“Расея можа зьменшыць пастаўкі нафты ў Беларусь”

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што незадаволены працай нафтаперапрацоўчай галіны. Ён даручыў ураду знайсьці больш выгадныя варыянты паставак нафты і продажу нафтапрадуктаў. Таксама ён паабяцаў найбліжэйшым часам перагледзець сьпіс расейскіх кампаній, якія пастаўляюць нафту ў Беларусь.

А сёньня падчас сустрэчы з кіраўніком адміністрацыі Растоўскай вобласьці Расеі Ўладзімерам Чубам выказаў гатоўнасьць прадаць праз тры гады расейцам беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Чаму апошнімі днямі А.Лукашэнка аддае шмат увагі гэтай галіне? Пра гэта гутарка з эканамістам Леанідам Злотнікавым.

Дашчынскі: “Адмыслоўцы з іроніяй адзначаюць, што асноўнае “дасягненьне” беларускай эканомікі — нафтавы афшор, створаны за кошт паставак расейскай нафты па льготных цэнах — становіцца ўсё менш прыбытковым для бюджэту. Што непакоіць кіраўніка краіны?”

Злотнікаў: “Гандаль нафтапрадуктамі зьяўляецца, як і раней, адной з галоўных крыніцаў паступленьня валюты ў Беларусь і сёньня. Зараз Расея пастаўляе нам нафты ў тры разы больш, чым трэба самой Беларусі. А дзьве траціны гэтай нафты ідзе на перапрацоўку і на продаж нафтапрадуктаў за мяжу, на заробкі Беларусі. У будучыні магчыма скарачэньне паставак расейскай нафты ў Беларусь. Бо здабыча нафты ў самой Расеі зьмяншаецца. І гэтае скарачэньне можа быць выклікана і палітычнымі ўмовамі. Мабыць, таму Лукашэнка зьвяртае такую ўвагу на пастаўкі нафты не з расейскіх крыніцаў.

З-за паніжэньня цэнаў зьменшылася эфэктыўнасьць гандлю нафтапрадуктамі на зьнешнім рынку. Па другое, у гэтых умовах меншая глыбіня перапрацоўкі нафты на беларускіх нафтазаводах таксама адмоўна паўплывала на гэтую эфэктыўнасьць. І таксама адмоўна паўплывала павелічэньне таго працэнту, які Беларусь пералічвае Расеі з экспартнага мыта на нафтапрадукты”.

Дашчынскі: “Нагадаем, што Расея пачала будаўніцтва нафтаправоду БТС-2 у абыход Беларусі. Але вы кажаце, што скарачэньне паставак нафты можа быць выклікана і палітычнымі матывамі. Спадзяемся, што да нафтавай вайны ня дойдзе”.

Злотнікаў:
“Ня тое што вайна. Здабыча нафты скарачаецца. Гэта вельмі важны фактар, калі Расея скажа: так, мы вам абяцалі даваць нафту і выконваем свае абяцаньні. Але мы вам даём нафты столькі, колькі вам самім патрэбна. І мы не абяцалі вам даваць больш нафты, чым вы самі спажываеце”.

Дашчынскі: “Са словаў А.Лукашэнкі вынікае, што расейскім кампаніям становіцца менш выгадным пастаўляць нафту ў Беларусь. Ва ўсякім разе, некаторыя зь іх у асобныя месяцы не выбіраюць узгодненыя раней квоты па пастаўках на беларускія заводы”.

Злотнікаў: “Цэны на нафту і нафтапрадукты зьменшыліся. Мабыць, гэта страціла сэнс для нейкіх расейскіх пастаўшчыкоў нафты. На Захадзе, да прыкладу, з адной тоны нафты атрымоўваюць каля 90% сьветлых нафтапрадуктаў. А ў Беларусі — каля 65—70%. Таму эканамічная эфэктыўнасьць нафтаперапрацоўкі зьмяншаецца, патрэбны новыя тэхналёгіі. Таксама якасьць нафтапрадуктаў, якія вырабляюцца ў Беларусі, пераважна ніжэйшая. У беларускіх нафтапрадуктах больш серы, іншых пабочных прадуктаў, і гэта зьмяншае кошт нашых тавараў”.

Дашчынскі:
“А.Лукашэнка прызнаўся, што гаворка аб прыватызацыі нафтаперапрацоўчых заводаў ішла з расейскімі кампаніямі. Маўляў, праз тры гады можна разгледзець магчымасьць продажу”.

Злотнікаў: “Ён ужо абяцае гэта пяць-сем гадоў. Столькі разоў ён абвяшчаў, што будзе прыватызаваць нафтазаводы на карысьць нафтаздабыўных кампаній. Расейскія кампаніі, відаць, ужо і ня вераць у абяцаньні. Яны былі зацікаўленыя раней. Бо ў Расеі не хапае магутнасьцяў па нафтаперапрацоўцы. Што тычыцца Полацкага заводу, дык там трэба ўкласьці і добрыя грошы, каб давесьці тэхналёгію да сучасных. У іх ёсьць такая палітыка вэртыкальнай інтэграцыі. Гэта азначае, што нафтаздабыўныя кампаніі ствараюць і свае нафтазаводы, каб прадаваць ня нафту, а гатовыя нафтапрадукты. Інтарэс у гэтым у іх быў і, напэўна, ёсьць. Але ж пасьля шматгадовых абяцаньняў і невыкананьня гэтых абяцаньняў яны ўжо, відаць, і ня вераць, што можа быць такая прыватызацыя на іх карысьць”.