Сьвіны грып: лекаў няма, а паніка ёсьць

Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя ў інтэрвію дзяржаўным мэдыям паведамляюць, што колькасьць захворваньняў у краіне расьце. У прыватнасьці, агульная колькасьць хворых на пнэўманію — 2154 чалавекі. 19 памерлі, у 7 зь іх выяўлены вірус сьвінога грыпу. Агулам на сьвіны грып захварэлі 85 чалавек. Адначасна ў паліклініках павялічваецца колькасьць зваротаў, а ў аптэках па-ранейшаму няма лекаў.

У менскай паліклініцы № 11 — чэргі ў кабінэты флюараграфіі, да лекараў і ў аптэку адносна малыя. Аднак супрацоўніца рэгістратуры кажа, што зацішша гэтае ўяўнае:

“У нас мора народу. Выклікаў — сто зь нечым. Толькі на дом. Яшчэ толькі дванаццаць гадзінаў, а выклікаў больш за сто”.

11-я гарадзкая паліклініка пры ўваходзе віншуе пацыентаў «са сьвятам».
Для хворых з тэмпэратурай зрабілі асобны ўваход у паліклініку, у чарзе ў рэгістратуру яны не стаяць.
Пэрсанал паліклінікі ходзіць у масках.

Пацыентаў няшмат, людзі выклікаюць лекараў дадому.


Пра вялікую колькасьць хворых сьведчыць таксама і Валянціна Зубок, якая рэгіструе лісткі непрацаздольнасьці:

“Лістоў непрацаздольнасьці выдаецца вельмі шмат. Літаральна за панядзелак-аўторак мы выдалі лекарам 500 лісткоў непрацаздольнасьці, і яны іх усе выкарысталі. У маёй практыцы такога не было. Зараз наплыў крыху меншы, але таму, што людзі сталі проста выклікаць лекараў на дом”.

Рэцэпт ёсьць…
…лекаў няма.

Чарга ў аптэчны кіёск паліклінікі рухаецца вельмі хутка — патрэбных лекаў няма. Пра гэта гутару з наведнікамі аптэкі, а таксама яе супрацоўнікамі:

Карэспандэнтка: “Ці набылі ўсе лекі, патрэбныя вам?”

Спадарыня: “Ну вось, бачыце ж — нічога не атрымалася ў мяне. Адзінае, вось — парашочак…”

Спадарыня: “Павязак няма, аксалінавай мазі няма — непарадак, адным словам”.

Карэспандэнтка: “Ці хапае лекаў?”

Фармацэўт: “У нас супрацьгрыпозных лекаў — нічога няма. Супраць грыпу няма”.

Карэспандэнтка: “Як даўно?”

Фармацэўт: “Тыдзень няма”.

Карэспандэнтка: “Калі абяцаюць вам прывезьці?”

Фармацэўт: “Нічога не абяцаюць”.

Карэспандэнтка: “Што прапаноўваеце людзям?”

Вітаміны прапаноўваем людзям для агульнага ўмацаваньня, сыроп шыпшыны, і гэта ўсё.
Фармацэўт: “Вітаміны прапаноўваем людзям для агульнага ўмацаваньня, сыроп шыпшыны, і гэта ўсё. Больш нічога няма”.

У гарадзкіх паліклініках па-ранейшаму вывешаныя сьпісы зь пералікам мэдпрэпаратаў, якіх няма ў продажы. Сёньня гэтыя сьпісы падоўжаныя ўжо да 12 найменьняў. Пра становішча зь лекамі гутару з наведнікамі аптэк.

Карэспандэнтка: “Вы зараз выйшлі з аптэкі. Ці набылі, што хацелі?”

Юначка: “Не, не набылі, бо ўсюды чэргі. Падыходзіш, перапытваеш — кажуць, няма, павязак няма, лекаў няма. А паніка ёсьць”.

Юнак: “Павязак няма, мазі няма. Тавараў патрэбных у аптэцы няма”.

Карэспандэнтка: “Вы толькі ў гэтай былі ці недзе яшчэ?”

Юнак: “У розных аптэках быў — нідзе нічога няма”.

Карэспандэнтка: “Як даўно шукаеце?”

Юнак: “Тыдзень ужо”.

Карэспандэнтка: “Што пра гэта думаеце?”

Юнак: “Рынак слабы. Трэба разьвіваць, насычаць лекамі. Асабліва калі эпідэмія”.

Спадарыня: “Як у нас кажуць — каму вайна, а каму маці радна. Аптэкам зараз толькі і жыць — усе бягуць, чэргі стаяць агромістыя, кошты завоблачныя — і ў нас усё добра, усё цудоўна”.

Спадар: “Прыходзіш — і лекаў няма. Нават нашае беларускае — забыўся назву, “Лекфарма” выпускае — няма. Іншых таксама, мазі аксалінавай няма, нічога няма. Праблема, карацей”.

Карэспандэнтка: “Як вы расцэньваеце такую сытуацыю?”

Спадар: “Я лічу, што гэтыя запасы павінны былі быць даўно зробленыя. Асабліва павязкі — гэта ж не складаная мэдтэхніка. Гэта павінна было быць зроблена, калі толькі гэты сьвіны грып яшчэ ў Мэксыцы быў. І маскі, і іншыя лекі павінны былі быць. Лічу, што гэта стаўленьне да людзей такое ў нашай улады. Як гэта кажуць: “котка кінула кацят — хай жывуць, як хацят”.