Польскі дзёньнік. Частка 3

“Немагчыма бегчы са спушчанымі штанамі”

На мінулым тыдні дэлегацыя беларускіх жырналістаў наведала Варшаву, польскі Цэнтар міжнародных стасункаў наладзіў сустрэчы беларускіх гасьцей з польскімі палітыкамі, журналістамі і экспэртамі.

У гутарках у Варшаве закраналася безьліч сужэтаў, у тым ліку і апальны Саюз Палякаў Анжалікі Борыс. І стаўленьне нашых суразмоўцаў пераконвала, наколькі яны эўрапейцы. Усе выказвалі занепакоенасьць, усе выказвалі шкадаваньне наконт беларускіх кансьпіралягічных вэрсіяў наконт польскіх мараў пра «крэсы ўсходні» і пагрозы стварыць на Гардзеншчыне новае Косава. Але больш за тое. Рэдактар часопісу Politika Марэк Астроўскі казаў пра тое, што любое грамадзтва мае права патрабаваць ад мяншыняў ляяльнасьці і што заявы беларускіх ці літоўскіх грамадзянаў «Варшава-наша сталіца» проста недапушчальныя. Рэдактар польскага Newsweek Міхал Кацэвіч з сумам адзначаў, што польскія СМІ неймаверна раздзьмулі гэтую тэму і польскія палітыкі сталіся ў пэўным сэнсе яе закладнікамі, ніводзін
Любое грамадзтва мае права патрабаваць ад мяншыняў ляяльнасьці.
зь іх ня можа дазволіць сабе сустрэчы з кіраўніцтвам Беларусі, не разыкуючы страціць свой палітычны капітал.

Яшчэ больш рэзкім быў польскі дыплямат, які выказваўся на ўмовах ананімнасьці. Паводле яго польскія СМІ паводзілі сябе як курыца, якая клюе бліскучыя каменчыкі, падымаючы ў краіне, асабліва ў правінцыйнай Польшчы, настроі «Нашых б'юць». Ён наўпрост казаў пра недарэчнасьць страхаў Менску, які бачыць за сьпіной Саюзу Палякаў Борыс нейкія далёкасяжныя пляны Варшавы, і пра проста неразумную лінію беларускіх уладаў. Варшава прапануе мяккае, кампраміснае рашэньне, але ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Польшчы вакол гэтай праблемы такая, что без яе вырашэньня колькі-небудзь істотнае збліжэньне немагчымае. Немагчыма бегчы са спышчанымі штанамі - вобразна заўважыў гэты дыплямат.

Мне асабіста, па шчырасьці, было цікавей менавіта гэты новы спосаб асэнсаваньня стасункаў у Беларусьсю, а не пазыцыя Польшчы па канкрэтных сюжэтах ўзаемадзеяньня. У Варшаву Лукашэнку, зразумела, у блізкім часе ніхто запрашаць не зьбіраецца. У той жа час прэмьер Дональд Туск на цырымоніі, прысьвечанай пачатку Другой Усясьветнай вайны, меў кантакт з беларускім калегам Сяргеем Сідорскім, магчымыя і наступныя сустрэчы. Што да лёсу візывых санкцыяў, які Эўразьвяз будзе вырашаць у лістападзе, то спэктар думак распрасьціраецца ад працягу іх замарожваньня да поўнага скасаваньня. Пра аднаўленьне ці ўзмацненьне санкцыяў з нашых суразмоўцаў не казаў ніхто.

Ростані эўрапейскай палітыкі


Што да больш дэтальнай усходняй стратэгіі, то, як горка заўважыў Міхал Кацевіч, Польшча ў апошнія гады была актыўным ініцыятарам двух праектаў: фарсіраванага далучэньня Ўкраіны да НАТА і Эўразьвязу і кардынальных і хуткіх палітычных зьменаў у Беларусі. Абодва яны ня спраўдзіліся. Таму зараз Польшча, падзяляючы агульную скіраванасьць Усходняга партнэрства, пачакае, якую канкрэтную стратэгію прапануе Брусэль.

У сьвеце няма нічога вечнага. Самая беларуская ўлада, вядомая сваім майстэрствам заводзіць сябе ворагаў, можа разбурыць самую прадуманую заходнюю палітыку “разрадкі”. Да таго ж неабавязкова ўнутраная сытуацыя ў Беларусі будзе заставаца такой, як зараз – напачатку 70-х гадоў у герэкаўскай Польшчы, па сацыялістычных мерках адносна сытай, цяжка было сабе ўявіць, што праз 10 гадоў у краіне паўстане шматмільённая “Салідарнасьць”. Заходнія, ў тым ліку і польскія, палітыкі ня маюць ніякіх цёплых пачуцьцяў да кіраўніка Беларусі і ацэньваюць яго гэтак жа, як і раней. Зьменіцца сытуацыя ў Беларусі – зьменіцца і палітыка адносна Беларусі.
Але пакуль гэтага не адбываецца, яна, так выглядае, будзе такой, контуры якой мы убачылі зараз падчас размоваў у Варшаве.
А, ледзь не забыўся - анекдот наконт стасункаў з Беларусьсю. Дык чаму ж палякі цалуюць жанчынам руку? Ну, бо трэба ж з чагосьці пачынаць.

Так што з Беларусьсю ўсё зразумела. А як палякі ставяцца да Эўропы, да Эўразьвязу, ў якім знаходзяцца ўжо 5 гадоў? Пра гэта – у заўтрашняй нататцы.

Польскі дзёньнік. Частка 1

Польскі дзёньнік. Частка 2