Шыльда Свабоды
Мястэчка Зэльва, вуліца Савецкая, дом 7
Мястэчка Зэльва, вуліца Савецкая, дом 7
У гэтым доме з 1956 да 1983 году жыла выдатная беларуская паэтка і патрыётка, адна з кіраўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі, вязень Гулагу Ларыса Геніюш. Яе дом, нягледзячы на няспыннае сачэньне КДБ, быў месцам паломніцтва нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі.
“На магілах ня сеюць пшаніцы,
З чужой крыўды ня вырасьце доля.
Хто ня здольны прад зьдзекам спыніцца —
Панаваць той ня будзе ніколі”.
Мястэчка Зэльва ў 1970—1980-я гады было беларускай Мэкай для нацыянальнай творчай інтэлігенцыі. Да цудоўнай паэткі і сьветлай асобы Ларысы Геніюш ехалі паэты, празаікі, мастакі, навукоўцы. Ва ўмовах расейска-камуністычнай акупацыі яны лічылі яе дом выспачкай вольнай, незалежнай Беларусі, маленькай Беларускай Народнай Рэспублікай. Ларыса Геніюш, паэтка і былы генэральны сакратар ураду БНР, пасьля арышту ў Чэхіі і васьмі гадоў савецкіх турмаў і лягераў адмовілася прыняць савецкае грамадзянства, лічыла сябе грамадзянкай БНР.
Пасяліўшыся на радзіме мужа ў Зэльве, яна жыла пад пільным наглядам КДБ, чыя сядзіба была ў доме праз дарогу. Натуральна, і кожны, хто прыяжджаў да нязломнай беларускай патрыёткі, разумеў, што трапляў у чорныя гэбісцкія сьпісы. Успамінае мастак Уладзімер Басалыга, які афармляў першае пасьля яе вызваленьня выданьне зборніка вершаў “Невадам зь Нёмана”:
“Мы ехалі да яе, як да праменьчыка свабоды, якога так не хапала ў тыя часы. Яна пыталася пра беларускую мову, ці размаўляюць на ёй мастакі. Мы пасядзелі ў хаце, паглядзелі на інтэр’еры, на паліцы з кніжкамі. І потым яна павяла нас да царквы. Па дарозе чытала вершы, прысьвечаныя веры. Ідучы, яна раптам азірнулася і кажа: “Ідзе чалавек за намі”.
Гісторык Міхась Чарняўскі, які часта прыяжджаў да Ларысы Антонаўны, прыгадвае, што амаль кожны раз тут жа зьяўлялася цікаўная суседка, каб чарговым разам данесьці ў КДБ пра госьця. І хоць ніякіх антыдзяржаўных размоваў не вялі, тым ня меней стараліся гаварыць шэптам, а то і пісаць адзін другому цыдулкі, бо паўсюль у хаце былі “жучкі”. У 1980 годзе, у дзень свайго сямідзесяцігодзьдзя, Ларыса Геніюш перадала Міхасю Чарняўскаму рукапіс успамінаў, якія пазьней пры публікацыі ў часопісе “Маладосьць” назавуць “Споведзь”:
“Я сунуў рукапіс пад кашулю. Выйшаў на двор каля сьцяны, каб мяне ня ўбачылі з вакна КДБ. Выбіраўся чужымі гародамі, пералазіў праз платы, потым у поле, каля касьцёла ў лес, а там у бок Ваўкавыску. Выйшаў на дарогу і далей рознымі спадарожнымі машынамі да Менску. Ой, як я баяўся, каб ня страціць гэты рукапіс… Я хаваў яго ў розных месцах. Потым зь Зянонам Пазьняком зрабілі фотакопію на стужку. Нікому чытаць не давалі. Я хацеў перадаць яе на Захад, і нават быў чалавек, але за ім моцна сачылі. Я так і не рашыўся. Я чакаў, калі можна будзе публікаваць. І раптам кажуць, што настала нейкая адліга, перабудова. Я адразу панёс рукапіс у “Маладосьць”, тады Грачанікаў быў галоўным рэдактарам. Ён паглядзеў і кажа: “Тэрмінова друкаваць, і вялікімі кавалкамі, каб не закрылі”.
Глыбокая вера ў Бога і Беларусь дапамаглі Ларысе Геніюш вытрымаць і канцлягеры, і вельмі цяжкое жыцьцё пасьля вяртаньня. Яе стойкасьць і яе вера давалі новай генэрацыі беларускіх патрыётаў зарад, каб жыць паводле сумленьня і дзеля Беларусі.