Прадстаўніца эўракамісара Бэніты Фэрэра-Вальднэр Хрысьціна Гохман пацьвердзіла журналістам, што “Беларусь накіравала ўчора ў Брусэль просьбу аб аказаньні фінансавай дапамогі”, якую Эўракамісія ”будзе разглядаць вельмі ўважліва і дасьць адказ найбліжэйшым часам”.
Хрысьціна Гохман, аднак, адмовілася даць больш падрабязную інфармацыю як пра суму, так і пра мэту дапамогі, якой папрасіў афіцыйны Менск, падае брытанская Guardian.
Напярэдадні ў Менску эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што ЭЗ гатовы забясьпечыць Беларусь фінансавымі сродкамі ды іншай дапамогай, калі яе ўлады будуць надалей прасоўвацца ў кірунку ўмацаваньня дэмакратыі.
Сёньня міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец падчас перапынку ў паседжаньнях Палаты прадстаўнікоўзрабіў заяву журналістам. Ён сказаў: “Мы ўжо накіравалі [Эўразьвязу] зварот [аб дапамозе] і цяпер чакаем адпаведнай рэакцыі. Думаю, што яна можа быць у найбліжэйшы час”.