У штогадовай справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША аб сытуацыі са свабодай веравызнаньня ў сьвеце Беларусь залічаная да краінаў, у якіх няма поўнай рэлігійнай свабоды для ўсіх веравызнаньняў.
„Улады прымушалі шматлікія рэлігійныя суполкі чакаць рэгістрацыі або вяртаньня маёмасьці па некалькі гадоў”, — сьцьвярджае справаздача, якая ахоплівае пэрыяд да 1 ліпеня 2008 да 30 чэрвеня 2009. — „Улады перасьледавалі і штрафавалі сяброў некаторых рэлігійных групаў, асабліва тых, якія лічацца носьбітамі замежнага культурнага або палітычнага ўплыву. Асабліва пратэстанты выклікалі адмоўнае стаўленьне. Замежным місіянэрам, духавенству і гуманітарным работнікам, зьвязаным з царкоўнымі арганізацыямі, урад чыніў шмат перашкодаў, уключна з дэпартацыяй і скасаваньнем візаў. У разгляданым пэрыядзе абмежаваньні на духавенства з-за мяжы ўзрасьлі”.
Справаздача адзначае, што ў адносінах да суполак тых веравызнаньняў, якіх закон аб веравызнаньнях з 2002 году не залічвае да традыцыйных у Беларусі, афіцыйныя асобы часта карыстаюцца зьняважлівым тэрмінам „сэкта”.
Справаздача пералічвае шматлікія прыклады абмежаваньняў, якія ўлады накладалі на рэлігійнае жыцьцё духоўнікаў і суполак як „нетрадыцыйных”, так і „традыцыйных” веравызнаньняў у краіне.
У прыватнасьці, дакумэнт згадвае адмову падоўжаньня візаў тром каталіцкім ксяндзам з Польшчы у сьнежні 2008; затрыманьне і дэпартацыю пратэстанцкага эпіскапа з Украіны у кастрычніку 2008; дэпартацыю дацкіх бізнэсмэнаў і гуманітарных работнікаў пад закідам незаконнай рэлігійнай дзейнасьці ў лютым 2009; і пералічвае шмат прозьвішчаў асобаў, якія былі аштрафаваныя і/або затрыманыя за парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах у сувязі са сваёй рэлігійнай актыўнасьцю. Пра гэтыя выпадкі Радыё Свабода неаднаразова паведамляла ў сваіх перадачах.
Справаздача згадвае таксама, што ў Беларусі ў карыстаньні знаходзяцца падручнікі, зацьверджаны Міністэрствам адукацыі, у якіх у адносінах да розных пратэстанцкіх супольнасьцяў ужываецца акрэсьленьне „сэкта”.