Сабачыя блохі скачуць далей, чым кашэчыя

Большасьць людзей на гэтым сьвеце, і я не выключэньне, ня надта цяміць розьніцу паміж фэрмэнтамі і фэрміёнамі. Навука пайшла так шпарка і ў такія завулкі, што ўжо 100 гадоў таму мала хто разьбіраўся, чым тады займаўся зусім звычайны біёляг, ня кажучы пра матэматыка або фізыка.

Мне ў гэтым жыцьці пашанцавала пачуць пра фэрміёны, але, так бы мовіць, выпадкова — я закончыў факультэт фізыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, і экзамен па статыстычнай фізыцы, дзе пра фэрміёны гаварылі, мне давялося здаваць ці ня шэсьць разоў, каб атрымаць унівэрсытэцкі дыплём. А вось пра фэрмэнты ніхто ніколі ў маёй прысутнасьці не гаварыў.

А якраз сёньня далі Нобэлеўскую прэмію ў галіне мэдыцыны і фізыялёгіі за досьледы фэрмэнтаў, і мне прышлося напісаць нататку на сайт Свабоды пра гэта. Канешне, як большасьць журналістаў, якім гэтую зьвестку прышлося перадаваць далей, я ня маю ніякага паняцьця, пра што пісаў, і нічога талковага акрамя таго, што пішуць іншыя агенцтвы, я ня мог паведаміць. Загадзя выбачаюся.

Але каб неяк прыблізіць праблему ўзнагародаў за навуковыя высілкі, я хачу паведаміць пра гэтак званыя прэміі „ігнобэль” (гульня словаў, якая злучае прозьвішча Нобэль і ангельскае слова ignoble — якое азначае нешта нізкапробнае, так бы мовіць, нешта ніжэйшага гатунку).

Гэтую прэмію прысуджаюць у Гарвардзкім унівэрсытэце штогод у кастрычніку, больш-менш у часе, калі агучваюцца і прозьвішчы нобэлеўскіх ляўрэатаў. У гэтым годзе „ігнобэляў” давалі на мінулым тыдні, 1 кастрычніка. Зразумела, гэта даволі забаўная цырымонія, падчас якой разыгрываецца лёгкая пародыя на Нобэлеўскую прэмію. Але важна зазначыць, што слова «лёгкая» — ключавое для разуменьня гэтай прэміі.

Рэч у тым, што „ігнобэлі”, як сапраўдныя „нобэлі”, даюць за сур’ёзныя навуковыя працы, апублікаваныя сур’ёзнымі прафэсарамі ў сур’ёзных навуковых часопісах. І ўручаюць гэтыя прэміі сапраўдныя ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі. Самая неверагоднае, што некаторыя ляўрэаты „ігнобэляў” атрымалі таксама сапраўдныя „нобэлі”.

Паводле рэглямэнту прэміі, „ігнобэлі” прысуджаюцца з 1991 году за навуковыя дасягненьні, над якімі „людзі спачатку сьмяюцца, а потым думаюць”.

Давайце і мы паспрабуем зрабіць тое самае, прыгадаўшы, за што давалі некаторыя „ігнобэлі” ў мэдыцыне, біялёгіі і сумежных навуках.

У 2009 годзе ў галіне вэтэрынарных навукаў прэмію атрымалі двое навукоўцаў зь Вялікабрытаніі, якія даказалі, што каровы, якія маюць мянушку, даюць больш малака, чым безымянныя.

У 2008 годзе узнагароджана адкрыцьцё, што блохі на сабаках скачуць далей, чым блохі на катах.

У 2002 годзе прэмію атрымала праца чатырох біялёгаў, азагалоўленая: „Заляцаньне страўсаў да людзей ва ўмовах гадоўлі ў Вялікабрытаніі”.

У 2001 годзе прэмію ўзяў досьлед разнастайных пашкоджаньняў цела какосавымі арэхамі, якія нечакана падалі з пальмаў.

У 1996 годзе „ігнобэля” па біялёгіі атрымала піянэрская праца нарвэскіх біёлягаў пад загалоўкам: „Уплыў піва элю, часнаку і сьмятаны на апэтыт п’явак”. А па мэдыцыне — адкрыцьцё, агучанае шэрагам працаўнікоў тытунёвых кампаній перад амэрыканскім Кангрэсам, што нікатын не выклікае залежнасьці ад курэньня.

У 1993 годзе быў прэміяваны дакладна дакумэнтаваны досьлед: „Неадкладная мэдычная дапамога ў выпадку зашчамленьня пэніса зашпількай-маланкай”.

На сёньня — столькі. Заўтра чытайце пра „ігнобэлі” ў галіне фізыкі.

Ага, у 2002 годзе „ігнобэля” атрымаў гішпанскі вынаходнік пральнай машыны для сабак і катоў. Гэтую ўзнагароду зарэгістравалі ў катэгорыі „гігіена”.