Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісабонская дамова: слова за Польшчай і Чэхіяй


На рэферэндуме ў Ірляндыі была ўхваленая Лісабонская дамова. Што гэта за дамова і чаму столькі ўвагі надавалася стаўленьню да яе ірляндцаў?

Лісабонская дамова - гэта праект рэформы структураў кіраваньня Эўразьвязу. Дамова надае нашмат шырэйшыя паўнамоцтвы Брусэльскай бюракратыі. У выпадку ратыфікацыі ўсімі чальцамі блёку, Эўракамісія і іншыя агульныя прадстаўнічыя органы Эўразьвязу набудуць нашмат шырэйшыя паўнамоцтвы і змогуць прадстаўляць блёк у шэрагу пытаньняў зьнешняй, фінансавай і заканадаўчай палітыкі без папярэдняга ўзгадненьня з кожнай з дзяржаваў-чальцоў блёку.

Што тычыцца тых пытаньняў, дзе без кансультацыяў з нацыянальнымі ўрадамі не абыйсьціся - шмат зь іх цяпер будуць вырашацца ухвалой большасьці, а не адзінагалосна, як дагэтуль.

Доўгі шлях

Першапачатковы праект, вядомы як Эўрапейская канстытуцыя, быў правалены, пасьля таго, як у 2005-ым годзе Францыя і Галяндыя прагаласавалі супраць яго. Лісабонская дамова прадугледжвае менш радыкальнае ўзмацненьне ролі цэнтральных органаў кіраваньня.

Але ж нават у такой форме ірляндцы, баючыся страціць нацыянальныя каштоўнасьці, прагаласавалі супраць яго на мінулым рэфэрэндуме летась. Толькі пасьля таго, як Дублін атрымаў ад Брусэлю шэраг індывідуальных саступак, грамадзяне краіны далі сваё дабро. Паводле афіцыйных вынікаў, за дамову выказаліся дзьве траціны ад тых, хто прыйшоў на ўчасткі.

Спагадлівая Варшава і скэптычная Прага

Для таго, каб дамова набыла сілу, не хапае ратыфікацыі з боку Польшчы і Чэхіі, хаця большая частка працэдуры там ужо пройдзеная. Нацыянальныя парлямэнты ўхвалілі дамовы, цяпер справа за подпісамі ачольнікаў краінаў. І калі польскі Прэзыдэнт Лех Качыньскі паабяцаў падпісаць у выпадку посьпеху на ірляндзкім рэферэндуме, то з чэскім лідарам Вацлавам Клаўсам сытуацыя складаней.

Чэскі прэзыдэнт адкрыта выступае супраць эўрапейскай інтэграцыі і ў інтэрвію газэце Уошынгтан таймс назваў Эўразьвяз найбольшай пагрозай для чэскага сувэрэнітэту. Зараз група чэскіх сэнатараў накіравала пазоў у Вярхоўны суд краіны з запытам, наколькі Лісабонская дамова адпавядае чэскаму заканадаўству? Вацлаў Клаўс сказаў, што прынамсі да вэрдыкту на гэты пазоў - аб яго подпісе ня можа ісьці і размовы.

Сувэрэнітэт і інтэграцыя

Вядома, што ўмацаваньне наднацыянальных кіроўных структураў адбываецца за кошт суверэнітэту асобных яе членаў. Краіны пагаджаюцца на гэта, бо пры існоўнай эканамічнай інтэграцыі Эўразьвязу старая сыстэма прыняцьця рашэньняў ужо не адпавядае шматлікім абавязкам цэнтральнай адміністрацыі, не дае ёй прымаць рашэньні ў належны час. Выказваецца меркаваньне, што нескаардынаваныя дзеяньні ўрадаў і недахоп паўнамоцтваў у Эўрапейскага цэнтрабанку спрычыніўся да неэфектыўнага змаганьня з эканамічным крызісам.

Акрамя таго, калі Эўразьвяз прэтэндуе на роўную ролю ў міжнародных зносінах з гульцамі кшталту Злучаных Штатаў, Кітаю ці Расеі, то ім прыйдзецца і надалей інтэграваць сваю зьнешнюю палітыку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG