Уладзімер Караткевіч, “Чазенія”, Менск, “Мастацкая літаратура”, Менск, “Мастацкая літаратура”, 1970.
Пачнем храналягічна з аповесьці, а менавіта – са сцэны ў таёжнай хатцы (разьдзел “Песьня песьняў”). Сама сцэна блізкасьці доўжыцца менш за старонку, але яна ёсьць апагеем усяе аповесьці – выбухам стракатых фарбаў, пахаў і эмоцыяў. Паўз асэнсаваньне гармоніі быцьця ў адзінстве з прыродай у яе першасным харастве вядзе Караткевіч свайго героя, таленавітага фізіка Севярына Будрыса, да сваёй паловы-антыпода, што завяршаецца поўным зьліцьцём гэтых інь і ян...
*********
Іван Шамякін. Шлюбная ноч. Аповесьць. З кнігі: Іван Шамякін. Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1976.
Са словаў знаёмай бібліятэкаркі, гэтая аповесьць доўгі час ачольвала ўнутраныя рэйтынгі беларускіх бібліятэк. І ня дзіва: захапляльны экшн пра партызанаў і падпольшчыкаў, што трымае ў напружаньні ад першае да апошняе старонкі поруч зь нежартоўнымі любоўнымі жарсьцямі, як магло б быць напісана ў анатацыі да сучаснага выданьня.
Асабліва кранальны эфект дасягаецца праз тое, што нарацыя вядзецца ад жаночага імя. Хаця дэталяў самой “шлюбнай ночы” ва ўмовах акупацыі аўтар, вядома, не дае, але ёсьць пранізьлівае апісаньне пачуцьцяў да і пасьля, псіхалагічнай метамарфозы жанчыны:
“Сьцяпан чакаў пад акном, за бэзавым кустом, і прыняў мяне на рукі, лёгка панёс да будана. Пятнаццаць крокаў на яго руках далі, магчыма, большую радасьць, чым усё іншае ў тыя першыя хвіліны. Кажуць, што гэта як салодкае ап’яненьне ці нечаканы ўзьлёт, бы на марской хвалі, і падзеньне ў бездань. Ня ведаю. Нічога такога я не перажыла. У нас, відаць, усё было спакайней. Але рукі яго, вусны, цела, боль і радасьць – гэта я помню і цяпер, гэта трымаецца ўсё жыцьцё. І яшчэ адно не забываецца – нейкае дзівоснае душэўнае пераўтварэньне, мабыць, раптоўны пераход ад дзяўчыны ў сталую жанчыну, якая прыняла на свае худыя плечы яшчэ адзін нялёгкі цяжар, але ад гэтага зрабілася багацей, дужэй, сьмялей”.
*********
Барыс Пятровіч. Не пытайце, што будзе заўтра . З кнігі Барыс Пятровіч. Сон між пачвар. Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1994.
Гэты аповед цікавы ўжо як прэцэдэнт у беларускай літаратуры: тут апісваецца полавы акт з... іншаплянетніцай, што пад відам зямной дзяўчыны зьбірае насеньне для досьледаў. Аб’ектамі гэтых досьледаў стаюцца два беларускамоўныя студэнты. Калі, раскрыўшы прышэльца, хлопцы пытаюцца, “чаму вы прыляцелі менавіта ў Беларусь”, атрымліваюць адказ: “Ваш народ, як ніякі іншы на Зямлі захаваў сваю чысьціню, сваю першароднасьць”. Іншапланетнікі прылятаюць напярэдадні Чарнобыльскай катастрофы. Лішне тлумачыць, чаму.
*********
Уладзімер Арлоў. Каханак яе вялікасьці. З кнігі: Уладзімір Арлоў. Каханак яе вялікасці. Менск, “Логвінаў”, 2004.
Калі і настаўніку-Караткевічу ў “адліжныя” шасьцідзясятыя, і Шамякіну ў больш суворыя сямідзясятыя даводзілася балянсаваць на мяжы дазволенага, то Арлоў у канцы 1990-х можа сабе дазволіць паказаць полавую блізкасьць у гранічна адкрытым для гэтага кантэксту ключы. Што праўда, робіць ён гэта без пераходжаньня нябачнае мяжы між эротыкай ды парнаграфіяй. І, пры гэтым, выкарыстоўвае яе, полавую блізкасьць, як метафару стасункаў між прагнай і крыважэрнай Імперыяй ды па-еўрапейску вытанчанай, але ў сваёй сутве ня менш жарснай ліцьвінскай радзімай...
*********
Юры Станкевіч. Партрэт выпускніка на фоне адлігі. З кнігі Юры Станкевіч. Мільярд удараў. Мінск, “Галіяфы”, 2008.
У апісаньні блізкасьці выпускніка школы і яго маладой настаўніцы па літаратуры, наадварот, адрозна ад папярэдняга аўтара, процьма натуралізму. Можа, ад гэтага крыху і патыхае таннай парнаграфіяй, але пра тое меркаваць чытачу.
“Паліна Мікалаеўна хуткімі рукамі сьцягнула зь сябе панчохі і трусікі. Расшпіліла яму рэмень на джынсах і пацягнула замок “маланкі”, потым адкінулася на стале сьпінай назад, абапіраючыся локцямі...”
Астатнія падрабязнасьці чытайце ў кнізе Юры Станкевіча “Мільярд удараў”.