Канцэрн “Беллегпрам” спадзяецца разгрузіць склады напярэдадні школьнага сэзону — попыт на форму і абутак для дзяцей у апошнія дні лета традыцыйна ператвараецца ў ажыятажны.
Каб падвысіць цікавасьць да сваёй прадукцыі, вытворцы прапануюць вопратку ў стылі новых тэхналёгій — з абаронай ад выпраменьваньня мабільнага тэлефона.
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, склады прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці затавараныя прадукцыяй на 639 мільярдаў рублёў. Кіраўніца ўпраўленьня маркетынгу “Беллегпраму” Людміла Пархамовіч кажа, што паказьнік нерэалізаваных вырабаў хоць неістотна, але ідзе на зьніжэньне:
“Калі глядзець па жніўні, то на сёньняшні дзень мы зьнізілі складзкія запасы на 9 мільярдаў рублёў. То бок праблема затаваранасьці, вядома, існуе, але ўрэшце яна, я думаю, будзе вырашаная, і працэс пойдзе”.
У гэтай сытуацыі вытворцы адзеньня ідуць на маленькія хітрыкі. Так, бабруйская швейная фабрыка “Славянка” абвясьціла пра выпуск хлапчуковых VIP-гарнітураў, абароненых ад электрамагнітнага выпраменьваньня мабільных тэлефонаў. Намесьнік дырэктара ў камэрцыйных пытаньнях фабрыкі Юры Дробаў кажа, што навінка карыстаецца надзвычай добрым попытам:
“Апроч звычайнага эканом-клясу, летась распрацаваны і прашыты гарнітур бізнэс-клясу, а сёлета — і VIP-клясу. Ужо прададзена каля 100 тысяч адзінак такога адзеньня. Вырабы карыстаюцца добрым попытам і папулярнасьцю. Парадку 25 тысяч адзінак прададзена ў Расею”.
Праўда, насамрэч выявілася, што ад апраменьваньня “абароненая” толькі невялікая ўнутраная кішэня пінжака. Да таго ж, як кажуць у адной зь менскіх крамаў, выбару VIP-формы на розныя памеры амаль няма:
“Так, нейкая абарона прадугледжаная ў тым месцы, дзе можна пакласьці тэлефон. Але што там за склад — сказаць цяжка, не пазначана. Таксама для плэера прадугледжаная кішэнька. Але мадэлі пасуюць ня кожнаму дзіцяці: на хлопчыку крыху большай камплекцыі гузікі не зашпільваюцца”.
На сайце “Славянкі” ў анатацыі да касьцюму “бізнэс-клясу” паведамляецца: для вырабу ўзятыя лепшыя сучасныя тканіны, выпрабаваныя і бясьпечныя. Падкладка — з тканіны кантраснага сьветлага колеру. Імітацыя ручнога радка зробленая срэбнай ніткай. Кішэня для мабільнага тэлефона — са спэцыяльнага тэкстыльнага матэрыялу “Х Shield” нямецкай фірмы “Kufner”, што дазваляе ў высокай ступені экранізаваць электрамагнітнае выпраменьваньне, тым самым забясьпечыўшы абарону дзіцяці. Тканіна — полівіскоза зь лякавым пакрыцьцём.
Пасьля таго як Міністэрства адукацыі дамаглося абавязковай наяўнасьці “дзелавога стылю” ў агульнаадукацыйных установах, многія вытворцы лёгкай прамысловасьці ўздыхнулі з палёгкай. І ня дзіва: дзяржаўная замова забясьпечвае працай 30 швейных фабрык і тузін абутковых прадпрыемстваў.
Праўда, у пакупнікоў яшчэ нямала нараканьняў што да дызайну і якасьці беларускай прадукцыі. Хоць “Беллегпрам” і рапартуе, што крамы прапануюць больш за 260 мадэляў адзеньня для дзяўчат і 300 — для хлопчыкаў, знайсьці розьніцу паміж мадэлямі з гэтага мноства зазвычай вельмі складана. Калі гарнітур ад гомельскага “Камінтэрну” — то, як правіла, чорны і з грубага матэрыялу. Калі бабруйская “Славянка” — то зазвычай шэры і бліскучы.