага пытаньня мы пакуль не гаворым. Перад парлямэнтам Беларусі не стаіць задача разгледзець пытаньне пра магчымае прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі да канца гэтага году”.

XS
SM
MD
LG