Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Названыя ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі па фізыцы


Алена Струвэ, Прага Прадстаўнікі Каралеўскай акадэміі навук Швэцыі назвалі сёньня імёны ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізыкі за 2007 год. Ляўрэатамі сталі 59-гадовы француз Альбэр Фэр і 58-гадовы немец Пэтэр Грунбэрг.

Нобэлеўская прэмія па фізыцы зьяўляецца адной зь пяці гэтак званых клясычных прэміяў, якія вынаходнік дынаміту Альфрэд Нобэль у сваім тастамэнце распарадзіўся ўручаць найбольш таленавітым навукоўцам, літаратарам ды грамадзкім дзеячам, тым, хто, паводле ягоных словаў, “прынёс найбольшую карысьць чалавецтву”. Першым ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізыкі стаў у 1901 годзе Вільгельм Конрад Рэнтген. Ён адкрыў выпраменьваньне, якое цяпер носіць яго імя.

Альбэр Фэр і Пэтэр Грунбэрг сталі 101-мі ляўрэатамі-фізыкамі. Характэрна, што кожны зь іх самастойна, незалежна ад іншага калегі, прыйшоў да адкрыцьця зьменаў электрычнага супраціву цьвёрдага правадніка пад узьдзеяньнем вонкавага магнітнага поля. Як гаворыцца ў паведамленьні Нобэлеўскага камітэту, дасьледаваньні навукоўцаў ужо знайшлі практычнае дастасаваньне пры распрацоўваньні кампутарных цьвёрдых дыскаў, і гэта дазволіла апошнім часам значна павялічыць ёмістасьць такіх дыскаў.

Да Нобэлеўскай прэміі навуковы супрацоўнік Парыскага ўнівэрсытэту Фэр і навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру ў нямецкім Юліху Грунбэрг атрымалі прэстыжную міжнародную ўзнагароду Японскага фонду навукі і тэхналёгіі.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджаньня нобэлеўскіх ляўрэатаў адбудзецца 10 сьнежня, у дзень сьмерці Альфрэда Нобэля. Паводле традыцыі, фізыкі першымі атрымліваюць узнагароды ў часе цырымоніі ўшанаваньня. Традыцыйна прэміі ўручае швэдзкі кароль. Ушанаваньне ляўрэатаў заўсёды адбываецца ў канцэртнай залі Стакгольму, а потым у блакітнай залі ратушы праходзіць банкет.

Ад пачатку 2001 году Нобэлеўская прэмія складае 10 мільёнаў швэдзкіх кронаў, што прыкладна эквівалетна паўтара мільёну даляраў. Паколькі ў намінацыі па фізыцы перамаглі два чалавекі, то грашовая ўзнагарода паміж імі будзе падзеленая ў роўных долях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG