Свой прыватны кніжны рэйтынг літаратуразнаўца і пісьменьнік Пятро Васючэнка прысьвяціў літаратурным партрэтам жывёлаў.
Мікола Гусоўскі, Песьня пра зубра. На лацінскай, беларускай і расейскай мовах. Менск, “ Мастацкая літаратура”, 1980
Мікола Гусоўскі – першы беларускі анімаліст. Магутны герой “Песьні пра зубра” рэпрэзэнтуе ня толькі жывёльны сьвет, але і краіну. Вось сымбаль твой, забыты краю родны... Перачытваю паэму і задумваюся пра гігантаманію твораў такога кшталту. Вось амэрыканец Гэрман Мэлвіл піша гісторыю Белага Кіта – славуты раман “Мобі Дык”. І ўсім зразумела, што ягоны прыўкрасны ў сваёй лютасьці кіт у нейкім сэнсе сымбаль усяе амэрыканскае цывілізацыі. А зубр Гусоўскага – ён ня толькі вялізазны. Ён добры, бо дазваляе тром паляўнічым сядзець на сваім чале паміж рагамі.Гэты пэрсанаж надзелены высакароднасьцю, цярплівасьцю, галантнасьцю ў дачыненьні да сяброўкі і пяшчоты да дзетак. Ён валодае ўсімі рыцарскімі цнотамі, якіх мужчынам часам бракуе.
Паляваньне на зубра, дасканала апісанае Гусоўскім, завяршаецца не забойствам зьвера, а актам літасьці – зубру дазваляюць схавацца ў нетрах пушчы. Запавет “Не забі” Гусоўскі пашырае і на людзей, і на жывёлаў.
Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі / Рэд. В.К.Бандарчык/. Менск, “Навука і тэхніка”, 1971
Гэта напамінак пра тыя касьмічна далёкія часы, калі зьвяры і людзі жылі ў іншых, больш панібрацкіх стасунках, чым сёньня.
Воўк зьбірае чалавечыя ахвяры.
Стары жыве разам з козамі на небе, у дамку, зьлепленым з сыру і масла.
Птушкі жэняць вераб’я з сарокаю і ладзяць грандыёзны баль у стылі барока.
Муха-хахаўка, авантурніца архаічнае эпохі, запрагае ў кош шэсьць камароў і выпраўляецца шукаць прыгодаў.
Хлопчык трапляе ў ваўчыную яму і робіцца гэтакім беларускім Маўглі.
Спадары Воўчык, Заенцы, Пятух, Варона, з гэтых сівых часоў пайшлі вашыя татэмічныя прозьвішчы, якіх ня раю выракацца.
Чытач гэтае кнігі трапляе ў такія дрымучыя нетры архаікі, з якіх не патрапяць выбрацца ні філёзафы, ні бацькі міталягічнае школы.
Симеон Полоцкий, Вирши. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1990
Паэт і манах, Сімяон Полацкі імкнуўся зарыфмаваць усё існае – ад зорак, плянэтаў, мінэралаў да чалавека, Бога, Тройцы. Не выключэньнем тут і жывёлы, да якіх Сімяон Полацкі меў відавочны сантымэнт. Ягоным паэтычным credo было спалучэньне карыснага і прыемнага. Вось жа, ён напісаў шмат займальных вершаваных гісторыяў, прысьвечаных жывёлам, стварыўшы адметны барочны бэстыярый.
Ён спачувае аслу, на якога ўсьселі дзядуля і ўнук.
Бабам, якія любяць балбатаць у царкве, ён ставіць у прыклад балотных жабак. Тыя перасталі крактаць падчас імшы, як толькі пра тое папрасіў іх царкоўны служка.
Першы ў беларускім пісьменстве паліндром, напісаны Сімяонам Полацкім, прысьвячаецца раку.
Ён услаўляе нават такую занядбаную і прыніжаную істоту, як зьмей. Цмок ці то зьмей вучыць чалавека пакоры (калі поўзае на брусе), посту (калі галадае), амаладжэньню (калі скідвае старую скуру) і мудрасьці (калі скручваецца ў кола).
Суровы, рыгарыстычны ў дачыненьні да людзей, Сімяон Полацкі кранальна датклівы ў дачыненьні да жывёлаў, дзеля іх бездапаможнасьці.
Якуб Колас, Рак-Вусач. Менск, “Юнацтва”, 1989
Адзін з самых загадкавых у сваёй празрыстасьці твораў клясыка – прыпавесьць пра Рака-Вусача, апанаванага сусьветнай нэндзай. Чаму жыцьцё, прыўкраснае ва ўсіх адносінах, сталася так няміла коласаваму герою?
Лёг на дно ён брусам
І ляжыць дзён тры;
Растапырыў клешні
І не есьць яешні,
Жабінай ікры.
Тлумачэньне варта шукаць у Коласавым пантэізме, навеяным як загадкавай беларускай прыродай, з якой шукаў гармоніі аўтар, так і чытаньнем нямецкіх ды скандынаўскіх аўтараў (Ніцшэ, Гамсун). У Андрэя Лабановіча, літаратурнага двайніка Коласа, быў такі настрой, што ён ужо прыстаўляў рэвальвера да свае скроні…
Вось зьяўляецца Жыта, беларускі правобраз адвечнага Пана, і аповедам пра свае незьлічоныя пакуты, сьмерць і новае нараджэньне вяртае Раку радасьць жыцьця.
Аксана Спрынчан, Вершы ад А. Менск, “Мастацкая літаратура”, 2004
Аксана Спрынчан на векі вечныя праславіла амфібіяў. Лірычная гераіня можа ўяўляцца ластаўкай, зьнічкаю, кактусам, але яна ніколі ня скіне свае жабінае скуркі, бо пачуваньне каралеўны, закінутай у багну побыту, складае яе існасьць.
Цэнтральнае месца ў зборніку займае гукапісны верш “Kvaterra”. Лірычная гераіня марыць не пра кватэру, а пра kvaterru – гэта значыць, краіну лілеяў, у якой яна можа быць каралеўнай і жабкай адначасова і прымаць пацалункі ад закаханых у яе каралевічаў.