Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 19 ліпеня
“Беларускі рэлігійны друк на Захадзе” – гэтак называецца 900-старонкавая кніга, што выйшла нядаўна ў слыннай сэрыі Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. У ёй падрабязна разгледжаны ўсе рэлігійныя пэрыёдыкі, якія выдаваліся беларускімі суполкамі на эміграцыі ад 1945 па 2005 год. “Піянэрскім, грунтоўным і своечасовым” назваў гэтае дасьледаваньне кіраўнік БІНіМу Вітаўт Кіпель. Сёньня нашым госьцем – аўтар манаграфіі Юрась Гарбінскі.
Міхась Скобла: “Юрась, часавыя межы вашага дасьледаваньня ахопліваюць 60 гадоў, пачынаючы з 1945 году. Давайце вернемся ў тыя паваенныя гады. Нямеччына капітулявала, яна падзеленая на саюзьніцкія акупацыйныя зоны. І ў гэтых зонах, у лягерах для перамешчаных асобаў выходзіць амаль паўсотні беларускіх пэрыядычных выданьняў! Чым вы можаце патлумачыць гэткі, як сёньня сказалі б, выдавецкі бум?”
Юрась Гарбінскі: “Так, у лягерах ДП у Нямеччыне (1945–1951) выходзілі каля 100 пэрыёдыкаў. Іх тэматычны профіль быў дастаткова шырокі: грамадзка-палітычныя, рэлігійныя, моладзева-скаўцкія, літаратурныя і г.д. Гэта сапраўды быў “выдавецкі бум”. Ён быў абумоўлены некалькімі чыньнікамі. Па-першае, пэрыядычны друк выконваў аб’яднаўчую функцыю і садзейнічаў справе арганізацыі грамадзка-палітычнага, рэлігійнага, ды наогул нацыянальнага жыцьця на Захадзе. Па-другое, і ў пэрыд лягераў ДП, і пазьней, газэты і часопісы прадстаўлялі ўласнабеларускі погляд на розныя палітычныя і рэлігійныя праблемы, якіх на эміграцыі хапала. А яшчэ, як згадвае доктар Янка Запруднік, кожнаму карцела нешта сказаць-напісаць, кожны лічыў сябе кампэтэнтным, каб выдаваць “свой” пэрыёдык. Таму і рэдактарска-карэктарскі ўзровень большасьці тых выданьняў быў, мякка кажучы, невысокі. Зразумела, што такія пэрыёдыкі не вытрымлівалі праверкі часам, іх “жыцьцё” нярэдка спынялася на 1-м, 2-м, 3-м нумарах”.
Скобла: “Але былі і сур’ёзныя выданьні. Мне ў свой час давялося працаваць з часопісам “Сакавік”, які выходзіў у лягеры для перамешчаных асобаў у Остэргофэне, з часопісам “Моладзь”, які выдаваўся ў Парыжы. Яны мелі вельмі прыстойны літаратурны ўзровень. А якія друкі, апрача названых, маглі б прынесьці карысьць сучасным дасьледчыкам эміграцыі?”
Гарбінскі: “Па-сапраўднаму, на мікра- і макра- ўзроўнях беларускі эміграцыйны друк яшчэ нядаўна не разглядаўся – ні на эміграцыі, ні ў Беларусі. Але сёньня можна цешыцца: выйшла грунтоўнае крыніцазнаўчае дасьледаваньне беларускага дасьледчыка зь Нью-Ёрку Лявона Юрэвіча пра газэты “Бацькаўшчына” і “Беларус”, убачыла сьвет кніга Янкі Запрудніка “Дванаццатка”, у якой шырока асьвятляецца гісторыя эміграцыйнага моладзевага выданьня “Наперад”. Перавыдадзеныя выбраныя матэрыялы беларускага часопісу “Моладзь”, што выходзіў у Парыжы… Я ж лічу, што даўно насьпела патрэба зьвярнуць увагу на адно з найбольш папулярных выданьняў беларускай дыяспары на Захадзе – часапіс “Божым шляхам”. І ў гэтым кірунку ўжо пэўныя захады распачатыя.
Ня меньшай увагі заслугоўваюць таксама рэлігійныя часапісы – “Зьніч”, “Голас царквы”, “Сьветач Хрыстовае навукі”, “Царкоўны сьветач” ды інш. Гэта – калі гаварыць пра рэлігійныя выданьні. А вазьміце сьвецкую пэрыёдыку. Да прыкладу, таронтаўскі “Зважай” Кастуся Акулы, або той жа “Полацак”, што выдаваў Міхась Белямук у Кліўлендзе. Карацей кажучы, маем справу з адвечнай беларускай праблемай – жніва многа, але працаўнікоў мала. А яшчэ ж трэба ратавацца ад прафанацыі, якая апошнім часам загасьціла ў працах некаторых “вялікіх спэцыялістаў” па эміграцыі, якія гуляюць у “першаадкрывальнікаў” і “абаронцаў”.
Скобла: “Рэлігійнае жыцьцё беларускай эміграцыі пасьля вайны было даволі складаным. Варта прыгадаць толькі адзін факт: калі ўсе беларускія епіскапы ў 1946 годзе перайшлі ў юрысдыкцыю Расейскай праваслаўнай зарубежнай царквы – фактычна кінулі сваю паству. Як гэта адбівалася на рэдакцыйна-выдавецкім працэсе?”
Гарбінскі: “Адна з самых вялікіх праблемаў усіх канфэсіяў – недахоп духавенства, сьвятарства. Пераход беларускіх епіскапаў у Расейскую праваслаўную зарубежную царкву спрычыніўся да рэлігійнага і палітычнага падзелу беларускай эміграцыі. Гэтыя падзелы забралі шмат сілаў, творчай энэргіі, якія маглі б у іншай сытуацыі значна ўзмацніць беларускую дыяспару. На вялікі жаль, сталася – як сталася. Безумоўна, усё гэта не магло не адбіцца на рэдакцыйна-выдавецкім працэсе. Толькі адзін прыклад – праваслаўны часопіс “Зьвіняць званы сьвятой Сафіі”. Гэтае выданьне былыя беларускія епіскапы спрабавалі выкарыстаць інструмэнтальна, у пэўных, далёка не беларускіх, мэтах. На шчасьце, рэдактар часопісу Юрка Віцьбіч не дазволіў гэтага зрабіць, што ў далейшым прывяло да спыненьня выданьня”.
Скобла: “Якія наклады мелі першыя паваенныя эміграцыйныя пэрыёдыкі, і які быў арэал іхняга распаўсюду?”
Гарбінскі: “Наклады ў пэрыяд лягераў ДП былі невялікія, пераважна ад 100 да 250-300 асобнікаў, а некаторыя выданьні, пераважна рукапісныя, наогул выходзілі адным-двума асобнікамі і, звычайна, распаўсюджваліся ў межах канкрэтнага лягеру. Пасьля расьсяленьня паваеннай хвалі беларускай эміграцыі па сьвеце заўважаецца павелічэньне колькасьці пэрыёдыкаў, якія выходзілі стабільна. Заўважаецца і рост накладаў – ад 200 да да 500, 700 і нават 1000. Калі гаварыць пра кальпартаж і прастору распаўсюду, то ў першыя паваенныя гады яна абмяжоўваліся межамі той або іншай акупацыйнай зоны. Пазьней гэтая прастора пашыралася да межаў краіны далейшага пасяленьня беларусаў, дзе закладваліся кальпартэрскія пункты і мэтанакіравана працавалі канкрэтныя асобы, прыхільнікі беларускага друкаванага слова. У гэтым пляне пальму першынства трымалі часапісы “Божым шляхам”, “Зьніч” і “Голас царквы”.
Скобла: “Якія канфэсіі вызначаліся найбольшай актыўнасьцю ў выданьні друкаванай прадукцыі?”
Гарбінскі: “Было б несправядліва вызначаць больш і менш актыўных прадстаўнікоў той ці іншай канфэсіі. Аналіз рэлігійнай пэрыёдыкі беларускай дыяспары на Захадзе дазволіў зафіксаваць колькасную перавагу праваслаўных выданьняў над каталіцкімі і пратэстанцкімі, што трэба суадносіць з колькасьцю праваслаўных вернікаў-беларусаў, а таксама браць пад увагу актыўную дзейнасьць беларускіх праваслаўных царкоўна-адміністрацыйных структураў. Але, з другога боку, каталіцкія выданьні мелі значную перавагу перад праваслаўнымі і пратэстанцкімі па колькасьці выдадзеных нумароў. Гэта трэба зьвязваць з тым, што беларускі каталіцкі друк на Захадзе ў 1950–1980-я гады выходзіў больш стабільна і пэрыядычна. Тут можна згадаць, зноў жа, часопісы “Божым шляхам” і “Зьніч”.
Скобла: “У даваеннай Вільні шырока выкарыстоўваліся два альфабэты – кірылічны і лацінка. Ці працягвалася гэткая практыка на эміграцыі?”
Гарбінскі: “І на эміграцыі першапачаткова поруч з кірылічным альфабэтам выкарыстоўвалася лацінка. Але пасьля Другой усясьветнай вайны яна ня мела шырокага распаўсюду. Бо толькі кірыліца, як прыгадвае доктар Вітаўт Кіпель, паваеннай эміграцыяй успрымалася як “свой шрыфт”. Што да выданьняў з лацінічным шрыфтам, то іх выдавалі пераважна каталіцкія сьвятары і сьвецкія дзеячы. Многія зь іх лічылі, што дзякуючы лацінцы ўдасца паразумецца са старой беларускай эміграцыяй, вярнуць яе ў беларускі незалежніцкі рух. Але так ня сталася”.
Скобла: “Вашая манаграфія ўлучае ў сябе і 14 гадоў незалежнасьці Беларусі. Як бы вы ахарактарызавалі гэты пэрыяд у гісторыі выдавецкай справы на Захадзе? Ці зьявіліся, скажам, за апошнія 20 гадоў новыя выданьні на Захадзе?”
Гарбінскі: “Са сьвецкіх пэрыёдыкаў, якія выйшлі пасьля 1991 году, адзначу цікавы, хоць шмат у чым контравэрсійны часопіс “Полацак”, які ў Кліўлендзе выдаваў Міхась Белямук. З рэлігійных выданьняў варта прыгадаць пэрыёдык “Навіны з роднае сьвятыні”, які заініцыяваў і выдае Барыс Данілюк. Дарэчы, ён пасьля распаду Савецкага Саюзу стараўся прыцягнуць да супрацоўніцтва ў часопісе “Царкоўны пасланец” і аўтараў з Беларусі. На жаль, гэтыя стараньні не прынесьлі вялікіх вынікаў. У Лёндане пры падтрымцы айца Аляксандра Надсана беларуская моладзевая грамада ў 2000–2006 гадах выдавала пэрыёдык “Наша місія”. Вось, бадай, і ўсё. За апошнія 15–20 гадоў заўважаецца значнае зьмяншэньне колькасьці беларускіх выданьняў – адны спыняюць сваё існаваньне, паасобныя пераходзяць на ангельскую мову. І гэта трэба ўважаць за непазьбежны ды аб’ектыўны працэс.
Скобла: “У менскіх бібліятэках, нават у найбуйнейшых – Акадэмічнай і Нацыянальнай – няпоўныя камплекты эмігранцкіх пэрыёдыкаў. Ці ёсьць нейкая бібліятэка на сьвеце, дзе з гэтым поўны парадак?”
Гарбінскі: “Так, ёсьць – гэта Нью-Ёркская публічная бібліятэка. Там знаходзіцца найбольш камплектны на сёньня збор эміграцыйнага беларускага друку, што ўваходзіць у калекцыю беларускіх друкаў Зоры й Вітаўта Кіпеляў. Яна, дарэчы, старанна зьбіралася звыш 30-ці гадоў. Мая праца якраз і абапіраецца на гэтую Кіпелеўскую калекцыю”.
Скобла: “І апошняе пытаньне. У вашай манаграфіі – 900 старонак унікальнай інфармацыі, сотні рэдкіх ілюстрацый. Абсяг працы выкананы калясальны. Якія інстытуцыі дапамагалі вам у вашай працы?”
Гарбінскі: “Пры падрыхтоўцы гэтай працы мне дапамагалі як інстытуцыі, так і канкрэтныя асобы. З інстытуцыяў, у першую чаргу, назаву Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Дарэчы, БІНІМ быў базавай установай, дзе мая кніга рыхтавалася, абмяркоўвалася і выдавалася. А сам выдавецкі праект быў зьвязаны яшчэ з дзьвюма навуковымі ўстановамі – Інстытутам славістыкі Польскай Акадэміі навук і кафедрай беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Ня менш важную дапамогу аказалі мне ўлады Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і беларускіх праваслаўных парафіяў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага Патрыярхату, якія дазволілі максымальна выкарыстаць царкоўныя архівы. Паспрыялі таксама Фундацыя Пётры Крэчэўскага ў Нью- Ёрку і дзеячы БЦР у Саўт-Рывэры, дазволіўшы скарыстаць зь іх архіўных збораў. Ну і, бясспрэчна, Славянска-Балцкі аддзел Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі, дзе здэпанаваная згаданая калекцыя Зоры й Вітаўта Кіпеляў, у тым ліку эміграцыйная пэрыёдыка.
Акрамя інстытуцыяў вялікую дапамогу пры падрыхтоўцы манаграфіі аказалі таксама і канкрэтныя асобы. Гэта перадусім супрацоўнікі БІНІМу – доктар Вітаўт Кіпель, доктар Янка Запруднік і доктар Лявон Юрэвіч”.