Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх паспрыяе Лукашэнку ў дыялёгу з Расеяй


Патрыярх Кірыл у Менску.
Патрыярх Кірыл у Менску.
Расейская праваслаўная царква гатовая спрыяць умацаваньню саюзу Беларусі і Расеі і аказаць “садзеяньне ў дыялёгу беларускага кіраўніцтва з расейскімі ўладамі”. Пра гэта заявіў патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл падчас сустрэчы ў Менску з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Гэта трэцяя за год сустрэча Лукашэнкі з патрыярхам. Але першая ў Менску, пасьля візыту кіраўніка Беларусі ў Ватыкан. Нагадаем, Аляксандар Лукашэнка выступіў пасярэднікам у арганізацыі сустрэчы патрыярха і папы на тэрыторыі Беларусі. Аднак на самым пачатку візыту ў Менск патрыярх Кірыл заявіў, што яму нічога невядома пра намаганьні беларускага кіраўніцтва ў справе арганізацыі такой сустрэчы. Ніякай іншай інфармацыі на гэтую тэму афіцыйныя мэдыі не падалі.

Кіраўнік Беларусі падзякаваў патрыярху за тое, што ён дакладна выканаў сваё абяцаньне і “дзень у дзень, гадзіна ў гадзіну, і нават на тры хвіліны раней” прыляцеў у Менск. Лукашэнка спадзяецца, што гэты візыт надасьць імпульс супрацоўніцтву царквы зь дзяржавай.

“Гэта ў пераважнай сваёй большасьці, напэўна, большы нават, чым у Расеі, працэнт праваслаўных у нас, больш за 85% — праваслаўныя людзі. Таму гэта ваша Беларусь. Вы заўсёды прыяжджайце сюды як да сябе дахаты. Я думаю, у нас сёньня ёсьць магчымасьць у другі раз грунтоўна пагаварыць па тых праблемах, якія, магчыма, ёсьць”.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што “пэрыяд, калі мы каяліся, скончыўся і трэба далей будаваць стратэгічныя напрамкі супрацоўніцтва царквы і дзяржавы”. Ён нагадаў, што дзяржава выдзяляе сродкі на адраджэньне Жыровіцкага манастыра, будоўлю духоўна-адукацыйнага цэнтру ў Менску, дапамагае ў аднаўленьні многіх праваслаўных цэркваў. У 2003 годзе падпісана пагадненьне паміж царквой і дзяржавай. Лукашэнка адзначыў імкненьне патрыярха не дапусьціць расколу ў РПЦ.

Патрыярх Кірыл назваў праваслаўе “асновай братэрскага адзінства народаў Беларусі, Украіны і Расеі”. Ён паабяцаў спрыяць умацаваньню саюзу Беларусі і Расеі і аказаць “садзеяньне ў дыялёгу беларускага кіраўніцтва з расейскімі ўладамі”. Патрыярх назваў важнай ролю кіраўніка Беларусі “ў разьвіцьці гэтага саюзу і ў цэлым беларуска-расейскіх стасункаў”. Патрыярх Кірыл таксама адзначыў, што РПЦ разьлічвае на шчыльнае ўзаемадзеяньне зь Беларусьсю ў ААН, ЮНЭСКО і АБСЭ ў такіх сфэрах, як міратворчасьць, міжрэлігійны і міжкультурны дыялёг, у разуменьні праблемаў і тэмаў, зьвязаных з правамі і свабодамі чалавека. Патрыярх Кірыл адзначыў “вельмі добры і станоўчы” ўзровень міжканфэсійных стасункаў у Беларусі.

“Канечне, Беларусь — гэта краіна з абсалютнай праваслаўнай большасьцю. Але прысутнічаюць і неправаслаўныя людзі. Таму кожны вернік павінен сябе адчуваць здольным маліцца, выконваць свае абавязкі і будаваць свае стасункі зь іншымі так, каб грамадзтва не падзялялася, а кансалідавалася. Бо добрыя ўзаемадачыненьні паміж рознымі хрысьціянскімі канфэсіямі спрыяюць гарманізацыі грамадзкіх адносін”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG