Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.
Эфір 28 кастрычніка 2009 году
Калі верыць афіцыйным зьвесткам, у Беларусі толькі адна па-сапраўднаму масавая моладзевая грамадзкая арганізацыя — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, які цалкам падзяляе ды падтрымлівае любыя ініцыятывы ўлады і аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах сотні тысяч хлопцаў і дзяўчат. Але якім чынам дасягаецца такая аднадушнасьць ды масавасьць?
Сёньняшнюю размову пачну зь ліста менавіта на гэтую тэму. Пра тое, як у рабочых інтэрнатах адбываецца масавы прыём моладзі ў праўладны БРСМ, паведамляе Ірма Табушава зь Менску. Слухачка піша:
“Гадзіну таму, знаходзячыся на сваім працоўным месцы (а пасада ў мяне “важная” — вахцёр будаўнічага інтэрната) пачула па радыё, што ў судах пакаралі 17 удзельнікаў недазволеных акцыяў — тых маладых людзей, каму баліць за Беларусь.
А ў гэты час побач са мной праходзіць сход, на які загадана прыйсьці ўсёй моладзі інтэрната. Агітуюць уступаць у БРСМ. Многія з тых, хто на сходзе, ужо лічацца ў гэтай арганізацыі. Як распавядалі мне, кагосьці прымусова загналі, калі служыў у арміі, кагосьці — падчас вучобы ў вучылішчы.
А вось абяцаньні агітатараў:
— спрыяць у будаўніцтве ўласнага жытла;
— выдаваць добрыя характарыстыкі, безь якіх нікуды ня прымуць;
— спрыяць удзелу ў экскурсіях ды паездках;
— атрымліваць зьніжкі на квіткі ў дыскатэкі, цырк і г.д.;
— проста належаць да лепшай часткі моладзі.
Кошт уступленьня невысокі: плаціш чатыры тысячы рублёў — і ты ў БРСМ. Запісаліся ўсе. Тых, хто на сход не прыйшлі, перапісалі.
На мае пытаньні да некаторых — навошта запісаліся? — у асноўным адмахваліся: маўляў, адчапіся.
Агітатары ж сышлі задаволеныя. Выхавальніца — таксама.
Разумею, нічога новага я не паведаміла. Але калі сам прысутнічаеш пры гэтым — заставацца спакойнай немагчыма.
Ці вось яшчэ прыклады так званай “працы з моладзьдзю” за апошні час. Іх адмыслова возяць, каб пастаялі ўздоўж трасы, па якой будзе катацца на лыжах ці на роліках самы галоўны спартсмэн Беларусі. Альбо наладжваюць паездкі на “Лінію Сталіна” і нават па маршруце “Шклоў — Александрыя — Магілёў”.
І так — паўсюль, ня толькі ў інтэрнаце Менскага будаўнічага камбіната”.
Пад лістом Ірма Табушава зь Менску зрабіла наступную прыпіску:
“Прашу прабачэньня за памылкі беларускай мовы. Мая беларуская пачалася пасьля ўсіх рэфэрэндумаў”.
Заўважу, ліст свой спадарыня Ірма напісала на добрай беларускай мове. Што да тэмы так званага “прымусова-добраахвотнага” прыёму ў БРСМ. Цяжка паверыць у сьветлую будучыню грамадзкай арганізацыі, якая такімі спосабамі заваблівае (ці зацягвае) моладзь у свае шэрагі. Здаецца, БРСМ імкнецца ва ўсім браць прыклад з колішняга камсамолу. Але ж нават там не прымалі ў арганізацыю гуртам, на сходзе. Быў сякі-такі індывідуальны прыём на бюро райкама камсамолу. І зьніжак ды ільгот там не абяцалі: гарантавалі толькі, так бы мовіць, “самаадданую працу дзеля будаўніцтва камунізму”. Але гэта — для мільёнаў шараговых камсамольцаў. Самі высокапастаўленыя функцыянэры ВЛКСМ на пачатку 90-х гадоў апынуліся ў першых шэрагах тых, хто, прыхапіўшы колішнюю камсамольскую ўласнасьць і напляваўшы на ідэалы, якім служылі, ператварыліся ў новую постсавецкую буржуазію. І гэта — на вачах колішніх сяброў ВЛКСМ, якім яны на працягу дзесяцігодзьдзяў абяцалі бясклясавае грамадзтва ўсеагульнага дабрабыту без прыватнай уласнасьці. Павучальны ўрок для тых тысяч маладых беларусаў, якія ці то добраахвотна, ці пад прымусам прымацавалі да штрыфляў пінжакоў чырвоныя значкі, што сваімі абрысамі дакладна паўтараюць значкі камсамольскія.
На мінулым тыдні ў Беларусі завяршыўся чарговы перапіс насельніцтва. На гэтую тэму — кароткі ліст-рэпліка ад Пятра Дырынды зь вёскі Хілімонаўцы Сьвіслацкага раёну. Слухач піша:
“У нас на сьценах вясковых магазынаў расклеілі агітацыю (плякаты) пра перапіс насельніцтва. Адметна, што ўсё — па-расейску. Мабыць, гэтым разам беларусаў у Беларусі акажацца меней, чым у 1999-м годзе”.
