Беларусы добра ведаюць, як выглядае Авальная заля, хоць мала хто там быў. Вырашальныя для лёсу дзяржавы падзеі, якія там адбываліся ў пару Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, наўпрост трансьляваліся тэлевізіяй.
Шыльда свабоды
Менск, Дом ураду, Авальная заля
Менск, Дом ураду, Авальная заля
У Авальнай залі Вярхоўны Савет БССР 12 скліканьня прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце і шэраг законаў, якія юрыдычна афармлялі ўтварэньне новай самастойнай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь.
Людзі памятаюць, як падыходзілі да мікрафонаў дэпутаты, як горача адстойвалі свае пазыцыі, бачылі іх сьлёзы радасьці і роспачы. Ад аднаго дэпутацкага голасу магла залежаць будучыня і краіны, і кожнага беларуса. Так і было, прыкладам, пры прыняцьці бел-чырвона-белага сьцяга ў якасьці дзяржаўнага. Узгадвае лідэр Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Зянон Пазьняк:
“Я памятаю апошняе галасаваньне. Я адчуваў, што зноў не набяром адзін-два галасы. І гэта ўжо будзе канец. І тады я падышоў да аднаго намэнклятурнага камуніста, узяў яго за руку і, гледзячы ў вочы, сказаў: “Я вас вельмі прашу: прагаласуйце за сьцяг. Дзеля нашай будучыні... Мы ж беларусы...” Ён быў агаломшаны, але ж гэта быў прыстойны чалавек. І ён сказаў: “Добра, прагаласую”. І прагаласаваў. Трэба было набраць 231 голас, і калі на табло зьявілася лічба 231, я страціў прытомнасьць. Прыйшоў у сябе хутка, і мяне тут жа пацягнулі на плошчу. Там стаяла, можа, тысячы дзьве людзей. Трэба было выступаць. Я пачаў нешта гаварыць, і ў мяне пацяклі сьлёзы. Як ні дзіўна, гэтага ніхто не заўважыў, бо плакалі многія...”
У гэтай самай Авальнай залі 27 ліпеня 1990 году ў выніку вельмі драматычнага абмеркаваньня, калі апазыцыя скарыстала разгубленасьць камуністаў, была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце. А пасьля правалу маскоўскага путчу, 25 жніўня 1991 году, Вярхоўны Савет надаў ёй канстытуцыйны статус і распусьціў КПБ-КПСС. Менавіта ў гэтай залі была юрыдычна ўтвораная новая дзяржава — Рэспубліка Беларусь.
Авальная заля памятае і дні гонару нацыі, і дні ганьбы. Тут былі зацьверджаныя ў якасьці дзяржаўных беларуская мова, бел-чырвона-белы сьцяг, герб “Пагоня”. І тутсама антыбеларускія сілы бралі рэванш, галасуючы за антыканстытуцыйныя рэфэрэндумы, якія скасоўвалі гэты статус.
Тут 19 дэпутатаў апазыцыі БНФ распачалі галадоўку супраць незаконнага рэфэрэндуму, які ініцыяваў Аляксандар Лукашэнка. Супраць дэпутатаў уначы ўвялі ўзброеных вайскоўцаў у масках. Тыя зьбілі парлямэнтароў і гвалтам выцяглі з залі. Сьледзтва па крымінальнай справе за зьбіцьцё дэпутатаў было заблякавана прэзыдэнцкай уладай.
Пасьля сканчэньня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня ў студзені 1996 году ўся ўлада ў Беларусі пераходзіць пад кантроль Лукашэнкі, а спробы асобных дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13 скліканьня абвясьціць у гэтай залі імпічмэнт прэзыдэнту церпяць поўны правал.