Прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі 1 верасьня ўпершыню за апошнія гады сустрэўся са сваім польскім калегам Дональдам Тускам.
Два прэм’еры абмеркавалі пытаньні двухбаковай супрацы Беларусі і Польшчы. Па выніках сустрэчы паміж Менскам і Варшавай была падпісаная дамова аб супрацоўніцтве ў галіне электраэнэргетыкі.
Цягам свайго двухдзённага працоўнага візыту ў Польшчу, Сяргей Сідорскі прыняў удзел у мерапрыемствах з нагоды 70-ых угодкаў пачатку Другой сусьветнай вайны. Ён таксама сустрэўся з прадстаўнікамі польскіх дзелавых колаў, перадае БелТА.
Акрамя таго, Туск заявіў пра неабходнасць дэмакратызацыі і захаваньня правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку нацыянальных меншасцяў, паведамляе БелаПАН.
Кіраўнік беларускага ўраду падзякаваў Польшчы за ініцыятыву "Усходняе партнэрства". Бакі выказалі спадзяваньне, што праграма будзе садзейнічаць збліжэньню і развіцьцю супрацоўніцтва Беларусі і Эўразьвязу, адзначаецца ў паведамленьні канцылярыі польскага прэм'ера.