Салдатам у вайсковых частках робяць прышчэпкі ад сэзоннага грыпу. Афіцэры могуць рабіць іх добраахвотна ў паліклініках. Пра гэта паведаміў кіраўнік прэсавай службы Міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык. Што ж тычыцца сьвінога грыпу, то салдатам у якасьці прафіляктыкі прапануюць мінэральны комплекс.
“Ёсьць сыстэма прафіляктыкі грыпу, зацьверджаная Міністэрствам абароны. Афіцэры — паводле жаданьня, а салдаты — абавязкова. Ёсьць вітамінны комплекс і прышчэпкі. Цяпер вакцынацыя ад сэзоннага грыпу. Па сьвіным грыпе ў нас як прафіляктыка — вітамінныя комплексы, супрацьзапаленчыя. Плянава разьмяркоўваюцца паміж вайсковымі часткамі дні вакцынацыі. Афіцэры прыбываюць у вайсковую паліклініку добраахвотна”.
У беларускіх турмах сытуацыя іншая. Адказны за мэдычнае забесьпячэньне пэнітэнцыярных установаў Васіль Завадзкі паведаміў, што вакцынацыю ладзяць абласныя санстанцыі пры МУС.
“Мы прымусова ніякіх лячэбных мерапрыемстваў не праводзім. Нават калі, напрыклад, судом прызначаецца прымусовае лячэньне ад алькагалізму, то гэта ня значыць, што мы гвалтоўна запіхваем у рот пігулкі. Таму вакцынацыя будзе толькі добраахвотная, калі яна будзе.
Як правіла, у нас менш грыпуюць. Чаму? Тут пытаньне складанае. Магчыма, гэта асаблівасьці імунітэту асуджанага. Вось гэты пэнітэнцыярны стрэс, ён стымулюе імунітэт. Вось тут сядзеў, і нічога не было. А потым выйшаў з калёніі на волю, і празь нейкі час захварэў на сухоты. Гэта патрабуе адмысловага дасьледаваньня”.
Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч некалькі разоў адбываў адміністрацыйны арышт у турме на Акрэсьціна. За ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі яму давялося пабываць у Шклоўскай калёніі.
“У месцах пазбаўленьня волі адзіныя лекі — гэта тыя, якія перадаюць сваякі. Трэба зазначыць, што вельмі цяжкая працэдура атрыманьня гэтых лекаў. Даюць па некалькі пігулак. Трэба ісьці, выстойваць там чэргі, упрошваць мэдыкаў, каб выпісалі гэтыя лекі, потым толькі свае ж лекі можаш забіраць.
Зь віруснымі захворваньнямі вязьні змагаюцца хатнімі сродкамі з дапамогай часныку і цыбулі, якіх я асабіста прасіў болей перадаваць у перадачах”.
Што ж тычыцца так званай “хіміі”, калі людзі працуюць у розных месцах, але вымушаныя начаваць выключна ў інтэрнаце спэцкамэндатуры, дык там таксама пакараныя мусяць самі пра сябе паклапаціцца. Мікола Статкевіч прыгадаў, як ён лячыўся ад грыпу.
“Вельмі цяжка атрымаць мэдычную дапамогу, мэдычны агляд. Калі ў мяне ўзьнікала праблема і я казаў, што ў мяне тэмпэратура больш за 39, то ад маіх міліцэйскіх начальнікаў я чуў парады: “Піце гарбату з малінай”.
Мікола Статкевіч распавёў, што ён толькі аднойчы атрымаў бальнічны ліст, і то толькі тады, калі ўжо выздаравеў.
“Калі мяне трэба было ізаляваць перад выбарамі, то яны прыгадалі той выпадак, і хаця ў мяне ўжо тэмпэратуры не было, прымусілі ўрача напісаць, што я хворы. Гэта была афіцыйная нагода не выпускаць мяне. Потым, калі мяне спатрэбілася зноў ізаляваць, пад аховай прывялі ў паліклініку і запатрабавалі ад доктара, каб тая напісала, што я хворы”.