АТЛАНТ
Адно з самых затавараных у Менску — аб’яднаньне “Атлант”. Да пачатку эканамічнага крызісу прадпрыемства пасьпяхова асвоіла рынкі Расеі і Ўкраіны, аднак цяпер экспартныя пастаўкі згорнутыя. Паводле дадзеных на 1 жніўня, колькасьць нерэалізаваных халадзільнікаў дасягнула 258 тысяч, пральных машынаў — амаль 40 тысяч. Агулам на складах — 243% вырабаў да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці. Праўда, нягледзячы на затаваранасьць, канвэер “Атланта” працуе ў ранейшым рэжыме.
МЕНСКІ МАТОРНЫ ЗАВОД
А вось Менскі маторны завод летам пераведзены на трохдзёнку. За паўгода колькасьць рухавікоў, пастаўленых на беларускія прадпрыемствы, скарацілася на 35%, для расейскай “Групы ГАЗ” -- на 80% (з 11 тысяч адзінак да 2 тысяч). Маторны завод “закальцаваўся” на праблемах іншых прадпрыемстваў — большая палова рухавікоў пастаўлялася на МАЗ, МТЗ і “Амкадор”.
АМКАДОР
У экспартных пастаўках завод спэцыяльнай тэхнікі “Амкадор” амаль 100-працэнтна залежыць ад Расеі. Аднак на рашэньне расейскага Міністэрства эканамічнага разьвіцьця яго прадукцыя выведзена па-за пералік тэхнікі, закуп якой падпадае пад льготнае крэдытаваньне “Россельхозбанкам”. Цяпер праца менскага прадпрыемства практычна спаралізаваная. Майстар цэху спадар Іван кажа, што спадзявацца на хуткае паляпшэньне сытуацыі няма падставаў:
У суседнім цэху з 88 чалавек засталіся толькі 14 ...
“Становішча там зусім дрэннае. Сыходзяць усе. Тры начальнікі цэхаў, зь якімі я працаваў, звольніліся; таксама сыходзяць майстры, шараговыя працаўнікі. У суседнім цэху з 88 чалавек засталіся толькі 14. Колісь працавалі ў тры зьмены. Засталася адна, і то вытворчасьці практычна ніякай. Апошнім часам працавалі толькі чатыры дні на тыдзень — ад панядзелка да чацьвярга, пры гэтым чацьвер быў скарочаны, а пятніца, адпаведна, выходны. Што, натуральна, наўпрост адбівалася на заробках”.
Менскі Аўтамабільны Завод
Затавараныя і пляцоўкі Менскага аўтазаводу. Летась МАЗ прадаў у Расею 12 тысяч грузавых аўтамабіляў, а ў першым паўгодзьдзі сёлета — толькі 800 (на МАЗе спадзяюцца, што да канца году лічба вырасьце да 3 тысяч адзінак).
МЕНСКІ ТРАКТАРНЫ ЗАВОД
Аналягічная сытуацыя на Менскім трактарным заводзе. За паўгодзьдзе продаж трактароў скараціўся амаль на 13 тысяч у параўнаньні з такім жа пэрыядам 2008-га. Пры адсутнасьці попыту МТЗ перайшоў на трохдзёнку, выпуск у чэрвені і ліпені не перавышаў 3 тысяч трактароў. Запасы тэхнікі дасягнулі 5,3 тысяч адзінак, падвысіўшыся за год утрая.
Застаўленая трактарамі тэрыторыя Менскага трактарнага заводу
МЕНСКІ ПАДШЫПНІКАВЫ ЗАВОД
Вядучы тэхнічны спэцыяліст Менскага падшыпнікавага заводу Андрэй Гардзейка расказаў, што прадпрыемства на неакрэсьлены тэрмін пераведзенае на трохдзённы працоўны тыдзень. Аднак, па яго словах, такая тэндэнцыя характэрная для бальшыні буйных прадпрыемстваў Менску:
Афіцыйна ў нас трохдзёнка ...
“Афіцыйна ў нас трохдзёнка, але бывае, што некаторыя тыдні працуем чатыры дні. Гэта ўласьціва амаль для ўсіх прадпрыемстваў машынабудаўнічага комплексу. Сытуацыя залежыць ад таго, як паводзіць сябе рынак. Падшыпнікі — прадукт спэцыфічны. Бывае, што адну намэнклятуру падшыпнікаў выпускаеш у вялікім аб’ёме і завязаны на 1-2 спажыўцоў. Зь імі штосьці здарылася, фінансавы крызіс захапіў. І тады праблемы. А ёсьць намэнклятура, якая спажываецца вельмі многімі, добра разыходзіцца. Таму захоўваецца пэўны балянс. Недахоп абаротных сродкаў, натуральна, адбіваецца, але завод пакуль працуе больш-менш устойліва”.
МОТАВЕЛА
Менскі завод “Мотавела” яшчэ нядаўна падавалі як прыклад удалага інвэстыцыйнага супрацоўніцтва ўраду Беларусі і аўстрыйскага капіталу. Аднак, як цьвердзіць інжынэр-канструктар з 50-гадовым стажам працы на прадпрыемстве Барыс Фердман, насамрэч з пачаткам капіталізацыі пачалося сапраўднае безуладзьдзе, а завод пазбавіўся самых кваліфікаваных кадраў:
З 4 500 тысяч працоўных засталося на заводзе хіба 1 700 ...
“За увесь час, што я працаваў на заводзе, зьмяніліся 12 дырэктараў. І шэсьць зь іх, то бок, роўна палова, зьмянілася ад моманту “прыватызацыі”. У выніку неакрэсьленасьці што атрымалася? З 4 500 тысяч працоўных засталося на заводзе хіба 1 700. Ад беспэрспэктыўнасьці сышлі лепшыя кадры. Справы ідуць ўсё горш і горш. Справа ў тым, што мы разьлічаныя на масавую вытворчасьць (гэта як булачкі выпякаць). Пастаўлялі прадукцыі ў асноўным на постсавецкую прастору. Але нашы вырабы ніяк не могуць канкураваць за кошт тэхнічных дадзеных, а толькі коштам нізкай цаны. І менавіта такім чынам мы доўгі час лічыліся адным зь лепшых прадпрыемстваў горада”.
Ад жніўня ў Беларусі ўпершыню пачаў вылічвацца паказьнік для скарачэньня запасаў гатовай прадукцыі. Паводле пастановы Саўміну, прамысловыя прадпрыемствы будуць лічыцца пасьпяховымі, калі прыбытак ад продажу запасаў будзе перавышаць тэмпы вытворчасьці.
БАБРУЙСКІ МАШЫНАБУДАЎНІЧЫ ЗАВОД
У Бабруйску 17 заводаў і фабрык не дасягаюць і паловы ранейшых аб’ёмаў вытворчасьці, іх фінансавыя страты сягаюць за 135 мільярдаў рублёў. У “чорны” сьпіс трапіў і Бабруйскі машынабудаўнічы завод, які цяпер працуе чатыры дні на тыдзень. Цяжкое эканамічнае становішча тут зьвязваюць зь неспрыяльнай сытуацыяй на расейскім рынку, куды машынабудаўнікі пастаўлялі да 80% прадукцыі. Гаворыць галоўны інжынэр прадпрыемства:
“У іх цяпер невядома што творыцца, і гэта на нас адбіваецца. Плянавалі на пачатку году выпусьціць прадукцыі на трынаццаць мільярдаў, але на сёньняшні дзень на адзін мільярд не дапрацавалі. Стараемся шукаць ужо новую прадукцыю, нетрадыцыйную для нас. Не цэнтрабежныя помпы. Вось прапрацоўваем выпуск чыгунных эмаліраваных балеяў. Іх толькі ў Расеі вырабляюць”.
Бабруйскі машынабудаўнічы завод спэцыялізуецца на выпуску помпаў для нафтавай і хімічнай вытворчасьці, тут працуе крыху болей за тысячу чалавек. У прафкаме паведамілі, што сярэдні заробак на прадпрыемстве не перавышае 650 тысяч рублёў:
“Ёсьць, вядома, незадавальненьні, але каб былі нейкія незадавальненьні з патрабаваньнямі — такога няма. Сёньня людзі хочуць працаваць і атрымліваць нармальны заробак. Пакуль трываюць, а што будзе далей — ня ведаю. Бо неўзабаве пачынаецца новы навучальны год, і дзяцей трэба рыхтаваць да школы. Пакуль заробак мы выплачваем у час”.
