Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзелавы стыль будзе абавязковы для ўсіх школьнікаў


Дырэктары школаў, гімназіяў і ліцеяў атрымалі з Міністэрства адукацыі лісты з рэкамэндацыямі уключыць у правілы ўнутранага распарадку пункт аб абавязковым нашэньні адзеньня дзелавога стылю.


Паводле словаў намесьніка міністра адукацыі Казіміра Фарыно, “наша задача – сфармаваць культуру нашэньня адзеньня дзелавога стылю, моду на школьнае адзеньне”.

Ва ўсіх ліцэях і гімназіях ды ў бальшыні школаў дзелавы стыль уведзены два гады таму. Бацькі і дзеці ўжо сутыкнуліся з такой праблемай. Паслухаем, як да дзелавога стылю ставяцца дзеці:
Ніякіх джынсаў нельга

“Я вучуся ў трэцяй клясе. Нам ужо сказалі, што нельга ўсялякія джынсы апранаць, а толькі школьнае адзеньне”.

Карэспандэнтка: “А падабаецца табе школьнае адзеньне, што ты апранаеш у школу?”

“Ня вельмі падабаецца. Раней мы хадзілі ў пінжаках, а цяпер – у камізэльках. У пінжаку ня вельмі, а ў камізэльцы падабаецца”.

Карэспандэнтка: “А гэта зручна? Дзеці ж бегаюць на перапынках?”

“На самой справе, ня вельмі”.

Падлетак: “Форма ў цэлым мне не падабаецца. А, канечне, разумею, што яна быццам бы дысцыплінуе. Ад нас патрабуюць аднатонную кашулю, пінжак, порткі. Ніякіх джынсаў нельга. Гэта ня тое, каб зусім нязручна, але калі нам бы давалі свабоду ў адзеньні, было б зручней”.

Некаторыя бацькі не выступаюць супраць такой ідэі. Маўляў, гэта прывучыць дзіця апранацца прыгожа і афіцыйна. Кажа маці дзяўчынкі
Купіць прыстойную блюзку дзелавога стылю дастаткова складана
:

“Іншая справа – калі даходзіць да практыкі, то купіць прыстойную блюзку дзелавога стылю дастаткова складана. Таму што тое, што ёсьць у крамах, вельмі часта сынтэтычнае. Прызнаюся, што я блюзкі купляла дзіцяці ў краме “Broadway” па 65 тысяч, таму што гэта было адзінае месца, дзе яны былі натуральныя і прыдатнага стылю. У ГУМе, ЦУМе я не змагла купіць, і дзіця маё такое б не апранула. Таму тут ёсьць разыходжаньне паміж добрымі намерамі дзяржавы і абсалютнай няздольнасьцю забясьпечыць выкананьне гэтых добрых намераў. Да таго ж, уяўленьні пра тое, што добра, у дзяцей, у бацькоў і ў вытворцаў адзеньня – яны дастаткова розныя”.

Маці дзяўчынкі прывяла прыклад, калі настаўніца забараніла апранаць блюзку бардовага колеру – маўляў, такі колер не падыходзіць пад паняцьце “дзелавы стыль” і адцягвае ўвагу.

Галоўны інспэктар Упраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Сьвятлана Прастакова паведаміла, што 14 прадпрыемстваў канцэрну “Беллегпрам” ужо прадставілі каля варыянтаў 300 камплектаў адзеньня для школьнікаў, зь якіх 140 ухвалена адмысловай камісіяй:

“Уявіце: 140 мадэляў -- выбар з 1 па 12 клясы. Мадэлі цікавыя. Колеры таксама розныя, гама ад чорнага да сьветла-шэрага, ад цёмна-карычневага да сьветла-карычневага. Цэны таксама розныя. Я думаю, будзе дастаткова мадэляў”.

Міністэрства аховы здароўя выпрацоўвае рэкамэндацыі для вытворцаў школьнага адзеньня – каб у тканінах было няшмат сынтэтыкі. Не патрабаваньні, а менавіта рэкамэндацыі. А прадпрыемствы шыюць касьцюм са 100% паліэстру і пішуць, што гэта не паўсядзённае, а выходнае адзеньне. У лепшым выпадку можна знайсьці касьцюм для хлопчыка з тканіны, дзе 33% воўны, кашулю – максымум 65% бавоўны. Вось і вымушаныя дзеці хадзіць у сынтэтыцы, да таго ж, у тым, што прапануе айчынная прамысловасьць. І што вельмі рэдка падабаецца дзецям. У той час беларускія мадэльеры, дызайнэры на прэстыжных міжнародных фэстывалях паказваюць цудоўныя, цікавыя калекцыі. Няўжо яны ня могуць распрацаваць калекцыі для дзяцей?

Дызайнэр і выкладчыца Беларускага ўнівэрсытэту культуры Сьвятлана Длатоўская перакананая:

“Вядома, гэта цалкам магчыма. У мяне на курсе была дзяўчына Марына Фінчук, якая распрацавала вельмі цікавую з натуральных баваўняных тканін, кашулі і блюзкі былі апрацаваныя ў тэхніцы баціку. Яна рабіла цудоўныя рэчы, можна было б прапанаваць гэтую калекцыю для школы, і дзеці былі б, як кветкі. І было б цікава, можна было б з разнастайнасьці зрабіць цэласную калекцыю. І апрануць увесь кляс у адным стылі, але ў кожнага быў бы свой строй. Мастакі над гэтым працуюць, асабліва маладыя вельмі часта для дыплёмных праектаў абіраюць гэту тэму. Але чамусьці далей, у вытворчасьць, гэта не ідзе”
Колеры павінны быць не яркімі, не стракатымі
.

Кожнай школе дазволяць самастойна прымаць рашэньне пра колеры і камплектацыі адзеньня, кажа інспэктар Мінадукацыі Сьвятлана Прастакова:

“Колеры павінны быць не яркімі, не стракатымі, а вось якія канкрэтна – можа вызначыць сама школа. Мы дазваляем шырокі камплект адзеньня, а вось школа можа яго звузіць. Рашэньне аб зьнешнім выглядзе прымае агульнаадукацыйная ўстанова. Калі, да прыкладу, у школе ёсьць эмблема, яна можа замовіць на форму вось гэту эмблему, і дзяцей будзе аб’ядноўваць, што яны з гэтай школы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG