Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка назваў дзіўнай сытуацыю з прыняцьцем пастановы ўраду № 991.
“Бо гаворка ішла пра зьмену ўсёй сыстэмы аптовага гандлю, зьмену сыстэмы лякацыі. Фактычна гаворка ішла пра тое, каб разбурыць усю, якая склалася, сыстэму аптовага гандлю, дастаўкі грузаў і гэтак далей. Гэта было крайне небясьпечна для эканомікі і таму выклікала такую крытычную рэакцыю з боку экспэртаў. Гэта ставіла дырэктарат у вар'яцкае становішча, бо яны павінны былі рэгістраваць ці перарэгістраваць свае структуры, якія занятыя рэалізацыяй тавараў.
Таму хуткі аналіз, відаць, паказаў, што тыя лабісты, якія хацелі рэалізаваць такую пастанову, рыхтавалі вельмі цяжкую сытуацыю для ўсёй эканомікі Беларусі. Мы не змаглі б з дапамогай такіх дзіўных дзеяньняў рэалізаваць таварныя запасы, павялічыць эфэктыўнасьць зьнешняга і ўнутранага гандлю.Таму тыя, хто лабіраваў гэтую пастанову, прайгралі. І Лукашэнка даволі хутка зразумеў, што трэба рэзка мяняць сытуацыю, то бок вярнуцца да існай сыстэмы”.
Паводле спадара Заікі, такая пастанова была б у “інтарэсах самой намэнклятуры”. Яна змагла б “пераключыць на сябе таварныя плыні праз штатныя структуры вэртыкалі, і гэта была б жахлівая рэч”.
Паводле Леаніда Заікі, такая пастанова магла быць выклікана “перагрэвам мазгоў” чыноўнікаў, якіх “трэба альбо адпраўляць у адпачынак, альбо ў адстаўку і добра шугануць, каб не прыдумлялі ідыёцкія схемы”.