На прадпрыемстве няма суполак незалежных прафсаюзаў, таму ў калектыве, як кажа прафсаюзная функцыянэрка, “пануе спакой”.
БЕЛТАПАЗ (Горадня)
Прадукцыя гарадзенскага прадпрыемства “Белтапаз”, якое выпускае такарныя патроны і запчасткі для іх, пастаўляецца пераважна ў краіны СНД, але апошнім часам на складах прадпрыемства, паводле начальніцы аддзелу збыта Тацяны Дзекань, ляжыць сямімесячны запас. Тут працуе звыш 600 чалавек, але зараз назіраецца даволі высокая цякучка кадраў, пагатоў прадпрыемства перайшло на чатырохдзёнку:
Ляжыць сямімесячны запасe ...
“Расея бярэ прадукцыю, але аб’ёмы зьменшыліся ўтрая. Беларускія прадпрыемствы таксама ў 3-4 разы зьменшылі закупы. Усё з-за таго, што няма грошай, прадпрыемствы неплатаздольныя. Калі раней мы адгружалі прадукцыю штомесяц, то зараз — толькі адзін раз у квартал”.
У аддзеле маркетынгу кажуць, што апошнім часам у краінах СНД пачалі шукаць новых дылераў для продажу сваёй прадукцыі, а ў некаторых рэгіёнах імкнуцца заключаць дамовы наўпрост. Прынцыпова новым падыходам у працы, са слоў спэцыяліста, стаў пошук новых рынкаў збыту на Захадзе:
“Нядаўна езьдзілі ў Польшчу на выстаўку, спрабуем наладзіць сумесны выпуск такарных патронаў з чэхамі. А польскія прадпрыемствы выказалі жаданьне стаць нашымі дылерамі ў Эўропе. Пакуль вядуцца перамовы”.
РАДЫЁТЭХНІКА (АШМЯНЫ)
Ашмянскае прадпрыемства “Радыётэхніка” для раённага цэнтра ўнікальнае. Яно пастаўляе прадукцыю для МАЗа, МТЗ, БелАЗа, “Амкадора”. Тут працуе болей за 250 чалавек. Са слоў дырэктара, спадара Івана, з-за крызісу пастаўкі прадукцыі на беларускія прадпрыемствы скараціліся да 30%. Значна скараціліся пастаўкі і для расейскіх заводаў ЗіЛ і КамАЗ. Дырэктар кажа, што ёсьць спроба наладзіць вытворчасьць тавараў сумесна зь іншымі вытворцамі, а вось што да заходніх рынкаў збыту, то пакуль ня ўсё атрымліваецца:
“Мы спрабавалі працаваць з Літвой па таварах народнага спажываньня, але яны выкручваюць нам рукі цэнамі, хочуць, каб прадавалі ніжэй сабекошту. Ну мы ж ня будзем працаваць сабе ў страты”.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, запасы гатовай прадукцыі на беларускіх прадпрыемствах у ліпені ацэньваюцца ў 7,4 трыльёны рублёў. У параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага года, яны вырасьлі на 3,3 трыльёны рублёў.
Бальшыня замежных краін, на рынкі якіх рабіў стаўку Аляксандар Лукашэнка, скарацілі свой гандаль зь Беларусьсю. Пасьля паездак у Віетнам, Кітай, іншыя азіяцкія ды арабскія краіны ён абяцаў значнае павелічэньне беларускага экспарту ў гэтыя рэгіёны. Аднак кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка адзначае: ёсьць выключэньні, якія толькі пацьвярджаюць тое ці іншае правіла. Арыентацыю Лукашэнкі на азіяцкі ды арабскі рынкі эканаміст лічыць стратэгічна няправільнай:
“На ўсе астатнія краіны сьвету, акрамя дзяржаў Эўразьвязу і СНД, ідзе толькі 10-12% усяго беларускага экспарту. То бок, гэта 1/10, 1/8 нашых эканамічных інтарэсаў. Але і на гэтым рынку канкурэнцыя вельмі высокая. Тыя ж кітайцы ідуць туды са сваімі трактарамі, лядоўнямі, тэлевізарамі. І таму вельмі цяжка паверыць, што мы сваімі “Гарызонтамі” ды “Віцязямі” пераб’ем “Ташыбу” альбо “Панасонік” кітайскай зборкі. Кітай, Індыя і ўсе астатнія 170 краінаў усясьветнай супольнасьці — гэта ўсяго толькі на ўзроўні 10—12%”.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, таваразварот Беларусі за першыя шэсьць месяцаў 2009 году скараціўся параўнальна з тым жа пэрыядам летась на 40%, альбо на 14 мільярдаў даляраў. Адмоўнае сальда зьнешняга гандлю склала 3,9 мільярда даляраў і павялічылася на 1,7 мільярда.
