Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмія імя Міколы Ганька – для дасьледчыкаў эміграцыі


Вольга Іпатава атрымала прэмію імя Міколы Ганька. Уручае ўдава Міколы Ганька Марыя Ганько
Вольга Іпатава атрымала прэмію імя Міколы Ганька. Уручае ўдава Міколы Ганька Марыя Ганько

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 28 чэрвеня.

Першым ляўрэатам Літаратурнай прэміі імя Міколы Ганька (1924–1999) – колішняга кіраўніка Аб’яднаньня беларусаў Канады, старшыні парафіяльнай рады царквы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта – стала пісьменьніца і грамадзкая дзяячка Вольга Іпатава. Цягам апошняга году яна жыла ў Канадзе, падрыхтавала да друку некалькі кніг пра беларускую эміграцыю ў гэтай краіне. Дыплём ляўрэата 7 чэрвеня ўручыла пісьменьніцы ўдава Міколы Ганька Марыя Ганько.

Міхась Скобла:
“Спадарыня Вольга, на жаль, імя Міколы Ганька малавядомае ў Беларусі. Раскажыце пра чалавека, імя якога носіць новая прэмія”.

Вольга Іпатава: “Калі Мікола Ганько 16 траўня 1999 году памёр, газэта “Беларус” напісала, што памёр выдатны беларус. І слова “выдатны” ў дадзеным выпадку – не перабольшваньне, не даніна, якую аддаюць чалавеку пасьля сьмерці, а сапраўдная ацэнка ягонай працы. Хоць працаваў ён у Канадзе сьціплым майстрам па будове дарог, і многія дарогі ў гэтай краіне пабудаваныя з ягоным удзелам, ягоным потам, але прысьвяціў сябе Мікола Ганько найперш беларускай справе. Ён нарадзіўся на хутары Калядзіна пад Маладзечна (цяпер гэтая мясьціна ў межах гораду). Ягоны брат, Міхась Ганько, ачольваў падчас Другой усясьветнай вайны Саюз беларускай моладзі, быў вымушаны эміграваць. На чужыну мусіў падацца і Мікола. У Зальцбургу ён пачаў з таго, што прадоўжыў справу свайго брата, які быў яшчэ і паэтам, пісаў дзёньнік. Мікола Ганько таксама пачаў пісаць і выдаваць газэту “Старонкі з беларускага жыцьця”. Рабіў ён гэта з выдатнымі людзьмі, выдатнымі беларусамі – паэтамі Алесем Салаўём, Уладзімерам Дудзіцкім, Аляксеем Грыцуком – магістрам Варшаўскага ўнівэрсытэту, чалавекам, які ў час вайны адкрыў больш за 80 беларускіх школак Беласточчыне. Пасьля шмат гадоў Мікола Ганько быў старшынём Згуртаваньня беларусаў Канады, узначальваў парафіяльную раду імя Кірылы Тураўскага, шмат пісаў у жанры публіцыстыкі. Яшчэ дадам, што ў 1993 годзе ён прыяжджаў у Беларусь і прывёз лекаў і мэдыцынскага абсталяваньня на некалькі мільёнаў даляраў – для лекаваньня хворых дзяцей. Ужо адно гэта заслугоўвае вялікай павагі”.

Скобла: “Хто, за што і пры якіх умовах можа атрымаць прэмію імя Ганька? Скажам, ці павінен пісьменьнік пісаць толькі па-беларуску, ці мова тут ня мае значэньня?”

Іпатава: “Якраз мова і мае першаступеннае значэньне. Твор мае быць напісаны абавязкова па-беларуску, а ўсё астатняе – без абмежаваньняў: грамадзянства, узрост, прафэсіянал ці пачатковец. Літаратурная прэмія будзе прысуджацца раз на год у траўні, бо так сталася, што акурат у гэтым месяцы Мікола Ганько нарадзіўся і памёр. Сёлета якраз адзначалі 85-годзьдзе з дня нараджэньня і дзесяцігодзьдзе з дня ягонай сьмерці. Створаная адмысловая камісія, ёсьць і статут гэтай прэміі. Для будучых ляўрэатаў скажу, што, на маю думку, перавага будзе аддавацца публіцыстычным артыкулам, эсэ на тэму эміграцыі. Могуць удзельнічаць у конкурсе і вершы, і раманы. Пра эміграцыю ў нас напісана вельмі мала, таму прэмія мусіць стымуляваць гэтую працу”.

Скобла: “Які канкрэтна з вашых твораў быў адзначаны? І ці адыграла тут пэўную ролю ваша актыўная грамадзкая дзейнасьць?”

