Вернік: “Нас тут трымаюць за быдла”

Сёньня патрыярх Маскоўскі і Ўсяе Русі Кірыл завяршыў знаходжаньне ў Менску. Ён наведаў Менскую эпархіяльную ўправу, інстытут тэалёгіі пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце і Дом міласэрнасьці.
Студэнты і выкладчыкі Інстытута тэалёгіі сустракалі патрыярха Кірыла на вуліцы. Двое зь іх, якія трымалі хлеб-соль, былі апранутыя ў беларускія строі. Патрыярху Кірылу прысвоілі ганаровую доктарскую ступень Honoris Causa Інстытута тэалёгіі “за актыўную публіцыстычную і асьветніцкую дзейнасьць”. Рэктар БДУ Сяргей Абламейка падараваў патрыярху набор шахматных фігур з оніксу.




Патрыярх Кірыл адзначыў, што багаслоўская адукацыя можа быць прышчэпкай ад рэлігійнага экстрэмізму, але і дапамогай ў міжрэлігійным дыялёгу. Праз гэты дыялёг, да прыкладу, становіцца ясным, што з іранскімі шыітамі шмат агульнага.

"І прававерны мусульманін табе па духу аказваецца бліжэй, чым да мозга касьцей сэкулярызаваны заходні чалавек, ня здольны адрозьніваць дабро ад зла”.

Каля двух дзясяткаў мінакоў, якія прыйшлі прывітаць патрыярха Кірыла, ахова трымала наводдаль, каля ўваходу ў Аляксандраўскі сквэр. Яна забараняла фатаграфаваць прафэсійнымі фотаапаратамі. А аднаго грамадзяніна вывелі пад рукі далей у сквэр, як толькі той сказаў: “Нас тут трымаюць за быдла”.

Спадар Аляксей апавёў, што хацеў перадаць патрыярху ліст з просьбай дапамагчы пабудаваць храм, аднак ахова яго не пусьціла:
Ахоўнік за рукаў схапіў мяне і ледзь не скідаў з прыступак ...

“Нас лічаць за быдла. Я хацеў зварот перадаць. Мае сябры хочуць пабудаваць у Менску царкву за чыгункай, праект ляжыць ужо гадоў дзесяць. Дазволу не даюць. Я заслужаны вэтэран працы. Ахоўнік за рукаў схапіў мяне і ледзь не скідаў з прыступак. Нават паглядзець на сьвяцейшага не далі, я адсюль глядзеў. Я хацеў пабачыць бліжэй, а мяне адтуль скінулі”.



у чаканьні патрыярза Кірыла...
Каля дзьвюх соцень чалавек сустракалі патрыярха Кірыла каля Дома міласэрнасьці. У двор прапускалі праз мэталяшукальнікі. Частка ахоўнікаў былі не ў параднай форме – у чорных куртках і джынсах. Пасьля наведваньня Дома міласэрнасьці патрыярх Кірыл хутка прайшоў у аўтамабіль, не спыняючыся і не размаўляючы зь вернікамі, якія чакалі яго некалькі гадзінаў, а некаторыя зь дзецьмі.

Візыт патрыярха шырока асьвятляецца дзяржаўнымі мэдыямі. Да прыкладу газэта “Советская Белоруссия” на першай старонцы піша пра тое, што патрыярх пачаў візыт з сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Хаця спачатку той наведаў Сьвята-Духаў сабор. Таксама газэта піша пра тое, што патрыярх Кірыл размаўляў з прэзыдэнтам за зачыненымі дзьвярыма ў два разы больш, чым было адведзена пратаколам. Патрыярх сказаў, што ён з Лукашэнкам “не займаўся марнаслоўем, а праводзіў час у вельмі сур'ёзным дыялёгу”. І гэтая размова, маўляў, дапамагае зразумець тое, што нас усіх аб'ядноўвае.

Падчас сустрэчы ў прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі правілы рассадкі былі зьменены і Лукашэнка сядзеў у тарцы стала разам з патрыярхам і мітрапалітам Філярэтам.

Учора падчас выступу ў Палацы рэспублікі патрыярх Кірыл заклікаў берагчы саюз Беларусі і Расеі. Пры гэтым ён падкрэсьліў важнасьць павагі да сувэрэнітэту незалежных дзяржаў.