Бальшыня вытворцаў трапілі ў зачараванае кола. Склады затавараныя, аднак зьмяншаць аб’ёмы вытворчасьці ўрад забараніў. Прадаваць прадукцыю паводле сабекошту таксама не дазволена, паколькі перад дырэктарамі маячыць крымінальная адказнасьць за “разбазарваньне сродкаў”. У гэтай сытуацыі менскія ўлады мабілізуюць індывідуальных прадпрымальнікаў дзеля разгрузкі прамысловых складоў. Гаворыць начальнік Упраўленьня прадпрымальніцтва Менгарвыканкаму Аляксандар Каліноўскі:
“Мы падрыхтавалі пакет дакумэнтаў у Міністэрства эканомікі, у МЗС, дзе прапануем заканадаўча расшырыць свабоду дырэктарскага корпусу ў манэўры па цэнаўтварэньні. Але, як правіла, гэта дзяржаўныя прадпрыемствы, і гандляваць ва ўрон ніхто ім не дазволіць. Бо раней ці пазьней паўстане пытаньне: чаму прадпрымальніку прададзена ніжэй за сабекошт? Але манэўр, асабліва ў сёньняшніх умовах, павінен быць больш шырокі ў кіраўнікоў прадпрыемстваў. А што тычыцца прадукцыі, якая ляжыць па 7-8 гадоў на складах, то да яе асаблівае стаўленьне. Тут добрыя ўсе спосабы рэалізацыі, у тым ліку і па цэнах без уліку сабекошту”.
БЕЛЛЕГПРАМ
У Менску найбольш загружаныя склады канцэрну “Беллегпрам”. Фурнітура, трыкатажныя вырабы, абутак не прадаюцца ня тое што за межамі краіны, але і ў Беларусі, залежваюцца на складах па некалькі гадоў. Але гэта той асартымэнт, што прадпрымальнікі масава завозяць з Турэччыны, Кітаю, Расеі. Сталічныя ўлады лічаць, што ў дадзеным выпадку палітыка імпартазамяшчэньня была б цалкам лягічная. Аднак прадстаўнікі заводаў прызнаюцца, што пакуль прадпрымальнікі асабліва не сьпяшаюцца ім на дапамогу, паколькі ня хочуць рызыкаваць уласнымі грашыма.
Упраўленьне прадпрымальніцтва Менгарвыканкаму распаўсюдзіла мэтадычныя рэкамэндацыі кіраўнікам прамысловых прадпрыемстваў дзеля падвышэньня экспарту тавараў суб’ектамі малога бізнэсу. Сярод іх:
- стварэньне электроннай базы дадзеных пра тавары, якія патэнцыйна маюць шанец на рэалізацыю за межамі Беларусі;
- зьняцьце абмежаваньняў для тавараў вытворцамі і аптовымі прадпрыемствамі суб’ектам малога прадпрымальніцтва;
- шырока праводзіць уцэнку тавараў ў рамках дзейнага заканадаўства;
- практыкаваць вяртаньне прадпрыемствам нерэалізаванай прадукцыі, прымаць брак, выяўлены падчас рэалізацыі;
- адпускаць тавары, прадугледжаныя для рэалізацыі за межамі краіны, па аптовых коштах;
- выкарыстоўваць частковую перадаплату і растэрміноўку плацяжу за адгружаны тавар да 60 дзён і г.д.