У Беларусі за апошнія пятнаццаць год колькасьць насельніцтва скарацілася на 570 тысяч чалавек. У гэтым сэнсе беларусаў, натуральна, стала значна меней, чым дзесяць год таму. Хоць працэнтныя суадносіны ў нацыянальным складзе насельніцтва за гэты час наўрад ці істотна зьмяніліся. Іншая рэч — сфэра ўжытку беларускай мовы. Татальная русыфікацыя, якая працягвалася ў Беларусі ўвесь гэты час, натуральна, не магла не паўплываць на сытуацыю зь беларускай мовай.
У наступных лістах — водгукі на перадачы Радыё Свабода, а таксама прапановы і пажаданьні нашых слухачоў. Вось што пішуць у сваім лісьце муж і жонка Лібэрманы з пасёлку Палескі Лунінецкага раёну:
“Хацелася б больш ведаць пра сапраўдны эканамічны стан у краіне. Ці можна было б браць інтэрвію ў кіраўнікоў прадпрыемстваў, у адказных чыноўнікаў?
Таксама вельмі хочацца, каб лепш прапагандавалася ўсё беларускае, асабліва мова, літаратура, мастацтва. Можа, варта рабіць гэта ня толькі праз радыё, але і праз выступы паэтаў, артыстаў, журналістаў у рэгіёнах? Гэта магло б адбывацца ў клюбах, дамах культуры, школах”.
Калі пісьменьнік, паэт, журналіст належаць да праўладнага пісьменьніцкага альбо журналісцкага саюзу — тады праблемаў з арганізацыяй такіх выступаў не ўзьнікае. А вось калі выступіць перад людзьмі пажадаюць сябры незалежнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў альбо Беларускай асацыяцыі журналістаў — тут у дырэктараў клюбаў ды школ чамусьці адразу знаходзіцца мноства прычынаў, каб адмовіць у памяшканьні. На жаль, такая сёньняшняя беларуская рэчаіснасьць. Нам вельмі часта даводзіцца расказваць сваім слухачам пра падобныя выпадкі.
Што да інтэрвію з чыноўнікамі ды кіраўнікамі прадпрыемстваў. Зьвяртаемся да іх з такімі просьбамі пры кожным зручным выпадку. На жаль, далёка не заўсёды яны на нашы пытаньні пагаджаюцца адказваць.
Многія слухачы “Свабоды” выказваюцца аб праблемах беларускай школы, выкладаньня ў ёй нацыянальнай мовы і літаратуры. Вось што піша з гэтай нагоды Ала Кажэра зь Менску:
“Трэба ўзьнімаць пытаньні беларускай школы і ролі настаўніка ў выхаваньні нацыянальнай сьвядомасьці. Няхай прагучаць імёны лепшых, а таксама факты ўціску настаўнікаў. Няхай гэта будзе новая перадача “На школьнай хвалі” альбо зь якой-небудзь іншай назвай”.
Тэма моўнай адукацыі гучыць і ў лісьце спадара Варанца з Горадні. Слухач піша:
“Мова лічыцца паўнавартаснай, калі тэрміналягічна забясьпечана. Але многім аўтарам неабходная дапамога ў легалізацыі ўжо створаных імі слоўнікаў. Цікава было б пачуць нашых мовазнаўцаў, аўтараў тэрміналягічных слоўнікаў. Магчыма, варта і папулярызаваць такія выданьні”.
І яшчэ адзін ліст на “моўную” тэму. Наш слухач Барыс Крыўцоў зь Менску піша:
“Нейкі слухач у вас сказаў: “Не павінна гучаць “русская речь”. Я зь ім цалкам пагаджаюся. Вельмі сумна назіраць, як гіне этнас беларусаў. Галоўнае — што ўсе маўчаць. Ідзе дэбілізацыя насельніцтва, у тым ліку і тых людзей, якія лічаць сябе расейцамі. Вельмі цяжка перажываць паразу”.
Тэма лёсу беларускай мовы, яе абароны і ратаваньня была і застаецца адной з галоўных у дзейнасьці Радыё Свабода.
На заканчэньне — ліст ад Вячаслава Арлова з Баранавічаў. Слухач апісвае свае ўражаньні ад кнігі “Адзін дзень палітвязьня”, якая выйшла сёлета ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды”.
“Першае ўражаньне ад кнігі было цяжкім, — піша Вячаслаў Арлоў. — Ад таго, што такое беззаконьне стала магчымым у нашай краіне, што па-ранейшаму “Беларусь у імгле” і канца гэтаму не відаць. А потым стала радасна — што ёсьць сярод нас людзі, для якіх лёс Радзімы, уласнае чыстае сумленьне — каштоўнасьці, дзеля якіх яны гатовыя ахвяраваць сваімі дабрабытам, здароўем і нават жыцьцём. Праз гэтую кнігу я даведаўся аб тых палітвязьнях, пра якіх раней нават ня чуў. Кніга дапамагла адчуць, што перажылі гэтыя людзі, ацаніць значнасьць іхных учынкаў. Пасьля гэтага лепш разумееш, што адбываецца ў нашай краіне пры цяперашняй уладзе”.
Дзякуй, спадар Вячаслаў, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.