Іпатава: “Відаць, грамадзкая дзейнасьць таксама адыграла сваю ролю, але яшчэ і тое, што я была складальніцай кнігі Марыі Ганько “Каб сьведчылі пра Беларусь”. Яна выйшла ў 2005 годзе ў сэрыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” і, па-мойму, атрымалася. Самае важнае ў ёй – гэта біяграфіі нашых эмігрантаў, аповед пра тое, як яны сапраўды сьведчылі там, у далёкай краіне, пра Беларусь. Ва ўспамінах Міхала Дубянецкага, апублікаваных у “Дзеяслове”, прыгадваецца такі момант. Яны сустракаюцца з Іванам Шамякіным, які ў той час узначальваў “Беларускую савецкую энцыкляпедыю”, і той кажа, што артыкул пра “Тутэйшыя” Янкі Купалы ён усё-такі прапусьціў, хоць і з нэгатыўным сэнсам, бо іначай – “падыме буру беларуская эміграцыя”. Сапраўды, у той час з эміграцыяй лічыліся нашмат болей, чым цяпер. Напрыклад, на міжнароднай выставе “Экспа-67” у Манрэалі, калі выйшаў Грамыка і пачаў гаварыць пра дасягненьні савецкай улады, Кастусь Акула кінуў з трыбуны жмут лістовак, у якіх гаварылася, што ўсё гэта няпраўда, што ў СССР ідзе страшэнная русіфікацыя. Гэта мела вельмі вялікі розгалас. Савецкая ўлада баялася такіх рэчаў. Сучасная беларуская ўлада, на мой погляд, не баіцца нікога і нічога”.

Скобла: “У суседняй Расеі сёньня існуе каля 200 самых розных літаратурных прэмій. У Беларусі сытуацыя з прэміямі куды больш сьціплая. А наколькі важна для творцы – прэміяваны ён ці не?”

Іпатава: “Усё тое, што даецца за тваю працу, – заахвочвае, уздымае твой творчы настрой, паколькі твая праца запатрабаваная. Калі я працавала над кнігамі пра эміграцыю, а гэта была найперш нязвыклая для мяне праца дасьледчыка, я ўспамінала сваё юнацтва, калі чытала многія забароненыя творы, якія мне даваў нястомны Аляксей Карпюк. Прычым, яны даваліся на ноч, на дзьве, і каб нікому не паказваць”.

Скобла: “У якія гады Карпюк быў распаўсюднікам забароненай літаратуры?”

Іпатава: “У 1960-я, калі я працавала ў Горадні на тэлебачаньні. І гэта было сапраўды вельмі небясьпечна. Карпюк заўсёды папярэджваў, каб крый Божа ніхто ня бачыў. Я прасіла на дзьве ночы, каб даць пачытаць яшчэ каму. Але ўсё роўна пра эміграцыю ведалі вельмі мала, і сёньня ведаюць мала, яе роля, на мой погляд, недаацэненая. Мікола Ганько, ужо сьмяротна хворы, калі пачаўся наступ на “Нашу ніву”, пісаў міністру замежных спраў Беларусі, што савецкі правапіс – гэта спроба зьнішчыць беларускую культуру, беларускую этнічнасьць і незалежнасьць”.

Скобла: “Я памятаю, як Ніну Мацяш на самым уладным версе выкрасьлілі са сьпісу кандыдатаў на Дзяржаўную прэмію. Яна пра гэты факт і гаварыць не хацела. Сёлета, пасьля доўгага перапынку, была нарэшце вызначаная Дзяржпрэмія па літаратуры. Ляўрэатам стаў паэт Міхась Башлакоў. Як вы лічыце, гэты факт сьведчыць пра вяртаньне беларускай літаратуры ў сфэру зацікаўленьня ўладаў?”

Вольга Іпатава: “Безумоўна, дзяржаўныя прэміі – гэта акты палітычныя. І сёньня даводзіцца прызнаць, што беларуская літаратура ігнаруецца ўладай. Не хачу нічога кепскага гаварыць пра Міхася Башлакова, але яго кнігі – далёка ня лепшае, што зьявілася ў нашай паэзіі і прозе за апошнія гады. Тым, хто не ўваходзіць у прыўладны саюз, не даводзіцца думаць пра прэміі. Прыгадваецца, што ў савецкія часы, пры ўсёй заангажаванасьці прэмій, калі таксама ўлічваліся пэўныя палітычныя фактары, ляяльнасьць-неляяльнасьць, усё ж бяздарнаму пісьменьніку Дзяржаўную прэмію даць не маглі”.

Скобла: “А ці ня ёсьць тая ці іншая прэмія ў вачах самога пісьменьніка кампэнсацыяй чытацкага прызнаньня, чытацкай увагі? Чытачоў меншае, наклады падаюць, у многіх творцаў узьнікае адчуваньне сваёй непатрэбнасьці. А тут – знак увагі, прэмія…”

Іпатава: “У вашых словах ёсьць пэўная рацыя. Але ніякая прэмія не заменіць пісьменьніку чытачоў. Мне таксама было вельмі важна атрымаць прэмію часопіса “Дзеяслоў” – лепшага на сёньня літаратурнага часопіса. Важна ведаць, што зробленае табой сёньня запатрабаванае. Думаю, што ўсе тыя выдатныя творы, якія сёньня не адзначаныя прэміямі, усё ж ня згінуць у віхуры дзён і дзесяцігодзьдзяў, іх яшчэ прыгадаюць у па-сапраўднаму сувэрэннай Беларусі”.

Скобла: “Пасьля вашага ад’езду летась у Канаду па Менску пайшлі чуткі, што вы эмігравалі, што папрасілі за мяжой палітычнага прытулку… Як вы ўвогуле ставіцеся да доўгатрывалых ад’ездаў нашых творцаў у другія краіны?”

Іпатава: “У нас усё яшчэ савецкі падыход. Калі пісьменьнік некуды зьяжджае, то гэта адразу зьвязваецца з палітычнай эміграцыяй. У такіх выпадках я прыгадваю Хэмінгуэя, які жыў на Кубе, і яму там добра пісалася. І беларускія пісьменьнікі час ад часу зьяжджаюць. Гадамі жыве за мяжой Сьвятлана Алексіевіч, Алесь Разанаў толькі нядаўна вярнуўся. Альгерд Бахарэвіч жыве ў Нямеччыне. Але гэта ня значыць, што яны эмігравалі, пакінулі Беларусь. Калі пісьменьнік часова зьяжджае, ня трэба да гэтага ставіцца, як у савецкі час. Мы ўсе, калі ёсьць такая магчымасьць, павінны паглядзець другі сьвет, каб пераканацца, што Беларусь – лепшая ў сьвеце зямля. Калі ў мяне зноў зьявіцца магчымасьць паехаць і пажыць недзе – чаму ж яе ня выкарыстаць? Але Беларусь – мая краіна назаўсёды”.

Скобла: “Калісьці славуты нямецкі пісьменьнік Гайнрых Бёль выказаўся ў тым сэнсе, што рабочы стол пісьменьніка павінен стаяць як мага далей ад радзімы. Ці пісалася вам у Канадзе?”

Іпатава: “Якраз у Канадзе мне не пісалася, хоць шмат думалася над будучымі творамі. Я працягваю сэрыю гістарычных раманаў пра эпоху Ягайлы і, прызнаюся, мне хацелася напісаць раман пра Соф’ю Гальшанскую. І вось акурат у Канадзе я пра яго думала. Але нешта мне замінала – і я перадумала. Можа быць, гэты раман не павінен зьявіцца ў такім выглядзе, у якім я яго задумала напачатку, павінна акрэсьліцца нешта іншае. Не атрымліваецца ў мяне з Соф’і Гальшанскай патрыёткі нашай зямлі. Калі ёсьць нейкія зьнешнія перашкоды, то гэта знак творцу – ці варта пра гэта пісаць, і як пісаць”.

Скобла: “Жывучы ў Канадзе вы, напэўна ж, сачылі за падзеямі ў Беларусі. Якія зь іх вас уразілі, парадавалі, засмуцілі?”

Іпатава: “Мяне ўразіла, што на пахаваньне Ніны Мацяш, сьмерць якое я перажыла як асабістую страту, прыйшло так шмат народу. Сёньняшняя наша палітычная эліта недаацэньвае ролю пісьменьнікаў у жыцьці Беларусі. Мне хацелася б працытаваць словы Міколы Ганька – што яго вяло па жыцьці? Калі находзіла дэпрэсія, ён звычайна браў творы Янкі Купалы або “Сымона-музыку” Якуба Коласа і чытаў. Вось што ён пісаў у сваім дзёньніку: “Гэта была мая маральная апора, з якой я браў сілы для далейшага жыцьця. Уся філязофія беларускай справы ёсьць у творах беларускіх пісьменьнікаў”. І дзе б ён ні быў, ён заўсёды вазіў з сабою ў чамаданчыку кнігу “Сымон-музыка”, якая цяпер захоўваецца як сямейная рэліквія ў хаце Ганькоў. Беларуская літаратура не павінна апускаць крылы, і пісьменьніка не павінен ахопліваць адчай, калі яму здаецца, што яго цяпер ніхто не чытае. Будуць чытаць у будучым, але, на шчасьце, чытаюць і сёньня”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG